26 красавiка 2024, Пятніца, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Марачкін адзначае 75-годдзе

15

Алесь Марачкін - адзін з самых яркіх мастакоў сучаснай Беларусі - адзначае 75-годдзе.

Ён аўтар выдатных палотнаў «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля», «Палеская мадонна», партрэтаў Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, піша «Наша Нiва».

 

- Вас, мабыць, ужо паспелі павіншаваць з юбілеем: у вас жа дзве даты дня нараджэння.

- Так, паспелі. Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну. Сапраўдны мой дзень нараджэння - 30 сакавіка, «на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся», як маці сказала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзесятка спадабалася. Так і з'явілася 10 сакавіка. І пайшло «гуляць» у афіцыйных дакументах. А ў даведніках мастацтва ўжо фігуруе 30 сакавіка.

Гэта ж было перад вайной. Бацька паехаў на заробкі. А калі шчыра казаць, ён бег ад НКВД. У 1938 ці 1939 яго хацелі паставіць старшынёй сельсавета. А хтосьці яму шапнуў, што папярэдняга старшыню арыштавалі. І сказалі: «Антон Мікалаевіч, бяры торбу, сухары і едзь куды далей».

- І як склаўся яго далейшы лёс?

- Ён паехаў добраахвотна на Далёкі Усход. А вярнуўся ў 1941-м. Тады быў заклік - і яго забралі на вайну. Быў на перадавой: параненых і забітых выносіў. Адзін раз быў лёгка паранены асколкам у руку. Атрымаў ордэн баявога Чырвонага Сцяга.

- Кім былі бацькі?

- Маці - Хадора Хролаўна, вясковая дзяўчынка, пісаць, чытаць не ўмела, але распісвацца навучылася. І грошы лічыла. А бацькам - я ганаруся! - вясковы інтэлігент. Пасля вайны ён завочна скончыў Магілёўскае культасветвучылішчы і быў сельскім бібліятэкарам. І праз мае рукі заўсёды праходзілі кніжкі. Асабліва падабаўся часопіс "Огонёк", бо ў ім былі каляровыя ўкладышы з рэпрадукцыямі карцін расейскіх мастакоў.

 

Чытаць я навучыўся яшчэ да школы. Школьнікам ужо маляваў. У пятым класе я дагнаў Івана, якога звалі Емеля: ён тры гады прасядзеў у адным класе. Той сказаў: «Ляксейка, навошта табе гэтая школа, ты і так усё ведаеш». І я ўсю зіму прагульваў школу... На лыжах каталіся! Але сігналы бацьку сталі паступаць: ён мяне ганяў. І ў 5 класе я застаўся на другі год. А потым бацькаў рэмень зрабіў сваю справу - і я скончыў 10 класаў.

- Бацька - сельскі інтэлігент. Ён ухваліў Ваш выбар стаць мастаком?

- Казаў: «Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш - толькі і маляваў бы». А я на замёрзлых вокнах узоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, ці прывёз ён з вайны швейную машынку ці нешта такое, але прывёз кучу паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі карцін з Дрэздэнскай галерэі, Луўру. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё сам спасцігаў.

У нас на Магілёўшчыне мужыкі не казалі: «Намалюй мяне». Казалі: «Скрытыкуй». Справа ў тым, што пасля вайны вельмі папулярным быў часопіс «Вожык», а ў ім - адны карыкатуры. І мяне запрашалі ў школьных або калгасных насценгазетах «скрытыкаваць» кагосьці. Але адзін раз мяне ўразіў аднакласнік. «За што ты майго бацьку скрытыкаваў?» А той быў п'яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы «ганарар».

Адзін старэйшы хлопец з маёй школы, Вася Сталяроў, паступіў у Меанскае мастацкае вучылішча. Мне былі цікавыя яго малюнкі, я яму свае паказваў. І гэта таксама паўплывала: мне захацелася ў вучылішча. Але паводле конкурсу не прайшоў. Памятаю, тады дырэктар Краснеўскі выклікаў такіх, як я, і сказаў: «Хлопцы, тут перабор. Бярыце дакументы і едзьце ў Віцебск: там без конкурсу вас прымуць». Прынялі. І наш выпуск быў першым на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Са мной вучыліся тыя, хто ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва. Перш Мікалай Кірэеў і Фелікс Гумен.

Потым мяне забралі ў войска. Але мяне раздзірала, што я не атрымаў таго, чаго хацеў. А хацелася вучыцца ў Маскоўскай або Ленінградскай акадэміі мастацтваў, хоць і папярэджвалі, што безнадзейна - без знаёмства не паступіш.

 

«Як я спаліў танк»

- Я служыў танкістам у Печах. Але жаўнер я быў нікуды не варты - танк спаліў.

- Як гэта?

- Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напружання - і пачала гарэць праводка, з'явілася полымя. Я ледзь уцёк. І танк выгарэў дашчэнту: чорны стаяў на белым снезе. І старшына Галапупенка пастаянна казаў: «Глядзіце, якія страты радавы Марачкін нанёс нашай доблеснай Савецкай арміі». «Ты ведаеш, колькі ты кароў спаліў?» - казаў ён (адзнака была не ў гарэлцы ці валюце, а ў каровах). На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А потым навучылі і танкам кіраваць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху.

- У войску была магчымасць маляваць?

- Была. На другім годзе службы мы з адным хлопцам у Доме афіцэраў арганізавалі студыю. Вучылі дзяцей маляваць. З Барысава нават у Печы прыязджалі. Адзін цяпер вядомы мастак - Мікалай Ісаёнак - займаўся тады ў мяне. Ён дагэтуль гаворыць: «Ты ж мой настаўнік».

Пасля войска некаторы час я працаваў у школе №4 у Жодзіна. Жонка туды з маленькім сынам пераехала. І я пайшоў вучыцца. Конкурс у Тэатральна-мастацкім інстытуце тады быў велізарны: 9 чалавек на месца. Я паступіў да прафесара Івана Ахрэмчыка. У маім лёсе ён адыграў вялікую ролю. Казаў: «Я цябе ганяю, але з цябе толк выйдзе».

 

«Латушка папрасіў у мяне партрэт Багдановіча»

- У 1989 годзе вы адмовіліся ад звання заслужанага мастака БССР. Творцам звання не патрэбныя?

- Званне давалі групе мастакоў, і чалавекі тры адмовіліся. Тады толькі фармавалася наша аб'яднанне мастакоў «Пагоня». І мы хацелі зламаць стэрэатыпы, званні. Для рэжыму гэтыя званні патрэбныя, каб прыручаць, каб ад іх залежалі. А хацелася быць свабодным. І потым, на адным са з'ездаў саюза мастакоў, гучала ініцыятыва скасаваць званне «народнага», «заслужанага» - не пазбавіць тых, хто іх ужо атрымаў, а скасаваць іх на будучыню. Толькі адзін чалавек устрымаўся, астатнія прагаласавалі «за». Але ўсё пакацілася па сцежцы былога Савецкага Саюза.

- Вы ўваходзілі ў аргкамітэт у стварэнні БНФ. Чаму не пайшлі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, каб вось такія пытанні і развязаць?

- Што ты, маладыя гады былі! Я ішоў у народныя дэпутаты. У мяне апанентам быў Чаргінец. Цікава, што тады завалілі і мяне, і яго. А потым быў новы тур - але я не ўдзельнічаў.

- Адносіны з уладамі ў Вас не складаюцца. Карціны часта здымаюць з мастацкіх выстаў праз іх палітызаванасць. А некалькі гадоў таму Вы хадзілі на сустрэчу з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам. З чым звярталіся да чыноўніка?

- Паўла Латушку я ведаў яшчэ да міністэрства, і калі ён не быў яшчэ нават амбасадарам у Польшчы. Ён прыходзіў да мяне ў майстэрню. Я яму карціну пісаў - ён тады папрасіў у мяне Багдановіча. Я бачыў, што гэта вельмі сціплы і культурны чалавек. Здавалася, што ў яго вялікая будучыня. І калі ён стаў міністрам культуры, захацелася сустрэцца. Ён яшчэ сказаў: «У мяне на шафе вось стаіць рэпрадукцыя Вашага трыпціха, прысвечанага 1000-годдзю летапіснай Літвы». Я прапанаваў яму стварыць грамадскі орган пры міністэрстве з экспэртаў, якія б выказвалі меркаванні адносна культурных падзей. Ён пайшоў на гэта. Але затым усё павалілася - не працуе.

- У Беларусі ёсць багаты бізнэсовец Алег Хусаенаў, які калекцыянуе карціны. Вашы творы ў яго ёсць?

- Не ведаю яго. Я рэдка калі даю карціны на продаж. Раблю выставы, творы з якіх прадаюцца. Часам спецыяльна прыходзяць да мяне людзі. У Літве ёсць бізнэсовец, які купляе ў мяне нонканфармісцкія творы. Я не бачыў, але кажуць, што ён іх у офісе выставіў. А тут многія баяліся такія карціны на выставе паказаць. Ёсць мастакі «падкапытныя», як я іх называю, якія выконваюць дзяржаўныя заказы. Мяне ж не запрашаюць. Але я не бядую.

Чыноўнікі не хочуць мяне заўважаць. І навошта я пішу такія карціны? Мае калегі кажуць: пішы кветачкі, якія ўмееш, а не на палітычныя тэмы. Але я пішу тое, пра што думаецца. А перад палатном я - як на споведзі. Гэты негатыў я выплюхваю на палатно.

Вось пра што хацеў бы сказаць. Сёння мастакі стогнуць ад надмернай платы за майстэрні. Я атрымліваю пенсію 3,8 мільёна рублёў, а плаціць трэба амаль 4 мільёны за майстэрню. Добра, што з сынам Ігарам напалову тут працуем і плацім. Шмат хто так і адмовіліся ад майстэрняў.

Чаму царкоўныя структуры, у першую чаргу праваслаўныя, вызваленыя ад падаткаў, а мы, мастакі, хіба не працуем на фронце духоўных каштоўнасцей, не? Што мы, карціны на той свет забярэм? Тут застануцца...

 

***

Аляксей Марачкін — мастак, педагог. Творчы псеўданім Алесь Мара. Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 года ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёна. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Сябра Саюза мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Яго пэндзлю належаць палотны «Маці Божая ахвяр Чарнобыля», «Палеская мадонна», партрэты Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі. Піша і на палітычныя падзеі («Навала», «Хрыстос і Антыхрыст», «Какей»).

Аўтар паэтычнай кнігі «Калодзеж у жыцё».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках