28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людміла Уліцкая: Расейская дзяржава падпісала сабе гістарычны прысуд

4
Людміла Уліцкая: Расейская дзяржава падпісала сабе гістарычны прысуд

2014 стаў для Расеі годам радыкальных змен.

Для шмат каго гэты год пачынаўся пэўнымі надзеямі на лібералізацыю перад Алімпіядай у Сочах, аднак рэакцыя Масквы на перамогу Майдана ў Кіеве, падзеі ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны прычыніліся да значнага ўзмацнення жорсткасці ва ўнутранай палітыцы, канфрантацыі з Захадам, эканамічнага крызісу.

Змяніліся і настроі. Пісьменніца Людміла Ўліцкая, сведка і дзейная асоба пратэстных акцый трохгадовай даўніны ў Маскве, тагачаснага росту грамадзянскай чыннасці, цяпер у інтэрв'ю "Радыё Свабода" кажа пра тое, як памяняліся ейныя адчуванні, і пра тое, што цяперашнія ўлады варожыя культуры, а гэта згубна для самой дзяржавы:

- Было адчуванне, што можна паўплываць і можна нешта змяніць. Такое адчуванне вісела ў паветры. Яно, вядома, было вельмі вясёлкавым. Мабыць, сёння мы з гэтай фазы выйшлі. Неяк значна больш сціснутае паветра. Я думаю, што ўсё гэта такія сінусоіды - сёння горш, заўтра будзе лепей, можа быць. Калісьці адчуванне бывае, што мы нешта можам, часам узнікае такое пачуццё, што цяпер нічога нельга зрабіць. Цяпер, напэўна, менш можна зрабіць, чым тры гады таму. Але я выхаваная такім чынам, асабліва за апошнія дзесяцігоддзі, што мы павінны прымаць рэчаіснасць без вялікіх нутраных эмацыйных дапасаванняў да яе. Яна ёсць такая, мы ёсць такія. Грунтуючыся на гэтым, я і рэагую або, прынамсі, імкнуся рэагаваць на падзеі. Што можна зрабіць - я раблю для таго, каб прачысціць атмасфэру вакол сябе. Я не прэтэндую на тое, каб мяняць свет і нават большую частку свету, але некаторую частку свету, якая мне дадзеная, я стараюся ў ёй пазітыўна існаваць. Таму кожны раз, калі ўзнікае магчымасць або патрэба нейкім чынам выказацца і неяк паспрабаваць трошкі змяніць у лепшы, як мне здаецца, бок жыццё, я ад гэтага не адмаўляюся, хоць не заўсёды ў мяне бывае адчуванне, што гэта эфэктыўна.

- Расея моцна змянілася за гэты год. Краіна адступіла на шлях сацыяльнага кансэрватызму. Часта гучыць слова "патрыятызм". Улада хоча актыўна загадваць, што павінны думаць людзі.

- Я думаю, што знак быў пададзены падчас Алімпіяды (гаворка ідзе пра шоў на цырымоніі адкрыцця. - РС), калі дасягненні культуры былі звязаныя з кіраўніцтвам звонку, так бы мовіць. Усе дасягненні культуры 19-га і 20-га стагоддзяў нібы прысвойваліся дзяржавай. Напраўду ўсё ішло зусім процілеглым чынам. Таму што ўсе тыя вялікія дасягненні расейскай культуры (якія былі сапраўды вялікія) ішлі насуперак урадавым устаноўкам. Усе носьбіты гэтай культуры заўсёды былі гнаныя дзяржавай, пачынаючы ад Талстога і Дастаеўскага, ну, можа быць, у меншай ступені, скажам, гэта тычыцца Чэхава. Увесь расейскі авангард быў створаны насуперак дзяржаўным настроям. Усе культурныя дасягненні, якія сёння разглядаюцца як дасягненні Расеі, адбываліся насуперак дзяржаўнай логіцы. І таму, калі мне падаюць расейскі авангард у якасці расейскага дасягнення, так, вядома, гэта расейскае дасягненне, але ўсё адбылося насуперак дзяржаве і дзяржавай было знішчана. Гэта ж тычыцца і большасці вялікіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Большая частка іх зазнала цяжкі пераслед. Гэта датычыцца і Пастэрнака, і Салжаніцына, і шмат якіх іншых галоўных, важных, цэнтральных постацяў культуры. Таму я не магу сказаць, што культура ідзе наперад пад кіраўніцтвам партыі і ўрада. Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці.

І, наогул кажучы, сам дзяржаўны лад ёсць вынік культуры, а ніяк не культура - вынік кіравання. І сённяшнія спробы кіраваць культурай, напраўду, вядома, маюць вельмі вялікія традыцыі ў Расеі. Традыцыя, на жаль, і ў царскай Расеі, і ў Савецкай Расеі. І традыцыя гэтая цяжкая. Дзяржава хоча ўзяць у рукі культуру. Але так не бывае. Гэта прычыняецца да знявагі культуры, да знішчэння культуры. Таму што культура - не свойская жывёліна. Яна значна больш мае дачыненне да стыхіі чалавечай творчасці, да стыхіі духу, а зусім не да бюракратычнай стыхіі кіраўніцкай. І гэта ўвесь час кідаецца ў вочы.

А калі казаць пра канкрэтныя падзеі гэтага года, было мноства акцый праведзена, якія культуру выпустошваюць, абразаюць і спрабуюць яе ўбудаваць у дзяржаўны механізм і зрабіць яе прыладай для стварэння якой-небудзь адмысловай спецыфічнай ідэалогіі. Слова "патрыятызм" тут суздром не выпадковае. І строга кажучы, вядома, гэта супярэчыць у найвышэйшай ступені самой ідэі культуры. Я думаю, што мы з вамі не памылімся, калі вызначым нашу сённяшнюю дзяржава як, можа быць, унікальную і адзіную ў свеце дзяржаву, якая вырасла на грунце таемнай паліцыі. Усё ж такі сённяшняя ўлада - гэта ўлада, якая нарадзілася з сістэмы КГБ. Мы выдатна ведаем, што за савецкім часам былі дзве магутныя сілы, якія паміж сабой заўсёды канкуравалі - гэта партыя і КГБ, сакрэтная паліцыя. Яна па-рознаму называлася, тым не менш, гэта была вельмі магутная сіла. І гэтыя дзве сілы, знаходзячыся ў сталым змаганні ўнутраным, стваралі некаторы баланс. Сёння другой сілы няма. Таму што дзяржава, цалкам выплыўшы з сістэмы дзяржбяспекі, далей нясе ў сабе ўсе якасці гэтай структуры. Гэта структура, якая прагне падпарадкаваць сабе чалавека цалкам і спрэс. І трэба сказаць, што чым далей, тым больш гэта адчуваецца. І тая культура тэлевізійная, якая абрынаецца на нас з такім гукам, яна, напраўду, вядома, поўны твор гэтай самай сакрэтнай паліцыі, якая прагне авалодаць душой чалавека. Таму што, калі скончылася савецкая ўлада, то паўсталі часы акрутныя і складаныя, тым не менш, у гэта першае 20-годдзе на душу не квапіліся. Вось сёння мы відавочна ўступілі ў той час, калі замахваюцца на душу. І гэта вельмі прыкра.

- Замах на душу проста процілеглае самому панятку культуры. Ці азначае гэта, што цяперашняя расейская дзяржава процілеглая культуры?

- Вядома, яна вораг культуры. Яна прагне мець культуру абсалютна падпарадкаваную, цалкам кантраляваную. І кожнае імгненне духу свабоды ўяўляецца дзяржаве небяспечным. Дарэмна. Таму што развіццё чалавека звязана менавіта з гэтым.

- Наколькі небяспечна тое, што робіць цяперашняя расейская дзяржава? Наколькі гэта згубна для яе самой?

- Гэта, безумоўна, згубна для яе. Яна сабе падпісвае гістарычны прысуд. Таму што не будзе ніякіх добрых праектаў, таму што добрыя праекты нараджаюцца ў сітуацыі свабоды. А ўсе сённяшнія прапанаваныя праекты накіраваны назад, а не наперад. Агульны рух чалавецтва мне ўяўляецца рухам усё ж такі да свабоды, да правоў чалавека, рухам гуманным. І сённяшняя сітуацыя, вядома, антыгуманная. У канчатковым рахунку дзяржавы - гэта тое, што грамадства з сябе выпрацоўвае для сваіх патрэб. І калі дзяржава пакідае забяспечваць патрэбы грамадства, яна трапляе ў нявыкрутку. Іншая рэч, што гэтая нявыкрутка можа быць крывавай і пакутлівай, як гэта адбылося ў 1917 годзе ў Расеі, а можа быць эвалюцыйнай і больш мяккай, чаго б хацелася, вядома. У кожным выпадку, дзяржава, якая пакідае чуць запыты грамадства, асуджаная.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках