8 траўня 2024, Серада, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў ізалятарах часовага ўтрымання гінуць людзі?

12
Чаму ў ізалятарах часовага ўтрымання гінуць людзі?

Работнікі ІЧУ не спяшаюцца надаваць медыцынскую дапамогу затрыманым.

Супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрымання (ІЧУ), куды дастаўляюцца адміністрацыйна арыштаваныя і адміністрацыйна затрыманыя грамадзяне зазвычай апытваюць затрыманых аб стане іхняга здароўя для выяўлення тых, хто мае патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамозе. А ў выпадку скаргаў на стан здароўя дзяжурны павінен неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, піша ПЦ «Вясна».

Пры гэтым дзяжурныя ІЧУ кіруюцца Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2007 № 194 «Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту», а таксама Пастановай МУС РБ ад 20.10.2003 № 234 «Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў».

Але часцяком узнікае патрэба надання пільнай медыцынскай дапамогі падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту. У такой сітуацыі работнікі ІЧУ не заўсёды ідуць насустрач, бо наказаў аб патрэбе неадкладна надаць медыцынскую дапамогу зняволеным пры відавочных прыкметах захворвання гэтыя міністэрскія Правілы не змяшчаюць. Вынікі такой бяздзейнасці могуць быць самымі непрадказальнымі, аж да смяротнага.

Менавіта з гэтай прычыны юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка 1 красавіка звярнуўся з лістом да міністра ўнутраных спраў Беларусі. Нагодай жа паслужыла пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС у сувязі з загубай Аляксандра Акуліча ў ІЧУ Светлагорскага РАУС: пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ і кантралёры з Гомельскага УУС мяркуюць, што медыцынскую дапамогу яны павінны выклікаць толькі ў выпадку, калі хвароба выяўляецца падчас прыймання зняволенага. А ў іншых выпадках выклікаць хуткую не абавязкова.

Павел Сапелка ўважае, што пры выкананні абавязкаў супрацоўнікі міліцыі найперш павінны кіравацца не Правіламі ўнутранага распарадку..., а Законам «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17.07.2007 № 263-З, артыкул 23 якога абвяшчае «Супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен зрабіць захады для неадкладнага надання медыцынскай ды іншай патрэбнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў, асобам, якія знаходзяцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане».

У сувязі з гэтым Павал Сапелка звяртае ўвагу на такі нарматыўны казус і просіць міністра ўнутраных спраў дастасаваць «Правілы ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў» да вышэйзгаданага Закону і зліквідаваць зазначаны прагал.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках