3 траўня 2024, Пятніца, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разварушыць мурашнік троляў

11

Былая супрацоўніца расейскай кампаніі "Інтэрнэт-даследаванні" падае на яе ў суд.

У Санкт-Пецярбургу ў Петраградскім раённым судзе 1 чэрвеня адбудзецца суд, у якім адказчыкам стануць прадстаўнікі так званай "фабрыкі інтэрнэт-троляў". Грамадская актывістка, былая "троль на заплаце", якая наважыла выкрыць гэтую арганізацыю, Людміла Саўчук звярнулася з пазовам да кампаніі "Інтэрнэт-даследаванні".

Людміла Саўчук і даўней давала інтэрв'ю, але прасіла журналістаў не называць ейнае імя. Цяпер яна заснавала групу "Інфармацыйны свет" і наважыла выступіць супраць так званых "Вольжынскіх троляў" публічна. Заручыўшыся падтрымкай адвакатаў з групы Івана Паўлава "29", яна падала заяву ў суд на кампанію "Інтэрнэт-даследаванні", перадае "Радыё Свабода".

Перш чым расказаць пра тое, з якой мэтай гэта было зроблена, Людміла Саўчук нагадала сваю гісторыю:

- У снежні 2014 года ў мяне з'явілася магчымасць туды патрапіць. Я бачыла мноства іхніх аб'яў і хацела даследаваць іхнюю дзейнасць. 2 студзеня я расчалася з выкананнем сваіх абавязкаў і з першага дня працы збірала інфармацыю і перадавала яе журналістам.

- Чым займаюцца ў кампаніі "Інтэрнэт-даследаванні"?

- Там сядзяць сотні людзей. Сядзяць дзень і ноч, змяняючы адзін аднаго пазменна, пішуць тысячы камэнтароў, тэкстаў, нататак ва ўсіх сацыяльных сетках, у дзённіках. Малююць выявы, запісваюць відэаблогі... Іхняя праца глабальная, маштабная. І яны гэта робяць не толькі для расейскамоўнага інтэрнэту, але і для англамоўных сайтаў... Яны камэнтуюць СМІ, пішуць у сацыяльных сетках пад выглядам звычайных людзей, вядуць блогі пад выглядам людзей, якімі не з'яўляюцца напраўду. І прасоўваюць тыя ідэі, якія ім даюцца вусна або пісьмова.

- Люда, калі вы сышлі з кампаніі "Інтэрнэт-даследаванні" і далі першае сваё выкрывальніцкае інтэрв'ю, як да гэтага паставіліся вашыя былыя калегі?

- Гэтая арганізацыя робіць выгляд, што яе не існуе. Гэта ўжо смешна сёння, калі ўвесь свет ведае, як яна выглядае, і вакол іх штодзень блукаюць і здымаюць іх і журналісты, і проста грамадзяне. Я ніякіх кантактаў ні з кім больш не падтрымліваю. Мне здавалася, што там ёсць нармальныя людзі. У свой час я зрабіла спробу пераканаць іх не займацца гэтым глупствам, але яны адмовіліся. Яны далей там працуюць. Ёсць толькі блогер Марат Буркхард, які таксама абураны тым, што там адбываецца. Ён там працаваў, практычна ў той жа час, што і я. Мы кантактуем. Ён таксама дае інтэрв'ю. Мы кажам аб гэтай з'яве на кожным кроку і кажам, што гэта - дрэнна. Гэта адзіны кантакт, які ў мяне застаўся.

- Ад вашых былых калег ніякай інфармацыі не паступае?

- На гэтае пытанне я адказаць не магу. Магу толькі заўважыць, што, магчыма, там сядзяць людзі, якія не працуюць там тролямі за заплату, а прыйшлі туды з такімі ж мэтамі, як і тая, якая была ў мяне. Расследаваць і збіраць інфармацыю. Магчыма, такія людзі ёсць. Больш я не магу сказаць нічога.

- А якую мэту вы пераследуеце, падаючы ў суд на гэтую арганізацыю?

- Я сёння ўбачыла артыкулы на гэтую тэму. Там не зусім правільна былі расстаўленыя акцэнты. Мы з юрыстамі з каманды "29" пад кіраўніцтвам адваката Івана Паўлава параіліся і пастанавілі, што для першага кроку адзіны метад цяпер выцягнуць гэтых стварэнняў на свет - гэта звярнуцца ў суд праз парушэнні працоўнага заканадаўства. Бо на гэтай фабрыцы набіраюць сотні людзей, іх не рэгіструюць, іх звальняюць, ім плацяць ці не плацяць, выпісваюць ім штрафы. Падаткі там не плацяцца. Заробак выдаецца з-пад стала. Нават няма канвертаў. Проста з рук бухгалтара атрымліваюць стосы грошай. Вядома, што гэта - "чорная заплата", якая ідзе міма адпаведных органаў. Міма дзяржавы праходзяць велізарныя грошы, і на гэта я хачу звярнуць увагу грамадскасці і ўлад.

Юрыст з групы адваката Івана Паўлава "29" Дар'я Сухіх бачыць у гэтым працэсе не толькі юрыдычны складнік:

- Юрыдычныя падставы ў нас такія. Людміла ў свой час уладкавалася працаваць на т.зв. "Фабрыку троляў". Працадаўцы афіцыйна з ёй стасункі ніяк не рэгістравалі, але паводле працоўнага заканадаўства гэта не азначае, што факту працоўных стасункаў не было, бо паводле Працоўнага кодэксу мяркуецца, што, калі работнік фактычна пачаў ажыццяўляць сваю працоўную функцыю, ён ужо працуе ў арганізацыі. Адпаведна, на яго павінны распаўсюджвацца ўсе нормы працоўнага заканадаўства. Людмілу не зарэгістравалі. Ёй не выплацілі ўсе грошы, якія былі абяцаныя ў якасці заплаты за апошні дзень працы. Звольнілі яе без усялякіх выплат. Звольнілі яе таму, што яна збірала інфармацыю аб рабоце гэтай фабрыкі. Першапачаткова яна ўладкавалася туды з выведнымі мэтамі, яе вылічылі і звольнілі. Юрыдычная фактура нашага пазову такая, што мы абараняем ейныя працоўныя правы, патрабуем, каб дакументальна ўклалі і прыйманне яе на працу, і звальненне, і выплацілі заробак. Хоць напраўду, найперш, мэту мы пераследуем не гэтую. І Людміла, і наша каманда хочам выцягнуць на свет гэтую арганізацыю і зацягнуць яе ў рамкі прававога поля, каб у судзе яны растлумачылі, чым яны займаюцца, што ў іх унутры адбываецца, і каб тым самым гэта стала даступна і вядома грамадскасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках