1 траўня 2024, Серада, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шведская TeliaSonera дапамагае Лукашэнку блакаваць сайты

3
Шведская TeliaSonera дапамагае Лукашэнку блакаваць сайты

Даччыная фірма кампаніі TeliaSonera ў Беларусі - ЗАТ «Бэст» - блакуе доступ да незалежных сайтаў.

Пра гэта піша кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла ў сваім блогу (пераклад - charter97.org).

ЗАТ «Бэст», якое з'яўляецца аператарам мабільнай сувязі Life, заблакавала сваім карыстальнікам доступ да шэрагу незалежных сайтаў. Кліенты кампаніі не могуць зайсці на charter97.org, «Беларускі партызан», старонку праваабарончага цэнтра «Вясна», піша Марцін Угла.

Праваабаронца падкрэслівае, што абаненты, якія спрабуюць увесці адрасы гэтых сайтаў, атрымліваюць паведамленні аб тым, што доступ да іх немагчымы ў адпаведнасці з указам №60, прынятым Аляксандрам Лукашэнкам.

Аператар Life належыць кампаніі «Бэст», якая ў сваю чаргу знаходзіцца пад кантролем турэцкай фірмы Turkcell. TeliaSonera валодае 38 адсоткамі акцый апошняй. Шведская дзяржава валодае больш як 37 адсоткамі акцый у TeliaSonera.

«На практыцы гэта азначае, што шведскі ўрад і TeliaSonera ўскосна спрыяюць злачынствам рэжыму Лукашэнкі супраць свабоды выказвання меркаванняў. Такое адбываецца не першы раз, калі блакуюцца сайты. Былы міністр фінансавых рынкаў Швецыі Пітэр Норман у свой час падвергнуў TeliaSonera жорсткай крытыцы і запатрабаваў, каб кампанія паставілася з вялікай павагай да правоў чалавека ў сваёй дзейнасці. Пытанне ў тым, як паступіць цяперашні ўрад», - рэзюмуе Марцін Угла.

Нагадаем, некалькі дзён таму беларускія інтэрнэт-правайдэры атрымалі спіс абмежаванага доступу, які будзе распаўсюджвацца на ўсіх карыстальнікаў у краіне. Дакумент складзены на аснове папярэдняга «чорнага» спісу РУП «БелДІЭ», куды былі ўключаныя, у тым ліку, незалежныя навінавыя сайты charter97.org і «Беларускі партызан». Раней паводле спісу блакаваліся непажаданыя старонкі для карыстальнікаў з дзяржструктур, устаноў адукацыі і культуры, цяпер жа забарона распаўсюдзіцца на ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў з Беларусі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках