5 траўня 2024, Нядзеля, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанна Нямцова: Пуцін вінаваты ў смерці бацькі

27
Жанна Нямцова: Пуцін вінаваты ў смерці бацькі

Дачка забітага палітыка ўсклала палітычную адказнасць за гэта злачынства на прэзідэнта Расеі.

Пра гэта Жанна Нямцова заявіла ў інтэрв'ю BBC.

«Мой бацька быў самым галоўным крытыкам Пуціна. Ён быў самым моцным лідарам апазіцыі ў Расеі. Ён змагаўся з Пуціным, а не з кім-небудзь яшчэ», - мяркуе яна.

На ўдакладняючае пытанне, ці ўскладае Жанна Нямцова адказнасць за смерць бацькі на Уладзіміра Пуціна, яна пацвердзіла: «У палітычным сэнсе, так».

Адразу пасля пахавання Барыса Нямцова Жанна выехала за мяжу, і інтэрв'ю было запісана ў Італіі. «Яны забілі майго бацькі, я не магу маўчаць», - патлумачыла Нямцова, дадаўшы, што не баіцца вяртацца ў Расею.

«Яны не зацікаўлены ва ўсталяванні ісціны»

Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў непасрэднай блізкасці ад Крамля. Праз падазрэнні ў дачыненні да забойства арыштаваныя пяць чалавек.

На думку следства, меркаваным забойцам Нямцова з'яўляецца Заур Дадаеў - былы намеснік камандзіра чачэнскага батальёна МУС «Поўнач». Раней прадстаўнікі следства заяўлялі, што ён ужо прызнаўся ва ўчыненні злачынства, аднак сам Дадаеў паведаміў праваабаронцам, што не забіваў апазіцыянера.

Жанна Нямцова мяркуе, што афіцыйнае следства не ўсталюе сапраўдных арганізатараў забойства яе бацькі.

«У мяне няма ніякай веры ў гэта так званае расследаванне. Я ведаю, што некаторыя заходнія палітыкі - я не ведаю, наколькі гэта сур'ёзна, - хочуць правесці міжнароднае расследаванне. Я думаю, што гэта, напэўна, правільна, таму што ў Расеі няма правасуддзя , няма незалежных судоў і няма ніякіх незалежных расследаванняў», - заявіла яна.

З ейных слоў, яе ўразіла распаўсюджаная ў расейскіх СМІ версія, пра тое, што на думку следства, у забойстве Нямцова не было заказчыка, а Заур Дадаеў дзейнічаў на ўласную ініцыятыву.

Жанна Нямцова паведаміла, што следчыя нават не звязаліся з ёй, каб узяць у яе паказанні, але пры гэтым ёй быў закрыты доступ у кватэру яе загінулага бацькі, адкуль ужо ў ноч пасля забойства праваахоўныя органы канфіскавалі ўсю тэхніку і дакументы.

«Яны не зацікаўлены ў высвятленні праўды», - склала Жанна Нямцова.

«Яго паважалі ў Чачні»

Як стала вядома ў сераду, сам Заур Дадаеў заяўляе, што яго вымусілі даць паказанні з прызнаннем віны ў абмен на вызваленне ягонага таварыша Руслана Юсупава. Падчас візіту членаў Грамадскай назіральнай камісіі ў СІЗА ён таксама паскардзіўся на жорсткае абыходжанне пасля затрымання.

«Што Заур Дадаеў у цэнтры Масквы, у асабліва ахоўнай зоне, дзе ў момант забойства чамусьці не працавалі нейкія камеры, што вось ён забіў майго бацьку – не, я не веру. Нават калі ён і стаў непасрэдным выканаўцам, што яму раптам самастойна такая ідэя ў галаву прыйшла - забіць Нямцова... Які матыў? Матыў я не бачу», - разважае Жанна Нямцова.

На яе думку, версія следства, што злачынства ўчыненае на рэлігійнай глебе, не вытрымлівае крытыкі.

«Яго [Барыса Нямцова] паважалі ў Чачні, яго паважалі ў Дагестане, Інгушэціі. Ён дапамог спыніць вайну ў Чачні, і сапраўды там гэта памятаюць. І вельмі ўдзячныя за ягоную дзейнасць у 90-я гады ў прадухіленні развіцця вайсковага канфлікту там», - нагадвае Нямцова.

«Дагэтуль не магу паверыць»

На думку дачкі Нямцова, асноўнай прычынай забойства была зацятая барацьба Нямцова з рэжымам і ягоная паслядоўная крытыка ўладаў.

«Нейкія асобныя эпізоды не паслужылі матывам, не ашуквайце сябе. Проста ягоная пазіцыя - ён не ішоў з уладамі ні на які кампраміс ніколі. Ён выразна трымаўся сваіх прынцыпаў», - кажа Жанна Нямцова.

Яна катэгарычна не згодна з меркаваннем, што Нямцоў як палітык не меў вялікай вагі ў Расеі. На ейную думку, пра адваротнае кажа хаця б тое, колькі высілкаў дзяржаўныя расейскія тэлеканалы прыкладалі да таго, каб ачарніць яе бацьку.

«Я б наогул прапанавала - і бацька б мяне падтрымаў - каб усіх кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў уключылі ў санкцыйны спіс - за інфармацыйны тэрарызм. За тыя патокі хлусні, якія яны штодня праліваюць на галовы людзей, у выніку чаго ў людзей узнікае зусім скажоная карціна свету. Я думаю, яны павінны адказаць, і я спадзяюся, гэта будзе зроблена. Кулісцікаў, кіраўнік НТВ, Дабрадзееў, кіраўнік тэлеканала «Россия», Эрнст, кіраўнік «Первого канала» - усе яны павінны быць уключаныя ў санкцыйны спіс, таму што яны непасрэдна спрыяюць вайсковаму канфлікту ва Украіне», - заяўляе Нямцова.

Жанна Нямцова чакае, што яе цяперашнія выказванні прымусяць расейскія ўлады ставіцца да яе як да палітычнага актывіста - хоць дагэтуль яна такім не была.

«Вы ведаеце, я заўсёды была песімістам. Але гэта забойства перавярнула ўсё маё жыццё. Не тое, каб я мела нейкія ілюзіі, але я, вядома, не думала, што гэта ў прынцыпе магчыма. Шчыра кажучы, я дагэтуль не магу паверыць у тое, што майго бацьку забілі», - прызналася Жанна Нямцова.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках