5 траўня 2024, Нядзеля, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатачнік» мяркуе, што чыноўнікам не трэба ведаць беларускую мову

42
«Палатачнік» мяркуе, што чыноўнікам не трэба ведаць беларускую мову

17 лютага ў Мазыры ладзіў прыём грамадзян «дэпутат» Мікалай Расоха.

На прыёме пабываў, каб скарыстацца магчымасцю данесці да дэпутата шэраг праблем, мясцовы праваабаронца Уладзімір Целяпун, піша сайт ПЦ «Вясна».

Са слоў праваабаронцы, за тыдзень да прыёму дэпутата ў мясцовай газеце была абвестка пра падзею, а напярэдадні сустрэчу анансавалі праз мясцовы кабельны тэлеканал. «Але жадаючых сустрэцца з дэпутатам, падзяліцца сваімі праблемамі запісалася не шмат, менш дзесятка чалавек. І гэта з улікам таго, што некаторыя заходзілі на прыём па 2-3 чалавекі разам з начальнікам ЖЭУ. Ці праблем няма ў жыхароў нашага горада, альбо веры, што дэпутат можа нешта развязаць», - заўважыў Уладзімір Целяпун.

Ён апошнім трапіў на прыём да дэпутата. «Мяне цікавіла меркаванне і стаўленне дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа краіны да праблем, якія закранаюць наш горад: захаванне гістарычных помнікаў архітэктуры ў Мазыры і дыскрымінацыйнае становішча выкарыстання беларускай мовы ў дзяржустановах і на старонках мясцовай газеты «Жизнь Полесья», - дадаў праваабаронца.

Ён праінфармаваў дэпутата аб сустрэчы грамадзян Мазыра, занепакоеных станам лёсу выдатнага помніка дойлідства пачатку XX стагоддзя, што знаходзіцца ў Мазыры на вуліцы Рыжкова, 11, які створаны талентам пакуль невядомага майстра. На жаль, гэты шэдэўр беларускай архітэктуры, што не мае аналагаў у краіне ў поўным заняпадзе. У 2008 годзе ён быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як помнік дойлідства нацыянальнага значэння. Будынак знаходзіцца ва ўласнасці камерцыйнай структуры, і яму пагражае знікненне. Удзельнікі сустрэчы, занепакоеныя станам помніка архітэктуры, накіравалі ліст старшыні Мазырскага райвыканкама Яўгену Адаменку, каб выпрацаваць шляхі выратавання гэтага будынку.

Праваабаронца прасіў Мікалая Расоху далучыцца да ўдзелу ў вызначэнні далейшага лёсу гістарычных каштоўнасцяў горада і на дзяржаўным узроўні паспрыяць станоўчаму развязанню існуючых праблем.

«Дэпутат станоўча паставіўся да ініцыятывы грамадзян і абяцаў пасля больш падрабязнага вывучэння сітуацыі ў гэтай праблеме спрыяць станоўчаму развязанню ў захаванні гістарычных помнікаў у Мазыры. А вось па моўнай сітуацыі размовы з дэпутатам не атрымалася. Высветлілася, што «дэпутат» вышэйшага заканадаўчага органа не можа наўпрост весці дыялог, размову на дзяржаўнай беларускай мове. Ён выказаўся, што хоць на пісьмовыя звароты і даюцца адказы на беларускай мове, але пры размове закон аб дзяржаўнай службе такой нормы не прадугледжвае. Вось пазіцыя асобнага «народнага выбранніка», - падкрэсліў Уладзімір Целяпун.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках