6 траўня 2024, панядзелак, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намесніца міністра гандлю: Беларусы ядуць занадта шмат бульбы і мяса

197
Намесніца міністра гандлю: Беларусы ядуць занадта шмат бульбы і мяса

Чыноўніца падтрымала Лукашэнку, які супраць «бульбы з мясам на ноч».

Беларусы ўжываюць больш рэкамендаванай нормы цукру, бульбы і мяса і менш за норму - рыбы, малака і садавіны, паведаміла намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч 12 сакавіка ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню абароны правоў спажыўцоў.

З ейных слоў, кожны беларус у сярэднім ўжывае 42 кг цукру ў год пры норме спажывання 30,8 кг, мяса - 91 кг (70 кг), бульбы - 179 кг (129 кг), алею - 17,7 кг (11, 7 кг).

Як паведамляе БелаПАН, у той жа час беларусы ў недастатковай колькасці ўжываюць у ежу малочныя прадукты - 260 кг у год на чалавека пры норме 354 кг, рыбы і рыбапрадуктаў - 14,9 кг (23 кг), садавіны - 69 кг (98,6 кг).

Як адзначыла намеснік міністра, у 2014 годзе продаж садавіны павялічыўся на 21%, агародніны - на 8,5%, рыбы і морапрадуктаў - на 7,4%, алею - на 7,1%, мясапрадуктаў - на 5,4%, крупы - на 4,6%, сыру - на 1,9%.

Акрамя таго, падкрэсліла Наркевіч, зніжаецца спажыванне тытуню і алкаголю. Продаж тытунёвых вырабаў летась скараціліся на 9,4%, алкаголю - на 7%. У той жа час адбыліся змены ў структуры спажывання алкагольнай прадукцыі: продаж віна павялічыўся на 3,4%, каньяку і каньячных напояў - на 16,7%, слабаалкагольных напояў - на 1,3%, але на 10% скараціўся продаж гарэлкі і лікёраў , на 0,7% - пеністых вінаў і шампанскага, на 8% - пладовых вінаў, на 3,7% - піва.

Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў адзначаецца 15 сакавіка і сёлета праходзіць пад дэвізам «Здаровае харчаванне - выбар сучаснага спажыўца».

Нагадаем, раней Лукашэнка раскрытыкаваў харчаванне беларусаў і са шкадаваннем канстатаваў, што ў краіне не шануецца здаровы лад жыцця.

«Я, вядома, шмат што і сам паспрабаваў. Але вы мяне прабачце, навошта есці мяса з бульбай?» - заявіў Лукашэнка.

«Навошта ты на ноч жарэш бульбу з мясам? Як ты будзеш спаць?» - задаў ён рытарычнае пытанне. «Не з мясам, з'еш з селядцом», - працягнуў ён.

«Спортам мы не хочам займацца, жаром абы што і як патрапіла. Самі сябе труцім», - сказаў ён.

Напісаць каментар 197

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках