6 траўня 2024, панядзелак, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Я выйшаў на Марш адзінства разам з Алегам Бябеніным

24
Андрэй Саннікаў: Я выйшаў на Марш адзінства разам з Алегам Бябеніным

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» ўзяў удзел у Маршы адзінства, які прайшоў 11 студзеня ў Парыжы.

На акцыю ў памяць пра ахвяр нападаў, якія адбыліся ў Францыі 7-9 студзеня, выйшлі паўтары мільёны чалавек, у тым ліку прэзідэнты краін Еўразвязу. Удзел у акцыі ўзяў таксама лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

Палітык адказаў на пытанні charter97.org праз тэлефон з Парыжа.

- Андрэй Алегавіч, чаму Вы наважылі асабіста ўдзельнічаць у Маршы адзінства ў Парыжы?

- Ёсць некалькі прычын. Гэта еўрапейская акцыя пратэсту супраць гвалту, супраць тэрарызму, за свабоду не толькі слова, але і за свабоду грамадзян і дзяржаў. Я заўсёды прасіў выяўляць салідарнасць са змагарамі за свабоду ў Беларусі. Мы таксама павінны выяўляць салідарнасць, калі адбываюцца трагедыі такога маштабу ў іншых краінах.

- Як Вы ацэньваеце ўзровень салідарнасці французскага грамадства?

- Гэта проста дзіўнае відовішча - такая колькасць людзей. Я разам з сябрам Леанідам Навіцкім, чальцом маёй каманды. Гэта таксама прыемна, што каманда не губляецца, мы пільнуемся адзін аднаго і баронім тыя ж самыя прынцыпы і вартасці.

Адбываецца спрэс грандыёзная маніфэстацыя. Мы былі ў самай гушчы, на чале калоны. Паўсюль спяваюць «Марсэльезу», вельмі шмат французскіх сцягоў, сцягоў іншых краін, у тым ліку мусульманскія.

Адчуваецца яднанне людзей. Нягледзячы на такую вялізную колькасць народу, наогул няма штурханіны. Калі раптам хтосьці выпадкова цябе закране, то абавязкова ўсміхнецца, перапросіць. Людзі згуртаваліся супраць гвалту, супраць варварства і сярэднявечча.

- Ацэньваючы парыжскую трагедыю, некаторыя называлі гэта канфліктам на рэлігійнай глебе, некаторыя - сутыкненнем цывілізацый, некаторыя - канцом мультыкультуралізму Еўропы. Што адбылося, на Ваш погляд?

- Ды мяне наогул не цікавіць ацэнка прычыны. Тое, што ўжылі зброю супраць алоўка, тое, што забілі журналістаў - гэта трагедыя. Калі б у нас так рэагавалі на забойствы журналістаў, даўно была б іншая краіна.

У барацьбе за свабоду журналістыка - самая патрэбная сёння прафесія. І самая ўразлівая, як паказваюць падзеі не толькі ў Парыжы, але і ў Беларусі. Таму я сёння тут яшчэ і разам з Алегам Бябеніным (заснавальнік сайта charter97.org - заўв.рэд.), які быў забіты напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Гэта таксама была адна з прычын, з якой я прыехаў у Парыж.

- Што наогул адбываецца з светам? Расея вядзе вайну, у Еўропе расце колькасць праварадыкальных арганізацый, адбываюцца такія жахлівыя тэракты...

- Здушэнне свабоды і напады на свабоду, ужыванне гвалту - з'явы аднаго парадку - няхай гэта будзе забойствы журналістаў у Францыі, дыктатура ў Беларусі ці крамлёўская агрэсія ва Украіне. Таму цяпер мы жывем у сапраўды вельмі складаны час для дэмакратыі, свабоды і ўсіх вартасцяў, на якіх мы хочам будаваць сваё жыццё.

Таму гэтая парыжская маніфестацыя вельмі важная. Я спадзяюся, што яе дух не знікне і не распусціцца. Таму што не разумець, што ў Беларусі адбываюцца тыя ж забойства грамадзян, якія адбыліся ў Парыжы, значыць, не прызнаваць выклікі сучаснага свету і наступ на ліберальныя свабоды і вартасці.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках