8 траўня 2024, Серада, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Эстоніі: Еўропа не гатовая да агрэсіі Расеі

Прэзідэнт Эстоніі: Еўропа не гатовая да агрэсіі Расеі

Многія еўрапейскія краіны скарачаюць выдаткі на абаронны сектар, нягледзячы на дамоўленасці на саміце ў Уэльсе.

Пра гэта заявіў прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес у інтэрв'ю Delfi, піша АФН.

"Мы чытаем у газетах, што нямецкае войска на вучэннях выкарыстоўвае венікі, бо ў іх няма зброі, і гэта паказвае, што мы не гатовыя. Толькі праз год Еўропа наважыла, што неабходна супрацьстаяць прапагандзе.

Пасля майго візіту на Брусэльскі форум мне стала зразумела адно - калі заходнія лідары ведалі, як рэагаваць, калі Савецкі Саюз праводзіў нейкія неправамерныя дзеянні, то на сёння чыноўнікі не ведаюць, як рэагаваць, калі Расея учыняе ўварванне на чужыя тэрыторыі, яны аддаюць перавагу маўчаць", - сказаў Ільвес.

У той жа час прэзідэнт падкрэсліў, што Эстонія абароненая як ніколі раней, але Захад залішне саступае Расеі ва ўкраінскім пытанні.

"Аднак галоўнае пытанне ў тым, што мы ў NАТО, а Украіна - не. Украіне Альянс не дапаможа, бо яна не з'яўляецца яго чальцом. Акрамя таго, NАТO не дапаможа Фінляндыі і Швецыі. Гэта Расмусэн выразна сказаў тры гады таму, калі ён быў генеральным сакратаром NАТО", - сказаў прэзідэнт Эстоніі.

Ільвес таксама падкрэсліў, што не варта турбавацца пра горад Нарву, дзе жыве шмат этнічных расейцаў і які нібыта можа стаць наступнай мэтай "зялёных чалавечкаў".

"Расейская меншасць ёсць ва Украіне, таксама яна ёсць у Эстоніі, Латвіі і Літве. Але калі шахцёр на Данбасе зарабляе ад 150 да 200 еўра ў месяц, то этнічныя расейцы ў Эстоніі на шахце зарабляюць ад 1500 да 2000 еўра ў месяц. Гэта вялікая розніца.

Жыхары Нарвы пераходзяць праз раку ў суседнюю краіну - а яны робяць гэта часта, бо там усё танней, - і бачаць, які там узровень дзяржаўных паслуг і якасць жыцця. Калі вы жывяце ў Нарве, вы можаце працаваць дзе заўгодна ў Еўропе, калі вы жывяце ў Івангорадзе, то вам спачатку трэба атрымаць візу ў Санкт-Пецярбургу", - сказаў прэзідэнт Эстоніі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках