2 траўня 2024, Чацвер, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нашы сімвалы - герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг

34
Нашы сімвалы - герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг

20 гадоў таму Лукашэнка правёў рэферэндум аб забароне нацыянальнай сімволікі.

Палітык і журналіст Сяргей Навумчык у інтэрв'ю charter97.org успомніў знакавыя для Беларусі падзеі, якія адбыліся 14 траўня 1995 года. Тады прайшоў антыканстытуцыйны рэферэндум, паводле вынікаў якога беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай у Беларусі, гістарычная сімволіка была заменена на былую савецкую і поўным ходам пачалася інтэграцыя Беларусі з Расейскай Федэрацыяй.

- Гэты рэферэндум Лукашэнка фармальна ініцыяваў з пачатку 1995 года, аднак яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года ён заяўляў, што будзе дамагацца змены дзяржаўнай сімволікі і ўвядзення двухмоўя. Двухмоўе фактычна азначала ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Мы ў Народным фронце адразу прагназавалі знішчэнне мовы, бо такое «двухмоўе» паставіць мову ў сітуацыю гета, адкіне на ўскраек, што ў выніку і стала адбывацца з самага першага дня так званага рэферэндуму і прывяло да таго, што мы маем сёння.

Калі Лукашэнка выступіў з ініцыятывай рэферэндуму, то мы, дэпутаты апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце адразу заявілі аб некаторых прынцыповых момантах. Па-першае, рэферэндум гэты быў антыканстытуцыйны. 78 артыкул Канстытуцыі таго часу прадугледжваў, што рэферэндум павінен праводзіцца ў адпаведнасці з законам. А ў законе аб усенародным галасаванні было выразна сказана: на рэферэндум не могуць выносіцца пытанні, якія тычацца нацыянальна-гістарычных асаблівасцяў беларусаў. І менавіта такімі пытаннямі з'яўляліся два пытанні з чатырох: пра статус беларускай мовы і пра дзяржаўныя сімвалы, - мяркуе Сяргей Навумчык.

- Чаму такі пункт прысутнічаў у Канстытуцыі? Для такіх сітуацый, як гэтая?

- Мова не з'яўляецца ўласнасцю нейкага аднаго пакалення, напрыклад, нашага з вамі. Мы не можам вызначаць лёс таго, што было створана не намі, а за шмат пакаленняў да нас і будзе належаць наступным пакаленням. Закон аб рэферэндуме гэта прадугледжваў. Ён забараняў выносіць гэтыя два пытанні на рэферэндум. Ужо тут было парушэнне закона і Канстытуцыі.

Да таго ж, 17 артыкул Канстытуцыі вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую - як мову міжнацыянальных стасункаў. І сам рэферэндум азначаў бы тады змену гэтага артыкулу ў Канстытуцыі. А згодна з артыкулам 148 Канстытуцыі, змяненне не магло адбыцца ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў дзеючага Вярхоўнага Савета. А сітуацыя была такая, што выбары ў новы парламент былі прызначаныя на той жа самы дзень, калі адбыўся рэферэндум. Размовы аб шасці месяцах нават не ішло.

- Гэта з юрыдычнага пункту гледжання. А да чаго прывёў рэферэндум з палітычнага пункту гледжання?

- Палітычныя аспекты складаліся ў тым, што рэферэндум унясе раскол у грамадства. Калі я выступаў, я менавіта на гэты фактар і звяртаў тады ўвагу. На самай справе, гэта паставіла Беларусь у тую пазіцыю, у якой яна ўжо вельмі даўно не была.

Прывяду просты прыклад. Лукашэнка і тады, і цяпер казаў, маўляў, рускія «сядзяць на валізках», таму што нацыяналісты патрабуюць ад іх з'ехаць з краіны, ціснуць на бацькоў, каб тыя аддавалі дзяцей у беларускамоўныя класы і гэтак далей. А цяпер уявіце: у 1993 1 верасня 80% першакласнікаў пайшлі ў беларускія школы. І ў Камісію па адукацыі Вярхоўнага Савета з усёй Беларусі прыйшло толькі 9 скаргаў. А бацькоўскі пікет «Грамадства за свабодны выбар мовы навучання», які патрабаваў увядзення двухмоўя, сабраў на плошчы Незалежнасці ў канцы 1994 аж 20 чалавек. Так, безумоўна, гэта быў працэс вяртання да беларускай мовы, але людзі прынялі тое, што ў іх было адабрана камуністамі.

- Якая на самай справе была матывацыя ў Лукашэнкі?

- Калі Лукашэнка быў абраны, на бяседзе пасля інаўгурацыі ён заявіў, што Беларусь для яго - «пройдзены этап». Наступная мэта - Крэмль. Гэта пацвярджаюць і Аляксандр Фядута, і іншыя прысутныя. І ў 1994-1995 гадах усе старанні Лукашэнкі былі накіраваныя на рэальнае аб'яднанне Беларусі з Расеяй, дакладней, на інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі. Для яго гэта была тады дастаткова выгадная сітуацыя: Ельцын быў абсалютна знясілены, ягоны рэйтынг быў блізкі да нулявога і ў Маскве шмат хто сапраўды ставіў на Лукашэнку. Ён і спадзяваўся на тое, што калі прынясе на сподку ўсю нашу краіну, то гэта адразу выведзе яго на гэтыя рубяжы. Дарэчы, многія пацвярджалі той факт - напрыклад, Барыс Беразоўскі ў інтэрв'ю «Радио Свобода» казаў пра тое, што, у 1999 годзе імі, «шэрымі кардыналамі», разглядаліся два асноўныя кандыдаты - гэта Лукашэнка і Пуцін. У выніку выбар упаў на Пуціна, але калі б ён упаў на Лукашэнку, то, натуральна, гэта было б зроблена цаной аншлюсу Беларусі.

- Атрымліваецца, рэферэндум быў вельмі патрэбен асабіста Лукашэнку?

- Гэты рэферэндум быў вельмі патрэбны не толькі Лукашэнку, але і Маскве, каб знішчыць нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта адзінае, што трымае нацыю разам. Зараз мы бачым гэта па падзеях ва Украіне. Вы можаце прыйсці на акупаваную тэрыторыю і чытаць там украінскую канстытуцыю ці нават даклад Парашэнкі. На вас мясцовыя «ватнікі» паглядзяць, як на дзікуна і, магчыма, паспрачаюцца. Але калі вы разгорнецца жоўта-блакітны сцяг, вас могуць пабіць і нават забіць. Вось такое значэнне знакаў. І тыя, хто ініцыяваў рэферэндум 1995 - гэта сам Лукашэнка і ягоны тагачасны кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын - гэта цудоўна разумелі. Гэта фактычна было дзяржаўнае злачынства, тым больш, улічваючы тое, што адбывалася ў авальнай зале ў ноч з 12 на 13 красавіка, калі 19 дэпутатаў парламента былі збітыя.

- Да чаго прывялі вынікі рэферэндуму на сённяшні дзень?

- Былі парушаныя тры артыкулы Канстытуцыі, чатыры закона і Крымінальны кодэкс. Я цалкам згодны са словамі былога сябра Канстытуцыйнага суда, прафесара юрыдычных навук Міхаіла Пастухова, што адно толькі збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў Авальнай залі падчас прызначэння працэдуры рэферэндуму, робіць вынікі гэтага рэферэндуму юрыдычна нікчэмнымі. Да таго ж, дэ-юрэ і герб «Пагоня», і бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль застаюцца дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. У мяне няма сумневаў, што новая ўлада - або новы парламент, або новы дэмакратычны прэзідэнт - адновяць канстытуцыйнасць імгненна, не трэба будзе нават ніякіх дадатковых працэдур.

Што тычыцца рэальнай сітуацыі, то тут, вядома, значна больш складана. Рэферэндум прывёў да таго, што ў абласных гарадах няма ні адной беларускай школы. Гэта сітуацыя, якую было вельмі цяжка ўявіць у пачатку 90-ых гадоў. Хоць мы казалі, што прыкладна да гэтага рэферэндум 1995 года і прывядзе. Колькасць беларускамоўных кніг, што выдаюцца, у дзесяткі разоў меншае, чым колькасць рускамоўных. У нас ёсць маладыя людзі, якім цяпер 18-20 гадоў, якія нарадзіліся пасля гэтага рэферэндуму: яны не ведаюць значэння многіх беларускіх словаў. Скажам, я выхоўваўся ў рускамоўнай сям'і ў 70-я гады, але былі і беларускамоўныя тэлеканалы, і радыё. Увесь час гэта ішло фонам. Хоць у нас і быў адзін урок беларускай мовы і літаратуры ў тыдзень, мы дастаткова добра разумелі беларускую мову. Цяпер, у сітуацыі татальнай русіфікацыі тэлевізіі і радыё, новае пакаленне проста не ведае значэння гэтых слоў. Ім проста няма дзе іх пачуць.

- Гэта значыць, рэферэндум як бы легалізаваў «рускі свет» на тэрыторыі Беларусі?

- Так, самае страшнае, што большая частка насельніцтва ўспрымае Беларусь як частку «рускага свету» і кажа пра сябе словамі Лукашэнкі: «Мы - рускія людзі». Што кажа Лукашэнка - то яны і паўтараюць. Таму ў выпадку, калі Пуцін адправіць танкавыя калоны ў Беларусь ці дасць каманду беларускай арміі змяніць сцягі на расейскі трыкалор, гэта будзе зроблена імгненна. Бо беларускай арміі на самай справе няма. Гэтая армія - прарасейская, ва ўсякім выпадку ў афіцэрскім і генеральскія складзе. Рэферэндум 1995 выпіў кроў у нацыі. Лукашэнка выступіў у ролі вампіра і ваўкалака, калі ўжо выказвацца тэрмінамі з фільмаў жахаў.

- Калі б на гэты момант у краіне было магчыма правядзенне дэмакратычных працэдур, якімі б былі вынікі аналагічнага рэферэндуму? Ці любіць нацыя свае гістарычныя сімвалы і мову?

- У статыстыку пры дыктатуры я не веру - многія проста баяцца гаварыць тое, што на самой справе думаюць. Што тычыцца вяртання знакаў і мовы, то ніякага рэферэндуму больш праводзіць не трэба, таму што рэферэндум 1995 быў нелегітымны. Трэба проста аднавіць канстытуцыйную сітуацыю. Гэта робіцца вельмі проста з юрыдычнага пункту гледжання. Калі дзяржава хоча існаваць як дзяржава, калі ўрад нясе перад людзьмі нейкую адказнасць, то ён павінен вырошчваць патрыётаў з самага дзяцінства. Так робіцца ў Амерыцы, у Францыі, у Чэхіі, у Польшчы, ва Украіне. Так, хоць і з імперска-шавіністычным душком, робіцца нават у Расеі. Беларусь у гэтым сэнсе краіна, вядома, унікальная. Дзяржава на чале з Лукашэнкам наадварот працуе на знішчэнне краіны.

Я ўпэўнены, што пасля змены ўлады за вельмі кароткі час, калі людзі атрымаюць праўдзівую інфармацыю аб нацыянальных каштоўнасцях, усе адродзіцца. Будзе так, як у 1991-1994 гадах, калі народ прыняў і беларусізацыю, і нацыянальныя сімвалы. Калі б не гэтыя 20 гадоў правалу, ужо нават 21 год, то сёння мы б ужо жылі ў еўрапейскай цывілізаванай краіне. Для гэтага былі добрыя ўмовы, калі краіна стала незалежнай. Эканамічныя, транзітныя, вайсковыя, аграрныя паказчыкі, не кажучы ўжо пра ступені навукаёмістасці прамысловасці, былі значна лепшыя за нашых суседзяў. У нас толькі адзін фактар быў вельмі слабым - узровень нацыянальнай самасвядомасці. І як раз гэты фактар і адыграў ключавую ролю. Таму галоўная задача, якая будзе стаяць перад новым урадам - падняць эканоміку, развязаць сацыяльныя праблемы - будзе дасягнутая вельмі проста па пэўных мадэлям. Развіццё нацыянальнай самасвядомасці - гэта справа дзесяцігоддзяў. Але пачынаць трэба будзе адразу і досыць інтэнсіўна. Без гэтага нікуды мы не прыйдзем.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках