28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алігарх Тапузідзіс пабудаваў рэзідэнцыю ў ахоўнай зоне Нарачы

37

На 90 сотках элітнай зямлі замест аздараўленчага комплексу з'явілася рэзідэнцыя алігарха.

Нарачанскі край - адно з самых маляўнічых месцаў у Беларусі. Штогод сюды прыязджаюць на адпачынак тысячы людзей. Турыстычны патэнцыял найбуйнейшага возера краіны дагэтуль не вычарпаны.

Улады ўзяліся за Нарач яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, калі была прынятая Дзяржаўная праграма экалагічнага аздараўлення возера на 2005-2008 гады. Пасля яе заканчэння і частковага выканання быў сфармуляваны чарговы дакумент - Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады. Яе рэалізацыю ацанілі ў $140 мільёнаў, піша «Наша Нiва».

Дзве траціны ад гэтай сумы вылучалася з бюджэту, рэшту павінны былі дакласці прыватнікі. Напрыклад, кампанія «Лект» бізнэсоўца Андрэя Балабіна (яму належыць сетка крам тэхнікі «Пяты элемент») збіралася будаваць турыстычны комплекс у пасёлку Нарач, брокерскае аддзяленне «Атлант-М» - базу адпачынку на возеры Вялікія Швакшты.

А вось надзел пад забаўляльны водны цэнтр аддалі «Тытунь-Інвесту». У ліпені 2010 года Лукашэнка прыязджаў на Нарач, каб агледзець пляцоўку пад аб'ект. Для заснавальніка кампаніі, мільянера Паўла Тапузідзіса была арганізаваная сустрэча з дыктатарам. Бізнэсовец паказаў яму макет будучага воднага цэнтра.

Што было ў тым праекце? «Тут плануецца пабудаваць гасцявыя домікі (кожны на чатыры сям'і) у стылі XIX стагоддзя, а таксама стварыць цэнтр дайвінга, аэраклуб», - пісала аб выніках сустрэчы БелТА. «Гэта менавіта тое, што трэба для адпачынку людзям», - падсумаваў тады Лукашэнка і прызнаўся, што сам з задавальненнем адпачыў бы ў такім месцы.

У выніку ў праект развіцця Нарачы на 2011-2015 гады запісалі, што «Тытунь-Інвест» пабудуе гатэль і забаўляльны водны цэнтр агульным коштам мільёны даляраў.

Час ішоў, а ніякай інфармацыі аб ходзе будаўніцтва не было. А вось чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра актыўнасць "Тытунь-Інвест» у нарачанскім краі.

«Там час ад часу лётаюць на белым гелікоптэры, катаюць па возеры віскатлівых дзевак на банане за катэрам і перыядычна зліваюць памыі ў возера, ад чаго смурод даходзіць аж да суседняй вёскі. Пры гэтым, «прыватызаваўшы» здаравенны кавалак узбярэжжа ў Нарачанскім запаведніку», - скардзіліся людзі.

Няўжо водны цэнтр ужо адкрыўся? У кампаніі «Тытунь-інвест» доўга нават не маглі зразумець, пра які аб'ект ідзе гаворка. Як высветлілася, Павел Тапузідзіс так і не пачаў будаўніцтва, пра якое абяцаў Лукашэнка. Мясцовыя ўлады чакалі год за годам, але дарма. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Леанід Берняковіч патлумачыў, што ў гэтым годзе вясной надзел быў адабраны ў інвестара.

Тады дзе ж мільянер «лётае на белым гелікоптэры»?

Калі Тапузідзіс запісваўся ў інвестыцыйную праграму Нарачы, ён ужо быў у фаварытах у мядзельскага кіраўніцтва. За год да сустрэчы з Лукашэнкам на курорце бізнэсовец атрымаў зямлю на возеры Мядзел, суседнім з Нараччу. На гэтых 90 сотках каля вёскі Валочак «Тытунь-Інвест» сабраўся будаваць аздараўленчы комплекс. Зямля дасталася на самым беразе - частка ў прыбярэжнай паласе, астатняе ў водаахоўнай зоне.

Колькі каштаваў Тапузідзісу гэты надзел?

Магчыма, у дакументы Нацыянальнага кадастравага агенцтва закралася прыкрая памылка друку, пакуль што там пазначана, што «Тытунь-Інвест» штогод плаціць за зямлю «,87 USD». Менавіта так, з коскі ў пачатку. Альбо там 0 у пачатку, альбо нешта іншае.

Тэрмін арэнды склаў традыцыйныя 99 гадоў.

Турысту патрапіць на таямнічую тэрыторыю немагчыма. Гравійкай да Тапузідзіса вядзе ад трасы Р27 «Мядзел-Браслаў». Збоку застаецца возера Рудакова з базай адпачынку, якую дарэмна спрабуе прадаць праз аўкцыён кампанія «Амкадор», пасля даводзіцца праехаць паўз вёску Валочак.

Чым бліжэй да пункта прызначэння, тым больш забаронаў. «Праезд забаронены». Потым «Уезд забаронены». І нарэшце яшчэ і «Стоп», у дадатак да шлагбаўма. Тых, хто ўсё ж прарвецца, чакае трохметровы паркан. За ім - як быццам ні душы.

Мала што могуць распавесці аб новых суседзях і жыхары вёскі. Хоць пра тое, што там пабудаваўся менавіта «Тытунь-Інвест», ведаюць усе.

Застаецца зазірнуць на закрытую тэрыторыю з паветра. На спадарожнікавым здымку відаць тры будынкі. Дарэчы, усе яны аднапавярховыя. Гасцей сустракае корпус для аховы і іншага персаналу. Следам за імі два жылыя будынкі, а таксама альтанкі.

Уявіць, што гэта напраду аздараўленчы комплекс, складана, хоць абодва будынкі і аформленыя «для лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных мэтаў». Меншага з іх (на спадарожнікавым фота злева) наўрад ці хапіла б пад працэдурныя кабінеты, плошчай ён як трохпакаёвая кватэра. Ды і большы дом разлічаны хутчэй на вялікую сям'ю, чым на плынь адпачывальнікаў. Інфармацыі аб базе няма ні ў спісах турыстычных аб'ектаў, ні сярод медыцынскіх устаноў.

***

Павел Тапузідзіс у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі займае 4-е месца.

Нарадзіўся 12 верасня 1956. Мае грэцкія карані, дзяцінства правёў у Грузіі. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў для выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Яго «Тытунь-Інвест» - адзіная прыватная кампанія на цыгарэтным рынку. Бізнэс асаблівы, пастанова аб тым, каб аддаць яго Тапузідзісу было прынятая на вышэйшым узроўні.

Другі галоўны бізнэс - сетка гіпермаркетаў «Карона», ёсць у Менску, Бабруйску, Барысаве, Берасці і Віцебску і Салігорску. У склад гандлёвых цэнтраў уваходзяць крамы тэхнікі «Карона-Тэхна» і крамы адзення «Модны Мол».

Гандлёвы-забаўляльны цэнтр «Замок», які знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці, - найбольшы ў краіне, на яго верхнім паверсе нават адкрытая лядовая арэна.

На беразе Заслаўскага вадасховішча адкрыў элітны «Робінсан Клаб» - гатэль, рэстарацыю, клуб і спа-цэнтр. Наведвальнікам прапануюць прагулкі на гелікоптэры.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Павел Тапузідзіс быў старшынём камісіі на адным з менскіх выбарчых участкаў.

Жонка Ірына ўзначальвае дабрачынны фонд «Крыніца дабрыні».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках