2 траўня 2024, Чацвер, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Попыт на жыллё ў Менску змяншаецца

18
Попыт на жыллё ў Менску змяншаецца

На рынку арэнды жылля ў Менску дысбаланс.

Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў.

«Колькасць арандатараў, якія жадаюць зняць жыллё ў арэнду, не паменшылася, а павялічаны аб'ём прапановы на рынку дае шырокія магчымасці выбару кватэр. Усё гэта дазволіла рынку арэнды жылля адысці ад «рынку ўласнікаў» і прыйсці да дыялогу бакоў на роўных умовах», - адзначыў экспэрт.

На ягоную думку, «уласнікам, каб прыцягнуць арандатара, ужо мала проста прапанаваць чыстую і без дэфектаў кватэру паблізу ад станцыі метрапалітэна. Кватэра павінна мець базавы набор мэблі (кухня, стол, крэслы, канапа/ложак, шафа-купэ), бытавую тэхніку (лядоўня, тэлевізар, мікрахвалевая печ, пральная машына-аўтамат) і акуратны рамонт (падлогі лінолеум або ламінат, шпалеры без істотных дэфектаў, аздабленне сцен ваннага пакою і санвузла кафляй)». Пры гэтым кошт арэнды кватэры не павінен перавышаць 280 даляраў на месяц для аднапакаёвых, 380 - для двухпакаёвых і 440 - для трохпакаёвых кватэр. У названыя сумы не ўваходзяць камунальныя плацяжы.

Разам з павелічэннем аб'ёму прапановы на рынку арэнды жылля, адзначае экспэрт, пачасціліся і выпадкі махлярства, калі ўласнікі наважваюцца на самастойны пошук арандатараў і наадварот. «У выніку апошнім часам часта можна пачуць пра нядобрасумленных арэндадаўцаў, якія пасля атрымання першай сумы арэндных плацяжоў знікаюць. А кватэра, абраная арандатарам, у выніку аказваецца ўжо здадзенай законным уласнікам іншаму арандатару або не здаецца зусім», - адзначыў Чарнышоў.

Паводле ягонай інфармацыі, гэтак жа часта сустракаюцца і несумленныя арандатары.

«Звязаўшыся з такімі, уласнік рызыкуе атрымаць у якасці жыхароў сваёй кватэры не заяўленую першапачаткова прыгожую дзяўчыну, а цэлую кампанію асоб без пэўнага месца працы, якія не асабліва клапоцяцца аб выніковым стане кватэры. Такія арандатары, як правіла, затрымліваюць аплату і раптам знікаюць, пакінуўшы ўласніку кватэру ў вельмі жаласным стане», - папярэдзіў экспэрт.

«Каб пазбегнуць такіх непрыемнасцяў, арандатарам варта пераканацца, ці з'яўляецца арэндадаўца ўласнікам гэтай кватэры, праверыць дакументы, якія пацвярджаюць яго права ўласнасці. А ўласнікам здадзеных у арэнду кватэр неабходна старанна падыходзіць да выбару арандатараў, прынамсі, даведвацца, дзе яны працуюць, і абавязкова ўкладаць дамову найму. Бо без дамовы прыцягнуць арандатараў да адказнасці будзе значна цяжэй, чым з дамовай», - рэзюмаваў Чарнышоў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках