28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты нафты абнавілі рэкордны мінімум

23
Кошты нафты абнавілі рэкордны мінімум
ФОТА: WISEGEEK

Кошт нафты на таргах знізіўся да 11-гадовага мінімуму.

Кошты сыравіны чарговым разам дасягнулі рэкордна нізкіх паказчыкаў. Пасля пачатку таргоў у Сінгапуры ў панядзелак, 21 снежня, кошт паўночнаморскай нафты маркі Brent упаў да 36,32 даляра, пазней зноў падняўшыся да 36,49 даляра, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на агенцтва Reuters.

Барэль тэхаскай маркі WTI каштаваў на таргах 34,53 даляра, што агулам абнавіла рэкорд нізкага кошту «чорнага золата» ў параўнанні з 2008 годам. Кошты абодвух эталонных гатункаў патаннелі больш чым на дзве траціны ў параўнанні з мінулым годам, удакладняецца ў паведамленні.

Так танна нафта не каштавала з 2004 года, адзначае расейская служба BBC.

Раней Сусветны банк пагоршыў прагноз што да кошту нафты ў 2016 годзе на 10 даляраў - з 61 да 51 даляра за барэль. Перагляд звязаны з вялікімі аб'ёмамі запасаў паліва, эластычнай прапановай і чаканнем выхаду Ірана на энэргетычны рынак.

Экспэрты Golden Sachs прадракаюць падзенне коштаў нафты да 20 даляраў. Аналітыкі чакаюць захавання нізкіх коштаў на сыравінныя тавары цягам доўгага перыяду часу. Яны адзначаюць, што карэкціроўка паставак сыравіны на гэты момант з'яўляецца недастатковай, у той час як узровень попыту на тыя ці іншыя віды сыравінных тавараў альбо расце слаба, альбо зніжаецца.

30 верасня Сусветны банк апублікаваў даклад аб развіцці Расеі. Згодна з дакументам, пры нафце 53-55 даляраў за барэль даляр будзе каштаваць 62,3 рубля ў 2016 годзе, 61 - у 2017-м і 58,2 - у 2018-м.

Большасць апытаных агенцтвам Bloomberg экспэртаў мяркуюць найбольшай пагрозай для эканомікі Расеі падзенне сусветных коштаў нафты да блізу $20-30 за барэль.

На думку экспэртаў, чарговае падзенне нафтавых коштаў стала вынікам павышэння Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША (ФРС) ключавой стаўкі і як вынік падаражанне даляра. Акрамя таго, праз мяккую зіму ў Еўропе попыт на паліва застаецца невысокім.

На кошты таксама працягвае ўплываць крызіс перавытворчасці: у ЗША здабыча нафты дасягнула найвышэйшых паказчыкаў, Расея вырабляе найбольшую колькасць нафты з часоў распаду СССР, краіны АПЕК набліжаюцца да рэкордных паказчыкаў нафтаздабычы, Іран таксама мае намер нарошчваць нафтавы экспарт.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках