29 красавiка 2024, панядзелак, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Авіябаза Расеі ў Бабруйску - парахавая бочка для ўкраінцаў

8
Авіябаза Расеі ў Бабруйску - парахавая бочка для ўкраінцаў

Жыхары прыгранічнага Чарнігава кажуць аб новай пагрозе як для Украіны, так і для Беларусі.

На народным сходзе ў Менску людзі пратэставалі супраць размяшчэння на беларускай тэрыторыі расейскай вайсковай авіябазы, бо ўважаюць, што яна ўяўляе рэальную небяспеку для незалежнасці краіны. Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч мяркуе, што такая авіябаза накіраваная ў тым ліку супраць Украіны. Ці адчуваюць такую пагрозу жыхары суседняга з Беларуссю ўкраінскага Чарнігава? «Радыё Свабода» высветліла меркаванні жыхароў гэтага памежнага горада.

Аляксандр Ясянчук, рэгіянальны каардынатар у пытаннях самаабароны Чарнігаўскай вобласці:

- Я думаю, што гэта несяброўскі жэст з боку кіраўніцтва Беларусі ў дачыненні да Украіны. І асабліва калі мець на ўвазе падзеі, якія разгарнуліся ў нас на паўднёвым усходзе, а таксама ў Сірыі. Усякае пашырэнне вайсковай прысутнасці ў любым пункце свету выклікае пэўную занепакоенасць. І тое, што расейскія войскі, у гэтым выпадку авіяцыя, будуць знаходзіцца на поўнач ад Украіны, - гэта, мякка кажучы, насцярожвае. Узважваючы сітуацыю, бачу, што ў Беларусі ёсць здаровыя сілы - яны пратэстуюць. Мяркую, што робяць яны правільна. Сітуацыя ў рэгіёне спакойная, і няма падстаў размяшчаць расейскую вайсковую авіябазу ў Бабруйску.

Пётр Антоненка, рэдактар газеты «Світ-інфо»:

- Па-першае, пра гэта людзі пакуль мала ведаюць. У інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што ў Менску былі акцыі пратэсту. Магчыма, не толькі ў Менску. Я буду даваць у сваёй газеце, што ў вас прайшлі акцыі пратэсту. Але пра што казаць, калі ў нас частка Данбаса акупаваная расейскімі войскамі. Акрамя таго, расейскія вайсковыя базы, вайсковыя часткі стаяць уздоўж украінскай мяжы. І не толькі ў Растоўскай вобласці, але і ў Бранскай, побач з нашай Чарнігаўшчынай - там і базы, і вучэнні. Мы кожны дзень гэта назіраем. Якая можа быць яшчэ большая пагроза, калі побач з Украінай поўна расейскіх вайсковых баз? Расейскія войскі наўпрост навіслі над Украінай. І частка Данбаса, мы наўпрост гаворым, акупаваная Расеяй. У параўнанні з тым страхам, што ў нас вакол Расея навісае, яшчэ адна ці дзве базы ў Беларусі не дадаюць людзям адчування нейкай дадатковай пагрозы. Хутчэй, гэта для Беларусі можа абярнуцца непрыемнасцямі.

Таццяна Жогалка, грамадская актывістка:

- Размяшчэнне гэтай базы будзе для нас вялікай небяспекай. Ведаючы, які ў нас паўночны сусед агрэсар, які ён цынічны, подлы і нахабны, мець пад бокам такую базу для нас вельмі небяспечна. І мы будзем адчуваць сябе, як кажуць, нібы на парахавой бочцы.

Нагадаем, расейская авіябаза з'явіцца ў Бабруйску ўжо ў студзені 2016 года. На ёй будуць размяшчацца знішчальнікі Су-27, здольныя несці ядзерныя боепрыпасы.

Прадстаўнікі Мінабароны і МЗС Расеі разам са сваімі калегамі з Менска пачалі падрыхтоўку тэксту пагаднення аб расейскай авіяцыйнай базе ў Беларусі. Прынцыповых рознагалоссяў у гэтым пытанні няма. Падпісанне дакумента намячаецца на чарговай сумеснай калегіі абаронных устаноў дзвюх краін, якая пройдзе ўжо найбліжэйшымі тыднямі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках