7 траўня 2024, aўторак, 15:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму дэнамінацыя ў Беларусі такая дзіўная

29
Чаму дэнамінацыя ў Беларусі такая дзіўная

Беларусь дэнамінуе нацыянальную валюту ў 100 мільёнаў разоў. Гэта абсалютны рэкорд сярод краін былога СССР.

Улетку 2016 года ў Беларусі будзе праведзена дэнамінацыя: дзесяць тысяч рублёў ператворацца ў адзін рубель. Гэта ўжо трэцяя дэнамінацыя за гісторыю краіны (менш чым за чвэрць стагоддзя з беларускай валюты прыбралі агулам восем нулёў), але, магчыма, самая дзіўная. Дастаткова сказаць, што беларускія рублі выйдуць з арфаграфічнай памылкай і з факсіміле подпісу чалавека, які ўжо даўно не кіруе Нацбанкам, піша "Медуза".

Чаму ў Беларусі вельмі дзіўныя грошы? Галоўная праблема беларускай эканомікі - інфляцыя. Яна вялізная. Паводле падлікаў, пад 2012 год беларускі рубель абясцэніўся на 237 595 925%. Большая частка гэтай сумы прыпала на 1990-я, але і за апошнія гады інфляцыя магла складаць больш за 50% на год.

Праз безупынны рост коштаў у партманетах беларусаў чаўпецца чорт ведае што: старыя купюры абясцэньваюцца, але не выходзяць з ужытку, засек для дробязі наогул пустуе, бо Нацбанк вырабляе толькі памятныя манеты, не бачачы сэнсу марнаваць грошы на звычайныя, разменныя. За мільянера ў Беларусі ўважае сябе кожны першы - за мільён беларускіх рублёў можна купіць менш за 55 еўраў.

Іншая праблема - адсутнасць па-сапраўднаму вялікіх банкнот. У Расіі ёсць купюра 5000 рублёў, у еўразоне - 500 еўраў, у Беларусі ж самая вялікая банкнота - гэта 200 тысяч рублёў, ці 10,5 еўра. Уявіце, што вы хочаце купіць за гатоўку нават не аўтамабіль, але, напрыклад, які-небудзь модны вялікі тэлевізар. Вам спатрэбіцца для гэтага больш за сто банкнот.

Увогуле, дэнамінацыя Беларусі вельмі патрэбна. Хаця б для таго, каб беларускую грашовую сістэму не ўважалі за самую дзіўную ў Еўропе.

Якой будзе дэнамінацыя? Адзін да дзесяці тысяч - прыбіраюцца адразу чатыры нулі. Гэта азначае, што беларускі рубель (прынамсі першым часам) будзе нашмат даражэйшы за расейскі, а за два рублі можна будзе купіць даляр. Нацбанк абяцае, што гэта не прычыніцца да інфляцыі, хоць кошты, мусібыць, будуць акругляцца - і не ў бок паніжэння. Калі, дапусцім, пачак вермішэлі ў крамах цяпер каштуе 9300 рублёў, то вялікі шанец, што пасля дэнамінацыі ён будзе каштаваць рубель, а не 93 капейкі. Вядома, што псіхалагічна людзям выгодней выдаткоўваць дэнамінаваныя грошы - ім здаецца, што яны ўсё роўна мала плацяць.

Што ў гэтай дэнамінацыі дзіўнага? Нават Нацбанк у афіцыйным прэс-рэлізе прызнае: «новыя беларускія рублі маюць пэўныя асаблівасці». Яны ў тым, што на першай партыі будзе арфаграфічная памылка («пяцьдзесят» замест «пяцьдзясят») і факсіміле подпісу старога кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча. Паводле афіцыйнай версіі, гэта адбылося таму, што грошы былі аддрукаваныя яшчэ ў 2008 годзе. З таго часу ў Беларусі правялі рэформу мовы і змянілі кіраўніцтва Нацбанка.

У 2008 годзе? Як гэта? Чытаем той жа прэс-рэліз: «Грашовыя знакі, якія будуць уведзеныя ў абарачэнне з 1 ліпеня 2016 года, былі вырабленыя на замову Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады, у сувязі з сусветным эканамічным крызісам і, як вынік, пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне, правядзенне дэнамінацыі было адкладзенае». Гэта азначае, што ўлады Беларусі ў 2008 годзе не толькі планавалі дэнамінацыю, але і распрацавалі дызайн новых купюр і нават іх надрукавалі - прычым, мабыць, у істотнай колькасці.

Ці ведалі аб дэнамінацыі сямігадовай даўніны беларусы? З усяго відаць, не. Чуткі аб магчымым «абразанні нулёў» сапраўды хадзілі на пачатку 2009 года (разам з чуткамі аб пераходзе на расейскі рубель), але ў Нацбанку называлі іх «дыверсіяй супраць эканамічнай стабільнасці краіны». Выходзіць, што «дыверсію» ўчынілі самі ўлады.

У 2010 годзе той жа Пётр Пракаповіч казаў, што «дэнамінацыя магчымая», але на яе рэалізацыю трэба шмат часу - як мінімум паўгода. У гэты час новенькія грошы без нулёў ужо ляжалі ў Нацбанку.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада падпісаў указ «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь». Гэта ўжо трэцяя дэнамінацыя ў Беларусі - першая праводзілася ў 1994-м, другая - у 2000-м.

Такім чынам, у агульнай складанасці з 1991 да 2016 Беларусь дэнамінуе нацыянальную валюту ў 100 мільёнаў разоў. Гэта абсалютны рэкорд сярод краін былога СССР.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках