26 красавiка 2024, Пятніца, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Улада вельмі баіцца беларускіх працоўных

3
Аляксандр Ярашук: Улада вельмі баіцца беларускіх працоўных
Аляксандр Ярашук
ФОТА: "Радыё Свабода"

Менавіта таму Лукашэнка ўстурбаваўся аб наяўнасці праўладных прафсаюзаў нават у прыватных арганізацыях.

На сённяшнім з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў аб патрэбе стварэння прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці цягам гэтага года. У інтэрв'ю charter97.org старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук заявіў, што гэтыя захады прадказальныя і з'яўляюцца рэакцыяй на рост сацыяльнай напружанасці.

- Такое патрабаванне - гэта вычарпальная характарыстыка палітычнай сістэмы ў Беларусі. Жорсткая, аўтарытарная, з канкрэтнымі элементамі таталітарызму. Калі дзяржава дае даручэнне стварыць грамадскія прафсаюзныя арганізацыі... Як гэта ўвогуле магчыма? Бо гэтыя арганізацыі паводле вызначэння з'яўляюцца добраахвотнымі. Можаце сабе ўявіць, каб у гэтыя грамадскія «добраахвотныя» арганізацыі пажадалі ўступіць 100% работнікаў, уключаючы і прыватныя прадпрыемствы? - здзіўляецца экспэрт.

- З якой мэтай Лукашэнка даў такое даручэнне?

- У гэтым выпадку за такія адыёзныя даручэнні мы можам толькі парадавацца, бо пасля гэтага ўжо нікому не трэба нічога даводзіць і тлумачыць, што за арганізацыя такая ФПБ (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі), і якім чынам яна можа абараняць правы працоўных. Цалкам відавочна, што гаворка ідзе пра тое, што гэтая арганізацыя будзе абараняць не працоўных ад улады, а ўладу ад працоўных. Менавіта з гэтай мэтай даюцца такія даручэнні. Каб жорстка кантраляваць рабочых і каб трымаць іх на кароткім ланцужку, прымусова зрабіўшы іх чальцамі загадзя недобраахвотнай арганізацыі і ўтрымліваць над сабой прафсаюзных бюракратаў.

- Выглядае гэтая задума вельмі сумнеўна.

- Нас гэта хутчэй натхняе, чым расчароўвае, бо, напраўду, тое, што адбылося вельмі красамоўна. Цяпер ужо нават у тых людзей, якія ўсё яшчэ мелі некаторыя надзеі на магчымасць пераменаў у краіне, іх ілюзіі могуць развеяцца канчаткова і беспаваротна. Ніхто нічога тут змяняць не збіраецца. Ні пра якую лібералізацыю гаворка не ідзе і ніякай дэмакратыяй не пахне. Гаворка ідзе пра тое, што наладжваецца жорсткая аўтарытарная сістэма ўлады.

- Фактычна, Лукашэнка хоча, каб прадстаўнікі ўлады былі на кожным прыватным прадпрыемстве?

- На дзяржаўных прадпрыемствах прафсаюзныя арганізацыі і так існуюць. Тут гаворка ідзе пра прыватную форму ўласнасці. Я разумею, у якім «захапленні» цяпер прадстаўнікі нешматлікіх фірмаў і кампаній сегмента прыватнай уласнасці. Цяпер іх чакае яшчэ адзін «сюрпрыз» у выглядзе жоўтых прадзяржаўных прафсаюзаў, якія не маюць ніякага дачынення да абароны правоў працоўных, а з'яўляюцца элементам сістэмы ўлады і кантролю над працоўнымі. Гэтым самым ужо засведчана, што ФПБ канчаткова і беспаваротна жорстка ўмацавана ў сістэму ўлады. Гэта не грамадская арганізацыя, а частка сістэмы дзяржаўнага кіравання.

- Чаму патрэба ў такіх захадах з'явілася менавіта цяпер?

- Краіна павольна, але няўхільна ўцягваецца ў самы востры ў сваёй найноўшай гісторыі сацыяльна-эканамічны крызіс. Паколькі рэакцыя на тое, што адбываецца неадэкватная і тыя захады, якія павінны рабіцца ў гэтай сітуацыі, не робяцца, рэжым вельмі баіцца росту сацыяльнай напружанасці. Вы ўжо ведаеце, што цяпер назіраецца масавы зыход працоўных з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў - такіх, як МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" ды іншыя. І гэта толькі пачатак працэсу. Маса прадпрыемстваў маюць скарочаны працоўны графік або не працуе наогул. Натуральна, гэтыя чыннікі здольныя справакаваць рост сацыяльнай напружанасці. Такім чынам улада, якая вельмі баіцца ўласных працоўных, стараецца трымаць іх пад кантролем. Менавіта з гэтай мэтай таксама пастаўленыя жорсткія тэрміны выканання, бо сітуацыя можа развівацца непрадказальна. Улада баіцца ўсялякай праявы росту сацыяльнай напружанасці і магчымасці пратэсту.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках