3 траўня 2024, Пятніца, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук прыпаркаваўся на газоне, бо ён «на джыпе» і яму «ўсё дазволена»

37

У адным з двароў сталіцы адбыўся канфлікт паміж кіроўцам на джыпе і жыхаром аднаго з навакольных дамоў.

Інцыдэнт адбыўся ў сераду на вуліцы Ураджайнай, недалёка ад Старавіленскага тракту. Надоечы там пачалася будоўля і будаўнічая тэхніка заняла амаль увесь двор, які фармальна належыць да будпляцоўкі. Днямі туды сталі прыязджаць і супрацоўнікі арганізацыі-забудоўшчыка на сваіх асабістых аўтамабілях. З адным з такіх ў чытача charter97.org Георгія Плашчынскага адбыўся непрыемны дыялог: сталася так, што кіроўца разважыў, што «ён VIP, бо ў яго ёсць «джып».

- Адзін такі супрацоўнік будаўнічай кампаніі сёння прыпаркаваў свой джып Mitsubishi Pajero проста ля выхаду з майго дома. Брамка адкрывалася ў двор, таму мы змаглі выйсці, але ў адваротным выпадку яна наўрад ці адкрылася б. Ды і наогул, гэта не этычна, паркавацца так блізка. Недалёка ёсць шмат месца, у тым ліку, тэрыторыя будаб'ектаў. Але не, яму спатрэбілася прыпаркавацца ў зялёнай зоне. Першай выйшла мая мама і ветліва папрасіла перапаркавацца, у адказ на што пачула: «Ды ты хто такая?» і «Чаму я павінен гэта рабіць?». Пачуўшы размову на падвышаных танах, выйшаў і я, а кіроўца наважыўся са мной патузацца. Пагражаў мне бойкай, на што я прыстрашыў яго адказнасцю паводле закону - бойку ён так і не распачаў. З выкарыстаннем лаянкі сцвярджаў, што калі ў яго ёсць джып, то ён усемагутны і яму ўсё дазволена. Джып, трэба сказаць, так сабе, зусім мяне не ўразіў, - распавёў Георгій Плашчынскі.

- Як Вы пазбавіліся ад хулігана?

- Пасля званка ў ДАІ тып сеў у аўто і адразу ўцёк. Інспектары, якія прыбылі параілі звярнуцца з заявай у міліцыю і прыкласці здымкі. Менавіта так я і мае намер зрабіць. Цяпер я рыхтую заяву. Як кажа адзін мой кітайскі сябар, this is magical Belarus. Не магу зразумець, адкуль у Менску ўзяліся ўсе гэтыя шаленцы ды нахабы?

- Ці былі раней у вашым двары канфлікты, звязаныя з няўдалай паркоўкай?

- Паркуюцца там гэтыя людзі з будоўлі ўжо не першы раз. Мала таго, што насупраць дома часта праязджае цяжкая будаўнічая тэхніка (самазвалы ды экскаватары), дык часам яе яшчэ і пакідаюць проста насупраць дамоў. Неяк раз мне нават давялося прасіць ад'ехаць кіроўцу самазвала. А ў суботу раніцай адзін экскаватар, стоячы на дарозе побач з самазвалам, манеўраваў проста побач з нашым плотам. Мы перажывалі, каб нам выпадкова не завалілі плот. А ўсё таму, што ўвесь зямельны надзел (дома 2/11, 4, 6, 8 на вуліцы Ураджайная і 35, 37, 39, 41 на вуліцы Чарвякова) ужо знаходзіцца ў карыстанні забудоўшчыка. Аднак ён вядзе будаўніцтва «з захопам», і таму не хоча разлічвацца з ўласнікамі. Хоць паводле пастановы Менгарвыканкама 2008-га №3026 ён яшчэ да пачатку будаўніцтва трэцяга этапу (у лютым 2014-га) павінен быў разлічыцца з усімі ўласнікамі дамоў, якія трапляюць пад наступны «захоп» і вызваліць будаўнічую пляцоўку ад дамоў.

Вось і ставілі б там свае Pajero колькі хочацца! Была б процьма месца. Але ТАА «Метадос» (забудоўшчык), відавочна, вельмі хоча зэканоміць на кожным шэлегу. Яны нават за дрэвы і хмызнякі грошы дагэтуль не выплацілі (яшчэ ў 2008 годзе ўзгаднілі суму кампенсацыі паводле курсу, за гэты час у 7-8 разоў сум кампенсацыі зменшыўся). Кагадзе Інспекцыя дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам у Менску аштрафавала дырэктара ТАА «Метадос» і прараба будоўлі за парушэнні пры арганізацыі будпляцоўкі.

- Як змагацца з тымі, хто думае, што ім усё можна?

- Метад развязання праблемы з паркоўкай, акрамя захавання пэўных этычных нормаў, зразумелых для кожнага чалавека, а таксама правілаў дарожнага руху - гэта эфектыўны кантроль гарадскіх уладаў, кантрольных органаў і грамадзянскай супольнасці за выкананнем заканадаўства. Дзеянне закона, кожны ведае, што павінен паважаць заканадаўства, пільнавацца правоў ды інтарэсаў іншых, інакш давядзецца сутыкнуцца з наступствамі.

Нагадаем, надоечы паступіла актуальная інфармацыя аб сітуацыі на вуліцы Ураджайнай, дзе з віны ТАА «Метадос» людзі жывуць у старых дамах, якія не падлягаюць рамонту. Жыхары васьмі дамоў, што паступова заняпадаюць праз забарону на іх мадэрнізацыю з прычыны канфіскацыі зямлі, дагэтуль не атрымалі абяцаныя кампенсацыі да пачатку будаўніцтва. Раней таксама паведамлялася аб тым, што жыхары тэрыторыі забудовы патрабуюць спыніць будаўніцтва элітнага жылля.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках