2 траўня 2024, Чацвер, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі: Улады не выканалі таго, што абяцалі

15
Віцебскія прадпрымальнікі: Улады не выканалі таго, што абяцалі

У канцы працоўнага дня 30 красавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» у Віцебску прайшоў прадпрымальніцкі сход.

Вынікам яго стаў зварот у Нацыянальны банк, шэраг міністэрстваў і да Аляксандра Лукашэнкі, перадае «Радыё Свабода».

«Усе паўтараюць, што ў краіне цяжкая эканамічная сітуацыя і прадпрыемствам даюць дзяржаўныя датацыі. А прадпрымальнікі нібыта жывуць у нейкай іншай Беларусі - замест датацый з нас спрабуюць яшчэ і яшчэ спаганяць грошы», - так характарызуе сітуацыю Ірына Яскевіч, прадпрымальніца з гандлёвага цэнтра «Эвіком», удзельніца аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам».

Адна з падстаў правесці сход і звярнуцца з лістамі пратэсту да адказных дзяржаўных асоб - гэта патрэба набываць тэрміналы для разлікаў пластыкавымі карткамі. Такую ўмову - абсталяваць працоўныя месцы тэрміналамі да 1 ліпеня - выставіў Нацбанк. Абсталяванне немагчыма набыць у растэрміноўку, за яго трэба адразу заплаціць ад 5 да 9 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, трэба яшчэ штомесяц пералічваць па 300 тысяч «на абслугоўванне». Прадпрыемцы ўжо плацяць «за абслугоўванне» касавых апаратаў, якія мусілі набыць на дзяржаўны наказ. Але загад набываць у абавязковым парадку яшчэ і тэрміналы называюць проста «выпампоўваннем грошай».

«У нас не такое вялікае абарачэнне грошай, каб набываць дадаткова вельмі дарагое абсталяванне», - так прадпрымальнікі сфармулявалі свае прэтэнзіі да Нацбанку. І такі ж пункт мерацца запісаць у ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Дарэчы, адказу на свой мінулы зварот да яго віцебскія прадпрыемцы так і не дачакаліся. З адміністрацыі прыйшоў ліст, што зварот пераадрасавалі ў шэраг міністэрстваў, а адтуль прыслалі «адпіскі», як кажа Ірына Яскевіч.

«Цяпер мы зробім наадварот: самі адправім лісты і ў міністэрства, і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Каб гэтыя структуры не займаліся марнай працай - перасыланнем перапіскі без усялякага выніку. Бо так і засталося неразвязаным пытанне падаткаў - мы просім хоць бы не павялічваць памер падвышальнага каэфіцыента. Бо такое падвышэнне для тых, хто плаціць адзіны падатак, зноў плануецца ў ліпені. Таксама ніяк не развязваецца пытанне сэртыфікацыі тавараў. Мы зноў нагадваем: прадпрымальнікі - гэта гандляры, а не вытворцы! Мы набываем тавар для продажу і наша мэта - закупіць яго танней, каб хутчэй рэалізаваць. Мы не часта працуем наўпрост з вытворцамі - пераважна купляем у тых, хто пастаўляе тавар гуртам. А таму мы не можам патрабаваць у такіх жа гандляроў дакумэнтаў, якія сведчаць аб якасці. Мы - прыватнікі. А калі ўжо наша дзяржава кажа, што клапоціцца пра бяспеку пакупнікоў, то і якасць тавару, які перасоўваецца ў рамках Мытнага саюза, павінна кантралявацца на дзяржаўным узроўні. А прадпрымальнікі - не кантрольны орган, каб браць на сябе такія функцыі», - сказала Ірына Яскевіч.

З лютага гэтага года, калі прадпрымальнікі ва ўсёй Беларусі вымушана спынялі працу, у Віцебску колькасць гандляроў прамысловымі таварамі скарацілася на 30%. Яны так і не змаглі працаваць праз адсутнасць дакумэнтаў, без якіх прадпрымальнікаў штрафуюць на вялікія сумы, а таксама ў варунках вялікага падаткаабкладання. Патрабаванне набываць тэрміналы для абслугоўвання пакупнікоў, немагчымасць здабыць пацвярджальныя дакумэнты аб якасці тавару, імавернасць яшчэ большага росту падаткаў можа прычыніцца да таго, што прадпрыемцы яшчэ больш масава пачнуць «закрывацца» ўлетку. Ліквідацыя працоўных месцаў на кірмашах - гэта знікненне яшчэ адной крыніцы папаўнення бюджэту, таму дзяржава павінна задумацца аб наступствах, мяркуюць віцебскія прадпрымальнікі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках