28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алеся Яхно: Украіна будзе вяртаць Данбас паводле свайго сцэнару

1
Алеся Яхно: Украіна будзе вяртаць Данбас паводле свайго сцэнару
Алеся Яхно

Выпрацаваныя ў Парыжы гарантыі рэалізацыі мірных дамоўленасцяў разбураюць планы Крамля ў федэралізацыі Украіны.

Перамовы ў Нармандскім фармаце (Украіна, Нямеччына, Францыя, Расея), якія праходзілі 2 кастрычніка ў Парыжы, прадугледжваюць пакрокавае аднаўленне кантролю Украіны над мяжой з Расеяй і правядзенне мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей паводле ўкраінскага сцэнару.

Вынікі перамоў былі станоўча ацэненыя лідарамі Францыі і Нямеччыны, а некаторыя ўкраінскія палітыкі і экспэрты ўважаюць іх за правал расейскай стратэгіі на ўсходзе Украіны.

Аб значэнні перамоў у Парыжы для мірнага ўрэгулявання на Данбасе і палітычнай будучыні рэгіёну ў інтэрв'ю charter97.org распавяла дырэктар Інстытута нацыянальнай стратэгіі Украіны, палітолаг Алеся Яхно.

- Якія, на вашу думку, вынікі гэтых перамоў і якія яны будуць мець наступствы для аднаўлення ўкраінскай ўлады ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей?

- Я мяркую, што ў іх больш пазітыву для Украіны, чым магчымых рызык, хоць і яны, вядома ж, ёсць. Вельмі значным з'яўляецца тое, што з'явіўся такі тэрмін, як Парыжскія гарантыі Менскіх пагадненняў. Гэта азначае, што і ў іншага боку, акрамя Украіны, з'явіліся пэўныя абавязанні.

Стала зразумелым - і гэта вельмі важна - што ваенныя дзеянні далей не мае сэнсу прадаўжаць, і што яны былі не самамэтай, а сродкам шантажу, які меў на ўвазе рэалізацыю палітычнай часткі Менскіх пагадненняў менавіта ў тым варыянце, які б задавальняў самаабвешчаныя «ЛНР» ды «ДНР» і Расею. У выніку гэтага не адбылося.

Тое, што адбудзецца «замарожванне» канфлікту - і так было ўсім зразумела. Больш за тое, гэта задавальняла ўсе бакі, у тым ліку і Кіеў, бо прыняць за адзін дзень закон аб мясцовых выбарах і «адкрыць» тым самым для Украіны ўсю праблемную прастору - з ваеннымі дзеяннямі, крымінальнай «эканомікай» і 600-мі кіламетрамі некантралюемай мяжы - было б памылкай.

Але да «замарожвання» ніхто не прыступаў, бо ўсім бакам было важна, якім будзе палітычнае «размарожванне» канфлікту ў будучыні: у якой паслядоўнасці гэта будзе адбывацца і якім будзе палітычны фармат і ўзровень узаемазвязанасці асобных рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей з Кіевам і Масквой - будуць яны больш падпарадкаваныя Кіеву ці ўсё ж такі больш залежныя ад Масквы.

На маю думку, на перамовах 2 кастрычніка ў Парыжы стала зразумела, што Менскія пагадненні будуць выконвацца так, што адбудзецца палітычная рэінтэграцыя гэтых рэгіёнаў у прастору Украіны. Быў замацаваны шэраг узаемных абавязанняў і цяпер, калі нейкі пункт пагадненняў не будзе выконвацца - за гэтым адразу ж будзе рэакцыя Кіева.

Таму можна ўважаць, што Парыжскія гарантыі, у вялікай ступені, сталі поспехам для Украіны. Стала зразумела, што мары так званых «ЛНР» ды «ДНР» - ухіліцца ад выканання пункта аб кантролі Украіны над мяжой з Расеяй і атрымаць шырокую аўтаномію пры толькі фармальным знаходжанні ў складзе Украіны - не спраўдзіліся.

Калі ўзгадаць дэмарш прадстаўнікоў «ЛНР» і «ДНР» пасля прыняцця ў сакавіку гэтага года ў закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбаса двух паправак - а сам закон быў прыняты Радай яшчэ ў 2014 годзе і тады ж быў ухвалены ўсімі бакамі ў кантактнай групе аб мірных перамовах - стане зразумела, што іх непрыманне было выкліканае менавіта паслядоўнасцю ўвядзення гэтага асаблівага статусу. Папраўкі прадугледжвалі ўваходжанне ў дзеянне гэтага закона толькі пасля правядзення мясцовых выбараў, але менавіта паводле ўкраінскага заканадаўства і з захаваннем міжнародных нормаў. А яны жадалі спачатку атрымаць асаблівы статус, а выбары правесці ўжо потым, са свайго меркавання.

А на перамовах 2 кастрычніка была прынятая тая паслядоўнасць, якая ў большай ступені працуе на Кіеў: першым пунктам ідзе дэмілітарызацыя; пашыраецца місія АБСЕ, якая дапускаецца не толькі ў «буферную» зону, але і на мяжу Украіны з Расеяй, што вельмі важна; выбары будуць адбывацца паводле ўкраінскага закону з улікам патрабаванняў міжнароднага права.

Апошняе вельмі значна для Украіны: гэта той выпадак, калі сам працэс важнейшы, чым вынік. Таму што захаванне гэтых нормаў, допуск туды ўкраінскіх СМІ - само па сабе мяркуе ў значнай ступені аднаўленне кантролю над гэтым рэгіёнам. Калі там будуць прадаўжаць забіваць людзей, калі не будзе выканання ўмоў роўнага доступу да СМІ - то проста саміх выбараў не будзе.

Альбо Украіна дэ факта, падчас падрыхтоўкі выбарчага працэсу, і так аднаўляе кантроль над гэтай тэрыторыяй - альбо не будзе выбараў. І віна за гэта, паводле дамоўленасцяў, будзе ляжаць на самаабвешчаных лідарах «ЛНР» і «ДНР» ды Расеі.

Больш за тое: час цяпер працуе на Украіну. У нас ёсць яшчэ некалькі месяцаў, калі Украіна можа нічога не рабіць у дачыненні да «ЛНР» і «ДНР», калі яны будуць «абвальваць» гэты працэс. Ёсць пэўны статус-кво: мы ўтрымліваем пазіцыі, разумеючы, што «ЛНР» і «ДНР» ужо не ў стане пашыраць сваю тэрыторыю, як яны раней дэкларавалі. Украіна цяпер значна мацнейшая, у тым ліку і ў ваенным сэнсе, чым напярэдадні Менска-1 і Менска-2, статус «ЛНР» ды «ДНР» афіцыйна замацаваны ва ўкраінскім заканадаўстве - гэта акупаваныя тэрыторыі.

Ніякай неабходнасці ісці на саступкі цяпер няма: сітуацыя ў «ЛНР» і «ДНР», асабліва эканамічная, увесь час пагаршаецца, а ў Расеі, асабліва з улікам уласнага крызісу, выкліканага санкцыямі, і ўцягвання ў сірыйскі канфлікт, няма ніякага жадання ўтрымліваць гэты рэгіён. Таму «выбары» ў «ЛНР» і «ДНР», адвольна прызначаныя на 18 кастрычніка і 1 лістапада, хутчэй за ўсё будуць скасаваныя.

Яшчэ да сустрэчы 2 кастрычніка Нармандскай чацвёркі мне ўяўляўся магчымым вельмі нявыгадны для Украіны варыянт падпісання нейкага аналагу Дэйтанскіх пагадненняў. Гэта пагадненні, якімі, як мы памятаем, скончыўся канфлікт паміж Босніяй і Герцагавінай. У выніку, магла адбыцца фактычная федэралізацыі Украіны, а «ЛНР» і «ДНР» маглі атрымаць зусім ужо аўтаномны статус, які ў будучыні працаваў бы на тармажэнне геапалітычнай волі Украіны.

Пасля ж апошніх перамоў і з'яўлення Парыжскіх гарантый стала зразумелым, што будзе рэалізоўвацца варыянт, у якім Данбас будзе рэінтэграваны ў палітычную прастору Украіны як адзін з украінскіх рэгіёнаў, а не ў якасці нейкай аўтаноміі. Паслядоўнасць выканання пагадненняў, усталяваная ў Парыжы, мяркуе паступовае аднаўленне кантролю менавіта з боку Украіны - і гэта самае важнае.

І тое што вяртанне Данбаса будзе адбывацца паступова - гэта таксама правільна, бо Кіеў не гатовы рэінтэграваць гэты рэгіён хуткім шляхам. Калі ж супрацьлеглы бок будзе парушаць паслядоўнасць выканання пагадненняў - для Украіны гэта не страшна, бо мы маем некалькі месяцаў для ўмацавання сваіх пазіцыі і назапашвання рэсурсаў. І калі нават гэтыя пагадненні з віны таго боку будуць сарваныя і мы выйдзем на неабходнасць падпісання новых - у Кіева будуць яшчэ больш моцныя пазіцыі, чым напярэдадні гэтага этапу перамоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках