29 красавiка 2024, панядзелак, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Лукашэнка ні кроку не зробіць без загаду

16
Вінцук Вячорка: Лукашэнка ні кроку не зробіць без загаду

Беларусь не з'яўляецца нейтральным бокам ва ўкраінскім канфлікце.

Пра гэта заявіў беларускі палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

- Не паспелі прасохнуць чарнілы на Менскіх мірных пагадненнях адносна Украіны, як вайна на Данбасе ўспыхнула з новай сілай…

- На маю думку, гэта было прадказальна. Рэч у тым, што такія дзеячы, як Пуцін, з аднаго боку, і еўрапейскія лідары з другога, усё ж такі ўяўляюць палітыку абсалютна рознымі катэгорыямі. Пуцін цяперашнюю сваю так званую палітыку вядзе шляхам ламання, парушэння ўсіх магчымых міжнародных дамоваў. Пачынаючы з Ялцінскіх і Тэгеранскіх і заканчваючы Будапешцкімі ці, скажам, канцавымі палажэннямі Акту аб бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Ён парушае ўсясветны парадак. І ў гэтым сэнсе спадзявацца, што нейкія кавалкі паперы, якія ён падпісаў альбо на словах прызнаў у Менску, для яго будуць мець нейкую вагу, ну, прынамсі, наіўна. Думаю, што не ў малой ступені менскі імпэт двух еўрапейскіх лідараў быў выкліканы нежаданнем даць Амерыцы большыя магчымасці і большую прастору, бо абмяркоўвалася, прычым ужо прадметна, наданне Украіне зброі, хай сабе і абарончай, але сучаснай зброі, таго, у чым Украіна проста роспачна цяпер мае патрэбу. І, безумоўна, менскія перамовы, якія імітавалі нейкі мірны працэс, адклалі гэтую, крайне важную для Украіны і ўсяго нашага Еўра-Атлантычнага свету, пастанову. Ёсць такія прыкрыя тактычныя моманты, якія паказваюць, што Пуцін усё прадумаў. Напрыклад, украінскія войскі вымушаны цяпер пакідаць вельмі важны чыгуначны вузел Дэбальцава. Чаму яны вымушаны яго пакідаць? Таму што сілы тэрарыстаў і расейскіх войскаў з усяго фронту туды, высветлілася, сцягнутыя цяпер. Гэта значыць, яны спакойна агаляюць суседнія ўчасткі фронту, не баючыся таго, што ўкраінская войска гэтыя аголеныя ўчасткі зойме. Ну вядома, таму што Кіеў пагадненні выконвае. Ну а Пуціну і ягоным паслугачам у Данецку і Луганску выконваць ніякія пагадненні не трэба.

- Як Вы ацэньваеце прапановы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, каб патрапіўшых у кацёл украінскіх вайскоўцаў з дапамогай беларускага боку вывесці разам са зброяй, але ўзяць з іх абавязанне далейшага няўдзелу ў баявых дзеяннях?

- Мне ўжо даводзілася казаць, што адзіны, хто дакладна выйграе на гэтай бядзе і на так званых менскіх угодах, будзе менавіта Лукашэнка. Я нагадаю, што перш, калі ішла гаворка пра магчымыя перамовы і пляцоўку для іх, то Кіеў казаў пра Жэневу. Пуцін гэта адкінуў. Тады прагучала прапанова Астаны – я гэта ведаю з украінскіх крыніцаў. Гэта таксама было адкінута. І фактычна гэта Пуцін намякнуў, што хай гэта будзе Менск пад эгідай Лукашэнкі. Рэч у тым, што Лукашэнка ж не бесстаронні. На нашай тэрыторыі размяшчаюцца і ўжо наяўныя расейскія вайсковыя базы і свежаперакінутыя цэлыя звёны расейскай баявой авіацыі. У небяспечнай блізкасці ад украінскай мяжы, як кажуць, за 15 хвілінах лёту да Кіева. І ў гэтым сэнсе цяпер што б не рабіў Лукашэнка нібыта як міратворца, гэта танны піяр. Ён нічога, ні кроку, не зробіць без згоды, альбо без загаду Пуціна. Так і з гэтай прапановай – нешта там нейкаму прапанаваць і ўкраінскую зброю пакінуць на беларускай тэрыторыі. Які нейтралітэт можа быць, калі ў нас ёсць адразу некалькі расейскіх структураў, з якіх у любы момант выйдзе столькі, сколькі трэба „зялёных чалавечкаў”. Тым больш, што кантраляванай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй няма.

- Ці не падштурхнуць падзеі вакол Дэбальцава ўсё ж такі Захад і Злучаныя Штаты Амерыкі, у першую чаргу, перадаць Украіне лятальную зброю?

- Што да Злучаных Штатаў, то галасы цвярозых палітыкаў у абедзвюх палатах Кангрэсу чуваць дастаткова гучна. Маю на ўвазе тут і сенатара Джона Макейна, які на сваім уласным досведзе ведае, што такое таталітарызм. Ну, зрэшты, не толькі рэспубліканцаў, але і дэмакратаў не бракуе, якія разумеюць, што не можна Злучаным Штатам траціць адказнасці і дэмакратычнага лідарства ў свеце, таму што ўзніклы вакуўм запаўняюць пачвары. Так што ЗША, думаю, ілюзіяў наконт гэтага не мелі. Але вось гэтая менская ўгода стварыла дымавую завесу на нейкі момант, і адсунула гэтую непазбежную выснову. І гэта, на маю думку, пайшло на шкоду інтарэсам Украіны.

- Так, гэтая дымавая завеса можа быць цяпер адкінутая падзеямі вакол Дэбальцава, і, нарэшце, Захад рашыцца на нейкія рэальныя крокі ў дапамогу Украіне?

- Так, дэбальцаўская бяда адбылася вельмі хутка пасля гэтага пагаднення. Ну таму Лукашэнка і замітусіўся, што ўся вось гэтая паказуха рассыпалася як картачная хатка, фактычна вокаімгненна. Ну і трэба спадзявацца, што грамадскае меркаванне Еўропы ўсё ж такі здольнае будзе ўзняцца над наіўным спадзевам, што іх неяк гэтая бяда – аднаўленне агрэсіўнага патэнцыялу „расейскага мядзведзя” – абыдзе. Не, не абыдзе. І грамадства, асэнсаваўшы гэтую пагрозу, будзе здольнае мабілізаваць сваіх палітыкаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках