30 красавiка 2024, aўторак, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскія вайскоўцы пачалі навучаць украінскіх жаўнераў

3
Брытанскія вайскоўцы пачалі навучаць украінскіх жаўнераў

Гэта першая такая працяглая праграма навучання ўкраінскага войска замежнікамі з пачатку канфлікту.

Брытанскія вайсковыя інструктары пачалі навучаць вайскоўцаў украінскага войска, якія змагаюцца з сепаратыстамі на ўсходзе Украіны. 35 інструктараў, якія пачалі працу ў Мікалаеве, правядуць у краіне два месяцы, паведамляе BBC.

Пра пастанову адправіць ва Украіну брытанскіх вайскоўцаў у ролі дарадцаў і трэнераў на мінулым тыдні абвясціў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран.

Са слоў прэм'ера, брытанцы навучаць украінскіх вайскоўцаў навыкам вядзення пяхотнага бою, лагістыцы, аналізу выведвальных звестак і аказанні медыцынскай дапамогі.

Гэта першы выпадак з пачатку канфлікту на Данбасе, калі заходняя краіна пачала доўгатэрміновую трэніровачную вайсковую праграму ва Украіне.

Чакаецца, што цягам найбліжэйшых тыдняў ва Украіну прыедуць яшчэ некалькі вайскоўцаў з Брытаніі - у агульнай складанасці, як паведамляў раней Дэвід Кэмеран, іх будзе 75. Брытанскі ўрад таксама пастаўляе ўкраінскім узброеным сілам несмяротны рыштунак: аптэчкі, прыборы начнога бачання і спальныя мяшкі.

Размяшчэнне дзясяткаў вайсковых інструктараў уяўляе сабой хутчэй сімвалічны крок, які ніяк не памяняе баланс сіл у канфлікце.

Пра намер накіраваць ва Украіну вайсковых трэнераў абвясцілі таксама Злучаныя Штаты. Прэзідэнт Барак Абама прыняў пастанову найбліжэйшым часам арганізаваць трэніроўку для 780 украінскіх вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі. Пра гэта ўкраінскаму прэзідэнту Пятру Парашэнку распавёў у тэлефоннай размове віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Таксама амерыканскі віцэ-прэзідэнт анансаваў перадачу ўкраінскаму войску першай партыі вайсковых аўтамабіляў у канцы сакавіка.

Рэжым спынення агню ўвайшоў у дзеянне 15 лютага ў адпаведнасці з менскімі дамовамі і ў асноўным выконваецца, нягледзячы на перыядычныя абстрэлы.

Паводле звестак ААН, больш за шэсць тысяч чалавек загінулі з пачатку канфлікту ва Украіне летась, аднак рэальная колькасць можа быць значна большай.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках