28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфекцыйныя лякарні Віцебскай вобласці: жах на яве

35
Інфекцыйныя лякарні Віцебскай вобласці: жах на яве

Пацыенты, якія прайшлі праз інфекцыйныя аддзяленні лякарняў Наваполацка і Віцебска, дзеляцца «незабыўнымі» ўражаннямі.

Пра гэта charter97.org стала вядома са слоў жыхаркі Наваполацка Паліны Русаковай.

«Увечары ў сераду 4 лютага патрапілі з шасцімесячнай дачушкай у лякарню Наваполацка. Прывезлі ў інфекцыйнае аддзяленне. Як высветлілася, месцаў у аддзяленні наогул няма. Сказалі, маўляў, будзеце спаць у калідоры, ды яшчэ і на канапе, бо нават ложка не было вольнага. Аддзяленне страшнае, на калідоры скразняк, дзіця было страшна нават раздзець. Медсёстры ходзяць, равуць, стукаюць дзвярыма, ім нават напляваць, што спіць маленькае дзіця! Калі я спытала ў адной медсястры дзе я магу ўзяць кіпню, каб зрабіць дачцэ сумесь, яна мне адказвае: «На другім паверсе стаіць мікрахвалёўка, набярыце вады з-пад крана і пастаўце на 2 хвіліны. А каб вада была не моцна гарачай, развядзіце той жа вадой з-пад крана!». Гэта быў нейкі жах. Я тут жа патэлефанавала мужу і папрасіла прывесці вады.

Крам шыкоўных наадкрывалі цэлую сціжму, а зрабіць аддзяленне, дзе ляжаць не толькі маленькія дзеці, але і людзі з усякай заразай і бамжы нават, яны не ў сілах !!! 3 дні суцэльнага жаху! Проста набалела», - піша яна.

Надзея Свідзінская пацвярджае, што варункі сапраўды жахлівыя.

«Набалела і ў мяне. Самі патрапілі туды месяц таму. Гэта не аддзяленне, а поўная ка! Ледзь выпрасіла шклянку вады, лекара ледзь упрасіла, кропельніцу проста ўмольвала паставіць, на што мне заяўлялі, маўляў, навошта вам, ставілі ж уночы, выстарчыць. А тое, што ў дзіцяці жудаснае абязводжванне і яно паўдня не сікала - гэта нічога. Каб пагрэць ваду, даводзілася дзіця цягаць на другі паверх за сабой, бо няма каму за ім прыгледзець. Прывезлі дзяўчынку з дыярэяй і ванітамі, яна ляжала ўвесь дзень і толькі потым дадумаліся яе звазіць на УГД - выявілася, апендыцыт. А калі б яна ляжала ў ложку ўсе выходныя? Увогуле, усім шчыра кажучы на *ць на пацыентаў. У дзіцяці яшчэ рэзаліся зубы, а абязбольвальных лекаў так і не далі. Дзіця ванітуе - ім усё адно, «ідзіце ў палату, нам не да вас». Нервы здалі, малой палягчэла, сказала ўвечары, што пасля кропельніцы пайду пад распіску дадому. На раніцу выклікала лекара, дык ён не прыходзіў да самага вечара. Хацела напісаць скаргу, ды проста не захацелася звязвацца. Дарагія медработнікі, калі вам такая гідотная вашая праца, што ж вы ў медыцынскі ўніверсітэт паступалі? Не дай бог патрапіць у гэтае аддзяленне. Кіпню няма, адна разетка на палату, пры мне люстра са сцяны ўпала проста на ложак, добра, што ён быў пусты!», - абураецца яна.

Святлана Валькоўская дзеліцца фатаграфіямі з інфекцыйнага аддзялення абласной лякарні ў Віцебску.

«У Віцебску таксама інфекцыйнае аддзяленне – барані, божа! З п'янымі санітаркамі і мурашкамі на падлозе. Хараство! Вось такая абласная ў нас лякарня», - піша яна.

Вольга Чарняўская распавядае пра свой сумны досвед, звязаны з інфекцыйным аддзяленнем.

«Два гады таму ляжала ў інфекцыйным аддзяленні з пяцімесячным немаўлём. Мне яшчэ больш-менш пашанцавала: ляжала ў нейкім дапаможным памяшканні. Першую ноч не спала, бо ложак быў адзін. Раніцай ад стомы ўпаў ціск, губляла прытомнасць, выклікала мужа на дапамогу. Спытала, ці можна ўзяць з дому калыску, каб дзіця там спала, на мяне здзіўлена паглядзелі і спыталі: «А што, у вас няма дзіцячага ложачка ў палаце?». Гэта пры тым, што да мяне заходзілі сто разоў і бачылі ўсё, што было ў гэтым пакойчыку 2 на 4 метры. У калідоры ляжала некалькі чалавек. Добра, што карміла грудзямі, а так не ведаю, як бы кідала немаўля адно і хадзіла па ваду і гэтак далей. Нават у прыбіральню праблематычна было выйсці. Карацей, гэта былі чатыры дні пекла... Дадому вярнулася з тэмпературай 39˚С... Да саміх лекараў прэтэнзій няма, ставіліся нармальна, дзіця вылечылі. Гады ідуць, нічога не мяняецца, сумна... Няўжо нічога нельга зрабіць?», - здзіўляецца яна.

Нагадаем, надоечы мы размяшчалі ліст чытачкі аб абыходжанні з парадзіхамі ў адной з менскіх радзільняў, а таксама гутарылі пра гэта з лекарам-гінеколагам.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках