3 траўня 2024, Пятніца, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія НПЗ недалічыліся мільярда даляраў

6
Беларускія НПЗ недалічыліся мільярда даляраў

Праз зніжэнне кошту нафты Беларусь недаатрымае ў 2015 годзе вывазных мыт за выпрацаваны з расейскай сыравіны прадукт на 1 млрд даляраў.

Пра гэта паведаміў журналістам 14 красавіка намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, піша БелаПАН.

«Што да непасрэдна вывазных мыт, то зацверджаны ў кантрактах кошт нафты 83 даляры за барэль, іх павінна было паступіць звыш 2 млрд даляраў. Пры ўдакладненай ацэнцы бюджэту - гэта амаль 50 даляраў за барэль - гэтая сума знізілася да 1 млрд даляраў», - сказаў ён.

Аб значным зніжэнні прыбытковасці нафтаперапрацоўкі праз падатковы манеўр, які праводзіцца Расеяй, кажуць і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Сутнасць падатковага манеўру Расеі палягае ў значным зніжэнні экспартных мыт на нафту і нафтапрадукты пры адначасовым падвышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў.

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара МНПЗ Уладзімір Сізоў, выступаючы 14 красавіка на канферэнцыі, арганізаванай у Менску кампаніяй Confidence Capital, кошт нафты змяніўся як на фоне зніжэння сусветных коштаў, так і ў выніку рэалізацыі падатковага манеўру.

«Да падатковага манеўру кошт нафты складаў 340 даляраў за тону (за вылікам мыт), з улікам параметраў падатковага манеўру - 220 даляраў», - сказаў Сізоў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выніку падатковага манеўру «у кошце нафты сума таго кошту, які завод непасрэдна выплачвае пастаўшчыкам нафты, павялічылася з 48% да 66%».

«Адпаведна, памяншэнне мыт на нафту і нафтапрадукты прычынілася да таго, што калі ў снежні 2014 каэфіцыент кошту экспартнага кошыка рэалізаваных нафтапрадуктаў да кошту нафты складаў прыкладна 1,7, то па выніках працы ў студзені і лютым 2015 гэты паказчык знізіўся да 1,3 і 1,2», - канстатаваў Уладзімір Сізоў.

Гэта значыць, удакладніў ён, «на тону перапрацоўкі нафты даходнасць ад экспарту ў нас у параметрах падатковага манеўру значна знізілася».

Калі яшчэ ў кастрычніку 2014 даходнасць беларускіх НПЗ ад перапрацоўкі тоны расейскай нафты складала прыкладна 30 даляраў, то ўжо да сакавіка 2015 гэты паказчык знізіўся да 10 даляраў.

Са слоў намесніка міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко, пасля ацэнкі працы нафтахімічнага комплексу, эканомікі краіны агулам за першы квартал, беларуская і расейская старана вернуцца да абмеркавання параметраў падатковага манеўру.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках