28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На ААТ «Івацэвічдрэў» - масавыя скарачэнні

40
На ААТ «Івацэвічдрэў» - масавыя скарачэнні

Заробкі абрынуліся ў разы, а склады заваленыя гатовай прадукцыяй.

Дрэваапрацоўчы завод, на якім прайшла мадэрнізацыя, перажывае крызіс. Рабочыя кажуць аб звальненні 300 чалавек. Пра гэта «Радыё Свабода» распавёў грузчык Сяргей Дубойскі, які таксама трапіў пад скарачэнне.

На ААТ «Івацэвічдрэў» у Івацэвічах Берасцейскай вобласці працуе амаль 1000 чалавек. Некалькі гадоў таму тут адкрылі новы цэх. У 2012 годзе з інспекцыяй сюды прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Ён зняў з пасады старога дырэктара Барыса Міхнюкa і прызначыў кіраваць прадпрыемствам Уладзіміра Шульгу, былога кіраўніка канцэрна «Беллеспаперапрам». Публічнае звальненне ганаровага жыхара горада жыва абмяркоўвалася ў Івацэвічах. Многія работнікі выказвалі шкадаванне з гэтай нагоды.

Адразу з прыходам Уладзіміра Шульгі, распавядае Сяргей Дубойскі, на прадпрыемстве падняліся заробкі. Грузчык драўнянастружкавых пліт паказвае свае разліковыя лісткі, згодна з якімі ён атрымліваў у 2013 годзе 8-9 мільёнаў рублёў.

Цяпер заробкі часам не дасягаюць і трох мільёнаў. За сакавік 2015 года Сяргей Дубойскі павінен быў атрымаць 2 800 000.

«Кажуць, што калі сыходзіў Міхнюк, то пакінуў ашчадак - дзесьці 5 мільярдаў. Так бы мовіць, на «чорны дзень». Шульга гэты запас адразу растраціў, каб падняць заробкі. Ну, а як падняць? З чаго ж ён падняў?» - кажа Сяргей Дубойскі.

Крызіс на прадпрыемстве рабочы звязвае з пастаўкамі ў Расею.

«Калі паглядзець - то ўсе склады ў горадзе заваленыя драўлянымі плітамі, збыту няма. Працы няма. Адкрылі новы цэх па выпуску дошак на старым заводзе. Але дошкі таксама нікому не патрэбныя. Усё завалена, стаіць і гніе. З плітамі ДСП таксама збыту няма - на мінулым тыдні амаль зусім вагонаў не было. Расея адмовілася, бо высокія кошты», - кажа супрацоўнік прадпрыемства.

У Сяргея Дубойскага двое дзяцей, малодшаму - усяго 8 месяцаў, жонка ў адпачынку па догляду за дзіцём. Ён кажа, што фактычна быў карміцелем сям'і.

Журналісты спыталі, ці не баіцца ён так адкрыта распавядаць пра праблемы на прадпрыемстве. Сяргей Дубойскі патлумачыў, што яму няма чаго губляць. Застаўшыся без працы на «Івацэвічдрэве», ён плануе пераязджаць у іншы горад, бо ў Івацэвічах іншай працы так і не знайшоў.

«Калі ўжо шчыра, то я не павінен трапляць пад скарачэнне, бо ў мяне маленькае дзіця і жонка ў дэкрэце. Але я ўжо не спрачаюся, не бачу перспектыў на гэтым прадпрыемстве, буду з'язджаць. А чаму звальняюць? Таму што не любілі. Усё пачалося яшчэ тады, калі я пісаў скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Тут пабудавалі ад завода новы інтэрнат, і я спрабаваў выбіць там кватэру, хадзіў да дырэктара, і мне адмовілі. Ну, а ў мяне ж дзіця, я і наважыў напісаць Лукашэнку», - распавядае Сяргей Дубойскі.

Адказ з адміністрацыі быў вернуты ў Івацэвіцкі райвыканкам, але і там праблему Сяргея не развязалі. Ён так і жыве на здымнай кватэры, плаціць 50 даляраў.

Пасля скаргі Лукашэнку начальства пачало ставіцца да Сяргея Дубойскага насцярожана. Ён яшчэ некалькі разоў выказваў пратэст, калі рабочых прымушалі выконваць працу, якая не ўваходзіць у іх абавязкі. Цяпер супрацоўнік прадпрыемства трапіў пад першую хвалю звальнення.

«Адпрацаваў без спагнанняў, ніколі п'яным не бачылі, я не злоўжываю алкаголем. Хто першы павінен трапляць пад скарачэнні? Тыя, хто мае спагнанні. Ёсць жа і п'яніцы, але яны працуюць... А мне намякнулі, што раз такі разумны, пішаш лісты Лукашэнку, то і патрапіў пад скарачэнне», - тлумачыць Сяргей.

Пракаментаваць інфармацыю аб масавым звальненні журналісты папрасілі намесніцу генеральнага дырэктара ў ідэалагічнай і кадравай рабоце Людмілу Пытляк. Тая распавяла, што гэта толькі чуткі.

«Гэта дакладна чуткі. Хіба што рабочы, які вам распавёў, больш ведае. Ёсць нейкія скарачэнні, як усюды, але не 300 чалавек», - сказала яна.

Нагадаем, у апошні час многія прадпрыемствы пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць працаўнікоў пісаць заявы аб адпачынках за свой кошт. Так, толькі на пачатаку сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Мінскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках