28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майкл Макфол не паверыў вачам, убачыўшы «ракету для Абамы» на мітынгу ў Маскве

39

Былога пасла ЗША ў РФ здзівіла дзіўная ініцыятыва КПРФ.

Былога пасла ЗША ў РФ Майкла Макфола ўразіла ініцыятыва першага сакратара маскоўскага гаркама КПРФ Валерыя Рашкіна, які падрыхтаваў для мітынгу партыі ў гонар Дня абаронцы Айчыны ў Маскве «ракету для Абамы», піша NEWSru.com.

Гаворка ідзе пра вялікі макет зялёнай ракеты з чырвонай зоркай і надпісам «Абаме асабіста ў рукі (Рашкін)». Дыпламат усумніўся ў рэальнасці здымка ракеты, які патрапіў у Сетку.

Фото: РИА «Новости»

Макфол, абмяркоўваючы фота макета ракеты ў Twitter, выказаў надзею, што гэта ўсё ж фоташоп. Але ён памыліўся.

Сам Рашкін, нядаўна трапіўшы ў санкцыйны спіс ЕЗ, быў заўважаны карэспандэнтам тэлеканала «Дождь» побач з ракетай. Палітык распавёў, які сэнс ён ўклаў у акцыю. Рашкін адзначыў, што ягоны бацька ў Вялікую Айчынную вайну дайшоў да Берліна «без санкцый». «Сёння нехта задумвае каверзы супраць маёй Радзімы. Я сын майго бацькі, я служыў у войску, маю вышэйшую адукацыю. Пастанавіў зрабіць такі падарунак, імітацыю. Гэтаму падарунку таксама санкцыі не патрэбныя. Яна ляціць туды, куды накіруе Радзіма», - заявіў камуніст.

Валерый Рашкін дадаў, што за «падарункам» прэзідэнту ЗША давядзецца прыехаць самому. «Гэта алегорыя самая сапраўдная. Але каб усе ведалі, што Расея моцная», - растлумачыў ён.

Калона камуністаў з чырвонымі сцягамі, партрэтамі савецкіх правадыроў і «ракетай для Абамы» прайшла па цэнтры Масквы ў панядзелак, 23 лютага, у рамках святкавання Дня абаронцы Айчыны. Як паведамляецца на сайце КПРФ, «тысячы людзей пад чырвонымі сцягамі прайшлі ад Пушкінскай плошчы да плошчы Рэвалюцыі, дзе адбыўся мітынг», які вялі намеснік старшыні ЦК КПРФ, першы сакратар маскоўскага гаркама КПРФ Валерый Рашкін і сакратар МГК КПРФ Аляксандр Патапаў.

Рашкін у сваёй прамове нагадаў выслоўе генералісімуса Аляксандра Суворава: «Колькі ні святкуй, а ваяваць усё адно давядзецца. Таму порах заўсёды трымай сухім». Ён заклікаў расейскае кіраўніцтва паклапаціцца аб тым, каб войска і флот былі «накормленыя, абутыя, апранутыя і ўзброеныя». І тады, з ягоных слоў, будуць «жыць» словы Аляксандра Неўскага: «Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад таго мяча і загіне».

Кіраўнік маскоўскага гаркама КПРФ таксама зрабіў некалькі рэзкіх выпадаў у бок Злучаных Штатаў, заявіўшы, што «ЗША нясуць па ўсім свеце разбурэнне, гвалт і кроў». «Мы павінны спыніць гэтых гвалтаўнікоў і забойцаў, у барацьбе адстаяць права на суверэннасць нашай вялікай дзяржавы», - заклікаў Рашкін.

Затым перад удзельнікамі мітынгу выступіў кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў. Ён таксама з усім запалам абрынуўся на Злучаныя Штаты, заявіўшы, што «магутныя і моцныя мы» Захаду не патрэбныя, але затое «патрэбныя нашы рэсурсы, патрэбныя нашы таленты, патрэбная наша зямля». На думку Зюганава, «таму нас абклалі санкцыямі і працягваюць душыць з усіх бакоў», «таму развязалі братазабойчую вайну на роднай Украіне пад камандаваннем амерыканскіх цэрэушнікаў, неахайных дыпламатаў, адкрытых нацыстаў, бандэраўцаў і зладзеяў, алігархаў».

Валерый Рашкін быў уключаны ў новы санкцыйны чорны спіс ЕЗ 16 лютага. Тады ён заявіў, што ганарыцца што трапіў у гэты «ганаровы» пералік, і выказаў надзею, што «гісторыя ўсё паставіць на свае месцы, як паставіла ў 45 годзе».

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках