27 красавiка 2024, Субота, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Стоўбцамі руйнуюць унікальную брукаванку

37

Краязнаўца, публіцыст і эколаг Валер Дранчук звярнуўся да старшыні Мінаблвыканкама з просьбай спыніць разбурэнне брукаванага тракту на Мір.

Дарога пралягае паміж Стоўбцамі і вёскай Новы Свержань, піша БелаПАН.

«10 лютага 2015 г. я наведаў родныя мясціны (ваколіцы Вішняўца) і, вяртаючыся, заехаў на былую мірскую брукаваную дарогу. Гэта нясвіжскі бок за Стоўбцамі. У мяне былі на тое аператыўныя падставы: дарогу-рарытэт пачалі «зачышчаць». І тое, што я ўбачыў, не пакідае сумневу ў антынародным, экспансіўным гвалце нібыта на падставе дзяржаўных прыярытэтаў», - піша Валерый Дранчук.

Краязнаўца падкрэсліў, што не супраць будаўніцтва аб'язной дарогі вакол Стоўбцаў, але ён і многія жыхары горада не ўхваляюць разбурэнне гістарычнага брукаванага тракту, які суправаджаецца знішчэннем старых дрэў, якія растуць па абодвух баках дарогі.

Дранчук запрасіў Шапіру асабіста пацікавіцца тым, што робіцца з брукаванай дарогай на загад мясцовых уладаў.

«Калі гэтыя людзі не задумаліся аб наступствах сваіх уладна-дзяржаўных дзеянняў, не спыніліся перад знішчэннем роднага знака мінулага - цудам ацалелага старасвецкага брукаванага тракту і цяністых алей, не ўбачылі прыгажосці і душэўнага каларыту гэтых месцаў, не пашкадавалі і пусцілі іх пад нож, - я маю поўнае права глядзець на такіх людзей як на вандалаў і жывадзёраў на адказных пасадах», - адзначыў ён.

Старая брукаваная дарога на Мір, звярнуў увагу Валерый Дранчук, з'яўляецца патэнцыйна паспяховым турыстычным месцам Меншчыны, якая можа быць ператвораная ў музейную пляцоўку.

«Брукаваны тракт - гэтая каленна-ручная работа нашых дзядоў, дарога-музей, гатовы Скансэн (вядомы шведскі музей на адкрытай прасторы). Жывая гісторыя, аўтэнтыка матэрыяльнай культуры. Гарманічна ўладкованы ўнутраны свет чалавека і прыроды, экалагічнае асяроддзе», - растлумачыў краязнаўца.

Ён праінфармаваў кіраўніка Менскай вобласці, што летась ў снежні сустракаўся што да гэтага пытання са старшынём Стаўбцоўскага райвыканкама Юрыем Гарлавым, але не здолеў пераканаць чыноўніка ў важнасці захавання брукаванай дарогі.

Валерый Дранчук прапанаваў Шапіру аднавіць знішчаныя пасадкі ўздоўж брукаванай дарогі, упрыгожыць яе ліхтарамі, каб пазней ператварыць гэтую тэрыторыю ў «першы ў свеце музей брукаванага тракту».

«Хоць трохі менш будзе ганьбы за тое, што Стоўбцы - адзіны райцэнтр у Менскай вобласці, які дагэтуль не мае свайго гістарычнага музея», - падсумаваў краязнаўца.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках