29 красавiка 2024, панядзелак, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк прагназуе ў Беларусі эканамічны спад

4
Сусветны банк прагназуе ў Беларусі эканамічны спад

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2015-2016 гадах знізіцца ў рэальным вымярэнні з прычыны слабага замежнага попыту і больш нізкіх коштаў нафты.

Такі прагноз утрымліваецца ў макраэканамічным аглядзе Сусветнага банку, прэзентацыя якога адбылася ў Менску 27 красавіка, паведамляе БелаПАН.

«Мы мяркуем, што ВУП Беларусі ў рэальным вымярэнні скароціцца на 3,5% у 2015 годзе і на 1% у 2016 годзе. Толькі ў 2017 годзе мы чакаем вяртання беларускай эканомікі на траекторыю росту», - заявіў на прэзентацыі макраэканамічнага агляду старэйшы эканаміст Сусветнага банку Руслан Піянткоўскі. Ён таксама адзначыў, што інфляцыя ў краіне ўсё яшчэ захоўваецца высокай і чакаецца банкам на ўзроўні 18,8% у гэтым годзе.

На думку экспэртаў Сусветнага банку, палітыка стымулявання ўнутранага попыту ў Беларусі, якая з'яўлялася асноўнай крыніцай росту ў папярэднія гады, вычарпала сябе. У той жа час, дадаюць яны, нафтавая галіна не здольная стаць стымулам эканамічнага росту Беларусі з прычыны нізкіх сусветных коштаў нафты.

«Улічваючы, што прадукты нафтаперапрацоўкі складаюць адну шостую частку прамысловага выпуску і больш за траціну беларускага экспарту, а кошты нафты прагназуюцца на нізкім узроўні, гэта акажа неспрыяльнае ўздзеянне на замежныя рахункі, даходы бюджэту і, як следства, на эканамічны рост», - гаворыцца ў аглядзе.

На думку экспэртаў Сусветнага банку, паслабленне беларускай эканомікі створыць ціск на рэальны заробак і можа прывесці да росту беспрацоўя, «тым самым ствараючы рызыкі павышэння ўзроўню беднасці».

«Аптымальнымі захадамі палітыкі, якія распачынаюцца ў адказ на існыя рызыкі, сталі б павышэнне празрыстасці і адраснасці сістэм сацыяльнай абароны з адначасовым паскарэннем структурных пераўтварэнняў для падвышэння вытворчага патэнцыялу эканомікі», - рэкамендуюць беларускім уладам экспэрты Сусветнага банку.

На думку эканамістаў банку, палітыка макраэканамічнай стабілізацыі, якая праводзіцца ў краіне «сама сабой недастатковая для аднаўлення росту. Без структурных рэформаў існыя дысбалансы і слабасць, хутчэй за ўсё, узмоцняцца».

У сувязі з гэтым экспэрты Сусветнага банку рэкамендуюць беларускім уладам пайсці шляхам структурнай трансфармацыі эканомікі, якая б уключала захады ў трансфармацыі сектара дзяржпрадпрыемстваў, перагляд механізму размеркавання фінансавых рэсурсаў, падтрымку развіцця прыватнага сектара.

«Некаторыя захады ва ўзмацненні патэнцыялу росту могуць быць рэалізаваныя ўжо ў 2015-2016 гадах. Такімі захадамі могуць стаць зацвярджэнне плана з выразна пазначанымі тэрмінамі ў скарачэнні рэсурсаў, размеркаваных з дапамогай розных каналаў дзяржаўнай падтрымкі, і указаннем канкрэтных колькасных штогадовых мэтавых паказчыкаў», - мяркуюць экспэрты Сусветнага банку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках