27 красавiка 2024, Субота, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б ля Саўміна запахла гарэлымі грузавікамі, з намі б гаварылі па-іншаму»

30
«Калі б ля Саўміна запахла гарэлымі грузавікамі, з намі б гаварылі па-іншаму»

Што плануюць рабіць грузаперавозчыкі, якія трапілі на касмічныя штрафы за парушэнне правілаў карыстання платнымі дарогамі BelToll?

Пра гэта ў інтэрв'ю «Салідарнасці» распавёў дырэктар адной з беларускіх транспартных кампаній Алег Новікаў.

Нагадаем, на мінулым тыдні не адбылася акцыя пратэсту, запланаваная грузаперавозчыкамі, на якіх павесілі штрафы некалькі тысяч еўраў. Улады адрэагавалі ў сваім фірмовым стылі: плошчу Незалежнасці ў Менску ачапіла міліцыя і спецслужбы, а да Дома ўрада падагналі два аўтобусы са спецназам. Напярэдадні быў арыштаваны на 15 дзён лідар грузаперавозчыкаў Сяргей Штода. Ён адправіўся на прыём да першага віцэ-прэм'ера Мацюшэўскага, каб не даводзіць пытанне да вулічнай акцыі, але трапіў на Акрэсціна нібыта за тое, што «лаяўся».

Адзіны чалавек, які пасля таго, што здарылася прадоўжыў спробы дастукацца да ўладаў, - дырэктар транспартнай кампаніі Алег Новікаў.

6 лютага ён пабываў на прыёме ў намесніка міністра фінансаў Беларусі Дзмітрыя Кійко. На сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць спісання запазычанасцяў у штрафах, вынесеных за парушэнні падчас аплаты карыстання платнымі дарогамі Беларусі.

Сваімі ўражаннямі ад паходу ў Мінфін бізнэсовец падзяліўся з карэспандэнтам выдання.

- Гэта тое ж самае, калі вы прыйдзеце ў філармонію і будзеце распавядаць пра біном Ньютана. Людзі на абсалютна іншай хвалі, разумееце? Яны абавязаныя выконваць пэўныя фінансавыя паказчыкі. Гэта звычайныя бухгалтары, толькі трошкі буйнейшы маштаб у іх. Ім усё адно, адкуль гэтыя грошы. Штрафы або падаткі, адсоткі з каштоўных папер або аблігацыі. Яны за гэтымі лічбамі нічога не бачаць.

У тым, што адбылося, вінаватыя людзі, якія запусцілі сістэму BelToll без выпрабавальнага тэрміну, не думаючы, што камусьці давядзецца адказваць за ўсе хібы, якія могуць узнікнуць.

Хтосьці павінен устаць і сказаць: «Прабачце, я аддаваў загад запускаць. І таму гэтыя памылкі аплачваю я». Вы бачылі калі-небудзь, каб у нас за 20 гадоў кагось пасадзілі за няслушныя эканамічныя пастановы? Вось вам і адказ на ўсё.

Калі пачынаеш торкаць ва ўсе хібы і недапрацоўкі, якія былі ў сістэме платных дарог, пачынаюцца дзіцячыя гульні.

- У вас склалася ўражанне, што на дзяржаўным узроўні ніхто не збіраецца разбірацца ў гэтай праблеме?

- Цяпер яшчэ больш узмацнілася пазіцыя прыхільнікаў тэорыі, «як ёсць, так і плаціце». Яны скажуць: «Пасадзілі Штоду на 15 дзён - хто-небудзь выйшаў за яго? Так ідзіце, хлопцы, адсюль роўненька». Калі б на Савецкай, 9 (ля Дома ўрада) запахла гарэлымі грузавікамі, усё Акрэсціна запоўнілі б кіроўцы грузавых аўто, улады па-іншаму б з намі размаўлялі.

- Як, па-вашаму, чаму перавозчыкі не выйшлі лютага 4 да Дома ўрада? Спалохаліся?

- Вядома. Але пытанне не толькі ў гэтым. Я выдатна ведаю сітуацыю на прадпрыемствах. У мяне аўтамабілі набытыя паводле шостага дэкрэту. Яны, скажам так, прайшлі ўмоўную мытную рэгістрацыю. Адсоткаў 80 перавозчыкаў менавіта так набывалі самаходы.

На фірме вісіць штраф. Пры пэўных абставінах даецца каманда «піль» - і транспартны сродак блакуюць, пакуль не выплаціць штраф. Уяўляеце, у вас на фірме штраф 100 тысяч еўраў. Вы везяце груз на 200 тысяч даляраў. Аўтамабіль арыштоўваюць і змяшчаюць на штраф-стаянку. Як вы думаеце, вам хто-небудзь дасць перагрузіць гэты груз? Я не ўпэўнены.

І вось глядзіце, у вас правісае штраф. Кошт стаянкі на штрафстаянцы не пяць рублёў у дзень. Каб аўтамабіль прадаць, вам трэба прайсці мытную рэгістрацыю, а яна ў нас паводле шостага дэкрэту набытая. Вы не можаце яе ні прадаць, ні перадаць у арэнду ці перарэгістраваць на іншую юрыдычную асобу. Гэта забаронена, бо ўмовамі дэкрэта вы павінны самастойна выкарыстоўваць транспартны сродак.

Плюс у вас кантрактныя абавязанні перад чалавекам, які прасіў вас прывезці груз коштам дзвесце тысяч даляраў. А груз - яблыкі, кветкі, замарожаныя субпрадукты - сапсуецца. Уяўляеце, якія страты?

І людзі, маючы гэта ўсё, нават не крануліся. Усіх усё задавальняла.

Трэба з'ездзіць у Міністэрства транспарту і спытаць, што яны сабе думаюць. Таму што калі мы называлі хібы, якія былі дапушчаныя, я бачыў у вачах чыноўнікаў абсалютнае разуменне гэтай праблемы.

Цяпер распрацаваны дакумент, згодна з якім амністыі штрафаў, пра якія мы прасілі, плаўна адпрэчылі. Усе змены зводзяцца да таго, што паменшыўся тэрмін, цягам якога на транспартны сродак складаюць акт аб парушэнні, - з 30 дзён да 15.

Калі ў інтэрнэт-краме вы зрабілі замову, вам тут жа прыходзіць смс- пацверджанне. Уяўляеце рэсурсы гэтай крамы? А цяпер уявіце рэсурсы сістэмы, у якой штодзённае абарачэнне дзвесце тысяч еўра! Гэта складана зрабіць?

- За паўтара года Сяргей Штода абышоў незлічоную колькасць кабінетаў у калідорах улады, але, на жаль, дамовіцца аб амністыі штрафаў не ўдалося. Што вы плануеце рабіць далей?

- Дачакацца, калі Сяргей выйдзе з Акрэсціна. Думаю, было б нядрэнна сабраць у адной зале чыноўнікаў з розных міністэрстваў, каб яны не ківалі адзін на аднаго, і мы не бегалі па замкнёным коле. Нарэшце трэба выпрацаваць агульную пастанову.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках