26 красавiка 2024, Пятніца, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзіўны канцэрт для госця з Масквы

35
Дзіўны канцэрт для госця з Масквы

Дзіця вярнулася са школы і распавяло дзіўную гісторыю.

Іх хор, у агульнай складанасці 40 чалавек, вазілі выступаць у адну дзяржустанову. Спявалі яны там перад «адным адзіным дзядзечкам» - як патлумачылі, высокім госцем з Масквы.

Пры больш дэталёвым апытанні высветліліся дзіўныя акалічнасці, пацверджаныя таксама іншымі ўдзельнікамі гэтага дзіўнага «канцэрта». Дзеці расказалі, што іх завезлі ў дзяржаўную ўстанову (апусцім яе назву) і размясцілі ў вялікай зале перад асобна накрытым сталом, за якім сядзеў той самы «расейскі госць». Па адну руку ад яго стаяў святар, за спіной - «некалькі дзядзечак» (па ўсёй бачнасці, з мясцовых чыноўнікаў).

Пакуль дзіцячы хор (нагадаю, з 40 чалавек) спяваў песні духоўнага зместу (малітвы, спевы), «дзядзечка еў пірагі». Убачанае настолькі ўразіла ўдзельнікаў «канцэрта», якія звыклі выступаць перад вялікай публікай на сур'ёзных канцэртных пляцоўках, у тым ліку еўрапейскіх, што яны не хавалі сваіх эмоцый, называючы гэта абразлівымі эпітэтамі.

Наслухаўшыся песень, дзяцей адправілі дадому, нават не пачаставаўшы тымі самымі пірагамі. Такі вось выйшаў незвычайны канцэрт!

Шчыра кажучы, тое, што расейскія чыноўнікі часцяком заязджаюць у Беларусь як да сябе дадому, прагуляцца па казіно і клубах, сакрэтам ні для каго не з'яўляецца. Але вось каб так проста паабедаць пад спевы цэлага дзіцячага хору!.. Уяўляю, якія высокія пачуцці павінны былі рухаць ім у той момант.

Зрэшты, маю права выказаць здагадку, што праграму гэтага высокадухоўнага абеду расейскі госць складаў сабе не сам. Вельмі ўжо красамоўна гэты канцэрт характарызуе ўзаемаадносіны Расеі і Беларусі. Асабліва, калі на коне такі выратавальны крэдыт. Дзеля гэтага табе і «Калінку-малінку» станцуюць, і «Крыжачок» таксама. Прычым цэлым народам адразу. Тым больш што і пытацца ў яго ніхто не будзе.

Святлана Мецёлкіна, «Салiдарнасць»

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках