4 траўня 2024, Субота, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ляпіс Трубяцкі» і Tonqixod сталі фаварытамі прэміі Rock Profi

«Ляпіс Трубяцкі» і Tonqixod сталі фаварытамі прэміі Rock Profi

Абвешчаныя намінанты прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2015, уручэнне якой адбудзецца 28 траўня ў менскім бары «Хуліган».

Больш за ўсё намінацый - па тры - атрымалі гурты «Ляпіс Трубяцкой» і Tonqixod, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Ляпісы» прэтэндуюць на перамогу ў намінацыях «Найлепшая песня» («Ваяры святла»), «Найлепшы запіс» (альбом «Матрошка») і «Артыст года». Маладыя арт-рокеры Tonqixod, гэтай вясной нашумелыя на ўзнагародах Experty.by, прэзентаваныя ў намінацыях «Найлепшы альбом» («Прадмова»), «Найлепшы запіс» (альбом «Прадмова») і «Дэбют года».

Па дзве намінацыі ў Лявона Вольскага, а таксама гуртоў Akute, The Toobes, «Серебряная свадьба».

«У рамках прэміі разглядаюцца працы і дасягненні беларускіх музыкаў з 1 студзеня да 31 снежня каляндарнага года. «Ляпіс Трубяцкі» распаўся 1 верасня, паспеўшы выпусціць альбом, шэраг кліпаў і даць шмат канцэртаў, так што я не бачу тут нічога дзіўнага, - адзначае адзін з арганізатараў прэміі Павел Юрцэвіч. - Агулам жа ні ў каго істотных пераваг няма, і гэта пацвярджае, што год у галіне рок-музыкі, індзі і альтэрнатывы атрымаўся вельмі насычаным і роўным».

У журы прэміі ўваходзяць беларускія музыкі, якія выпусцілі поўнафарматныя альбомы за апошнія тры гады (гэтым разам у 2012-2014 гадах). У галасаванні ўзялі ўдзел больш за 60 гуртоў і сольных артыстаў. У першым туры на разгляд было пададзена 39 альбомаў і больш за 100 песняў, выпушчаных у выглядзе сінглаў і кліпаў. Лідары галасавання сталі намінантамі і прайшлі ў фінальны тур, паводле вынікаў якога і будуць вызначаныя пераможцы.

Поўны спіс намінантаў (у алфавітным парадку):

«Найлепшы альбом»: Akute - «Рэальнасць і сны», Лявон Вольскі - «Грамадазнаўства», The Toobes - Road To The Big Time, Tonqixod - «Прадмова».

«Найлепшы запіс»: Ляпіс Трубяцкі - «Матрошка», Port Mone - Thou, The Toobes - Road To The Big Time, Tonqixod - «Прадмова».

«Найлепшая песня»: Лявон Вольскі - «Шэрая кроў», Ляпіс Трубяцкі - «Ваяры святла», Nizkiz - «Цяпер і далей», Серебряная свадьба - Ag.

«Дэбют года»: .K, Earworm, Tonqixod, UGoslavia.

«Артыст года»: Akute, «Дай дарогу», «Ляпіс Трубяцкі», «Серебряная свадьба».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках