7 траўня 2024, aўторак, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Людзі выйдуць на вуліцы, калі ў сем'ях пачнуцца сваркі праз грошы

93
Генадзь Фядыніч: Людзі выйдуць на вуліцы, калі ў сем'ях пачнуцца сваркі праз грошы

Масавыя звальненні на прадпрыемствах могуць прывесці да пратэстаў.

Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч у інтэрв'ю charter97.org прагназуе нарастанне напружання ў грамадстве ў выпадку бяздзейнасці ўладаў, таму што пустыя лядоўні прывядуць да сварак у сем'ях, а тады людзі выйдуць на вуліцу, як гэта было ў пачатку 90-х.

- Скарачэнні і звальненні на прадпрыемствах - не ад добрага жыцця. Сёння спыняюцца заводы. Па два-тры дні на тыдзень працуюць. Праходзіць ужо два месяцы новага года, а перспектыў для прадпрыемстваў ніякіх няма. І ў кіраўнікоў прадпрыемстваў няма выразнага бачання таго, што рабіць заўтра і куды збываць прадукцыю. Няма ўкраінскага гандлю, няма таксама і расейскага. А ў нас эканоміка вельмі моцна завязаная на гэтыя краіны, у большай ступені, вядома, на Расею. Гэта значыць, праблема стаіць у эканоміцы агулам, - мяркуе ён.

- Людзі сталі бядней жыць ужо цяпер?

- У Беларусі вельмі моцна знізілася пакупніцкая здольнасць людзей. Гэта відаць як на рынках, так і ў прадуктовых крамах. Людзі цяпер сталі купляць значна менш прадуктаў харчавання, чым куплялі раней.

Яшчэ адна праблема - узрастае колькасць неплацельшчыкаў камунальных паслуг. Вядома, ёсць сем'і, якія з'яўляюцца антысацыяльнымі. Але іх жа адзінкі. Вось яно, самае вялікае пытанне: людзям не стае на жыццё. Калі раней зараблялі, прыкладна, $500, то цяпер - $350. Кіраўніцтва краіны заяўляе, што ўсё трэба падлічваць у рублях. Але калі яны абяцалі людзям $1000 да 2015 года - дзе гэтыя грошы? Давайце, хоць у рублях, але каб заробак быў такі, як абяцалі! У нас хочаш ці не ўсё жыццё на далярах пабудаванае.

Выдатны індыкатар эканамічнай сітуацыі - нашы спартоўцы з'язджаюць, напрыклад, у Казахстан. Там і заробкі лепшыя, і стабільнасць вышэйшая, чым у Беларусі. Гэта факт, нікуды ад гэтага не дзенешся.

Знізілася колькасць нашых турыстаў, напрыклад, за прадуктамі харчавання і за таварамі першай неабходнасці, у Польшчу. Усё завязана на дабрабыце сем'яў. Калі чалавек працуе на рабоце, дзе працоўны тыдзень складае тры дні - яму і заплацяць за тры дні. А жыць трэба кожны дзень. Таму эканамічная сітуацыя вельмі складаная.

- Як сітуацыя на дзяржаўных прадпрыемствах будзе развівацца далей?

- Сёння кіраўніцтва краіны зрабіла ўсё, каб развязаць рукі кіраўнікам прадпрыемстваў для таго, каб можна было звальняць і скарачаць людзей вельмі хутка, без тлумачэння прычыны. Але гэта ж толькі адзін бок медаля. А другі - прадпрыемствы ж павінны працаваць, выпускаць прадукцыю і яе рэалізоўваць. А з кіраўнікоў гэта спытаюць! Таму, на мой погляд, як бы ні імкнуўся ўрад, на макраўзроўні нешта робіцца, але гэтага вельмі мала, каб выратаваць сітуацыю.

Даўно ўжо трэба было павялічваць сярэдні бізнэс, чаго сёння не робіцца. Сёння Беларусь катастрафічна неканкурэнтаздольная ў дачыненні да Расеі. Усё ж такі, там прыватны капітал ужо даўно развіўся, таму малы і сярэдні бізнэс там і тут цяпер ужо нават у розных вагавых катэгорыях. Стварыўшы Еўразійскі звяз, павінны ж былі стварыць і ўмовы аднолькавыя, але, на жаль, гэта не так. У Беларусі ўмовы для бізнэсу горшыя.

Як бы ні казалі пра «беларускі цуд», цудаў не бывае. Можна падмануць людзей, а эканоміку не падманеш.

- Якая імавернасць таго, што прадпрыемствы чакае хваля страйкаў?

- Я мяркую, што да вясны гэтага не будзе. А далей усё будзе залежаць ад таго, як рэгулярна і ў якіх аб'ёмах будуць выплачваць заробкі. Гэты паказчык, відавочна, турбуе і кіраўніцтва краіны. Людзі выйдуць тады, калі ў сем'ях пачнуцца сваркі наконт таго, што не стае грошай - і гэтыя ўсе сваркі перанясуцца на працоўныя месцы, як гэта было ў 90-я. Па-іншаму ніяк. Чалавек прыходзіць дадому, у яго сям'я, дзеці, трэба іх вучыць, карміць... Калі праблема ўзнікне, то іншага выйсця не будзе.

- Дзе яна, гэтая мяжа цярпення? Як доўга чакаць?

- Сам па сабе беларускі менталітэт - цярплівы, але калі «прыцісне» кожнага паасобку і ўсіх разам, вось тады штосьці будзе. Пакуль гэта тычыцца толькі кожнага паасобку, таму што хтосьці працуе, хтосьці - не. Але прыйдзе час, калі нарасце крытычная маса - а яна безумоўна нарасце, калі сітуацыя не будзе мяняцца - і яна скажа сваё. Гэтак жа не можа доўжыцца бясконца. Спасылацца на тое, што, маўляў, у нас няма вайны - ну дык пры чым тут вайна? Калі ў нас няма вайны, мы ж павінны жыць годна і прыстойна, і зарабляць добра. Людзі ж не лянуюцца працаваць! Дайце працу - яны яе зробяць. Але за гэтую працу мала дзе плацяць.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках