29 красавiка 2024, панядзелак, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-старшыня Іўеўскага райвыканкама абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады

4
Экс-старшыня Іўеўскага райвыканкама абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады

Следчым камітэтам Беларусі завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога старшыні Іўеўскага райвыканкама Гарадзенскай вобласці.

Як паведамілі БелаПАН у цэнтральным апараце СК, чыноўнік цягам 2012-2014 гадоў насуперак інтарэсам службы, відавочна выходзячы за межы правоў і паўнамоцтваў, учыніў шэраг злачынстваў карупцыйнай накіраванасці.

Следствам устаноўлена, што абвінавачаны, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, даваў незаконныя ўказанні прадпрыемствам раёна з мэтай здабывання матэрыяльнай выгады для сябе і сваіх блізкіх. Для асабістых патрэб і ў інтарэсах знаёмых былым старшынём выкарыстоўваліся тэхніка, праца работнікаў пры выкананні будаўніча-мантажных прац пры ўзвядзенні свайго дома, таварна-матэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемстваў і арганізацый Іўеўскага раёна. Акрамя таго, былы кіраўнік райвыканкама даваў указанні аб выдаванні зямельных участкаў ва ўласнасць сваім знаёмым, а таксама аб адчужэнні на іх карысць сельскагаспадарчай тэхнікі прадпрыемстваў раёна заніжаным коштам. Гэтую тэхніку ён пасля выкарыстаў на будаўніцтве ўласнага дома.

Чыноўнік даў незаконныя ўказанні кіраўнікам прадпрыемстваў раёна падключыць яго хату да раённай электрасеткі, абсталяваць на прысядзібным участку штучны вадаём.

У СК адзначаюць, што супрацьпраўныя дзеянні службовай асобы прычынілі істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, дыскрэдытавалі дзейнасць выканкама, спрыялі фармаванню ў грамадстве фальшывага ўяўлення аб усёдазволенасці ў органах улады.

У часе папярэдняга расследавання ўстаноўлена больш за 20 эпізодаў злачыннай дзейнасці былога чыноўніка.

Дзеянні былога старшыні райвыканкама кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў).

Абвінавачаны прызнаў віну ва ўчыненых злачынствах. Прычыненую матэрыяльную шкоду, якая склала больш за 200 мільёнаў рублёў, кампенсаваў цалкам.

Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, ужытая на стадыі папярэдняга следства, не змянілася.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках