29 красавiка 2024, панядзелак, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Арменія выйшла на свой Майдан: аповеды відавочцаў

19
Чаму Арменія выйшла на свой Майдан: аповеды відавочцаў

У армянскіх гарадах ужо гучаць палітычныя лозунгі.

У Арменіі прадаўжаюцца масавыя пратэсты супраць павышэння тарыфаў на электраэнэргію. Колькасць прыхільнікаў Руху «Не крадзяжу!» узрастае з кожным днём, і цяпер мітынгі праходзяць не толькі ў Ерэване, але і ў іншых гарадах краіны. Аб відавочных і схаваных матывах пратэстаў, храналогіі развіцця падзей, а таксама магчымых выніках супрацьстаяння дэманстрантаў з уладай "Апострофу" распавялі армянскія палітыкі, непасрэдна знаёмыя з сітуацыяй. З іхніх слоў, пратэстоўцы пакуль не гатовыя ісці на кампраміс з уладай.

Вачыма відавочцы

Першапачаткова акцыі пачыналіся як сацыяльны пратэст супраць падвышэння тарыфаў на электраэнэргію. Дэманстранты 19 чэрвеня арганізавалі сядзячую акцыю пратэсту на плошчы Свабоды ў Ерэване. Яны далі ўладам час да вечара панядзелка, 22 чэрвеня, на тое, каб скасаваць прынятую на днях «злачынную пастанову», а таксама прыгразілі шэсцем да адміністрацыі прэзідэнта. Паколькі ўлада да патрабаванняў актывістаў не стала прыслухоўвацца, вечарам таго ж дня некалькі тысяч маніфестантаў накіраваліся да рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы Сержа Саргасяна. Зрэшты, вядучы да будынка праспект Баграмяна быў перакрыты паліцыяй.

«Пару месяцаў таму кампанія «Электрычныя сеткі Арменіі» звярнулася ў Камісію рэгулявання дзяржаўных манаполій з просьбай падвысіць кошт на электрычнасць на 17 драм (AMD, дзяржаўная валюта Арменіі, 1 UAH = 21,92 AMD. - «Апостраф»). З гэтага дня ў дачыненні да гэтай ініцыятывы праходзілі бурныя абмеркаванні, у тым ліку і слуханні ў парламенце. У рэшце камісія паводле сваіх разлікаў, з якімі я абсалютна не згодны, прапанавала падняць кошт замест 17 драм на 6,93 драма. Пасля таго, як гэтая пастанова была прынятая 17 чэрвеня, пачаўся рух «Не крадзяжу!», - апісаў «Апострафу» ход развіцця сітуацыі дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі Тэван Пагасян.

Са слоў спадара Пагасяна, які знаходзіцца ў апазіцыі да дзейнай улады, пратэсты пачаліся выключна на ініцыятыву грамадзянскай супольнасці, і ў іх арганізацыі не ўдзельнічала ні адна палітычная сіла. «Спачатку ўсё праходзіла мірна. Паліцыя і дэманстранты выкарыстоўвалі дэмакратычны падыход. Але пасля нешта здарылася і паліцэйскія разагналі моладзь», - адзначыў Тэван Пагасян.

У ноч з 22 на 23 былі арыштаваныя 237 мітынгоўцаў, пры гэтым многіх з іх збілі. Пацярпелі таксама журналісты і аператары, у якіх адбіралі і ламалі тэхніку. Пасля зачысткі цэнтральнага праспекта Ерэвана былі шпіталізаваныя 8 цывільных асоб і 14 супрацоўнікаў паліцыі. Такія дзеянні паліцыі прымусілі выйсці на акцыю пратэсту яшчэ большую колькасць людзей. Ужо з раніцы 23 чэрвень колькасць маніфестантаў у цэнтры Ерэвана пачала павялічвацца і да вечара іх налічвалася звыш 5 тыс чалавек.

Варта адзначыць, што раніцай 23 чэрвеня масавая акцыя пратэсту ў падтрымку аналагічнай дэманстрацыі ў Ерэване была арганізаваная таксама ў іншым буйным армянскай горадзе Гюмры, дзе знаходзіцца 102-я база расейскага войска. Зрэшты, і там паліцыя з дапамогай спецсродкаў разагнала пратэстоўцаў, патлумачыўшы свае дзеянні тым, што ўдзельнікі акцыі прыпаркавалі аўтамабілі ў неналежным месцы, што перашкаджала руху транспарту. У Гюмры паліцэйскія затрымалі як мінімум 12 удзельнікаў пратэстнага шэсця.

Тым часам у Ерэване, каб не дапусціць гвалту, вечарам 23 чэрвеня група армянскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў сфармавалі жывы шчыт паміж удзельнікамі акцыі пратэсту і паліцыянтамі. «Мы зрабілі гэта таму, што не хацелі паўтарэння падзей, якія адбыліся напярэдадні, - заявіў «Апострафу», які прысутнічаў на акцыі Тэван Пагасян. - Людзі не разыходзіліся цягам усёй ночы, і цяпер мітынг яшчэ доўжыцца».

«Народ застаецца на праспекце Баграмяна. Перад імі паліцэйскі кардон, а пасярэдзіне - жывы ланцуг з шэрагу дэпутатаў Нацыянальнага сходу, зорак шоу-бізнесу, прадстаўнікоў сферы культуры і творчай інтэлігенцыі. Акрамя таго, там у якасці заслону выбудавалі смеццевыя бакі. Гэта было зроблена для таго, каб выключыць кантакт і магчымыя правакацыі са спецназам паліцыі. Людзі разумеюць, што яшчэ адно сілавое дзеянне можа «сарваць сітуацыю з разьбы», - паведаміў «Апострафу» палітолаг і рэдактар рускай службы Першага армянскага інфармацыйнага канала Рубен Меграбян.

Не электраэнэргіяй адзінай

Са слоў некаторых блогераў, цяперашняя «тарыфная» дэманстрацыя перарастае ў нешта большае. «Спачатку ён (мітынг) быў супраць падвышэння тарыфаў на электраэнэргію. Потым далучыліся лозунгі супраць усюдыіснай карупцыі. Сёння - супраць расейскай акупацыі», - гаворыцца ў адным з блогаў. Пад акупацыяй армяне нібыта маюць на ўвазе шматлікія «міратворчыя» расейскія базы на тэрыторыі дзяржавы, а таксама тое, што расейцы сталі «гаспадарамі атамнай электрастанцыі, чыгункі, некалькіх электрастанцый» і іншых стратэгічна важных аб'ектаў.

Варта адзначыць, што Арменія сапраўды моцна залежыць ад Расеі. Блізу 20% нацыянальнага даходу гэтай краіны складаюць грашовыя пераводы з Расеі, а таксама прыбытак ад гандлю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, створанага на ініцыятыву Масквы. Крытычнай застаецца сітуацыя і ў энэргетычным сектары Арменіі. Так, манапаліст рынку ЗАТ «Электрычныя сеткі Арменіі», які выступіў з прапановай павысіць тарыфы, з'яўляецца даччынай кампаніяй расейскага холдынгу «ІНТЭР РАО ЕЭС». Дарэчы, РФ ужо рэзка адрэагавала на пратэсты ў Арменіі - там ужо параўноўваюць іх з украінскім Еўрамайданам.

«У дачыненні да лозунгаў супраць расейскай акупацыі я нічога не чуў, а вось што тычыцца карупцыі, то такія матывы сапраўды ёсць», - згаджаецца Тэван Пагасян. Пры гэтым, дадаў палітык, падчас цяперашніх дэманстрацыяў наўрад ці ўстане пытанне мэтазгоднасці размяшчэння расейскіх вайсковых баз у Арменіі.

Не стаў выключаць гэтых жа матываў і Рубен Меграбян. Зрэшты, падкрэсліў ён, зараз патрабаванні пратэстуючых вельмі канкрэтныя: «Прынятая пастанова аб павышэнні тарыфаў на электрычнасць, а грамадзяне патрабуюць ад улады безумоўна скасаваць яе. Рэакцыю ўлады мы ўбачылі, калі паліцэйскія прыступілі да сілавога разгону мітынгоўцаў. Аднак, як высвятляецца, гэта прывяло толькі да павелічэння колькасці і рашучасці актывістаў. Таму гэта не стала развязаннем праблемы, а, хутчэй, уцёкамі ад яе», - заявіў спадар Меграбян.

Прагнозы на будучыню

Як паведаміў намеснік начальніка паліцыі Арменіі, генерал-лейтэнант Унан Пагасян, прэзідэнт краіны Серж Саргсян наважыў пайсці насустрач пратэстантам і гатовы правесці з імі перамовы. Аднак арганізатары акцыі адмовіліся ад такой сустрэчы. Узамен яны прапанавалі кіраўніку дзяржавы ў прамым эфіры аб'явіць несапраўдным пастанову Камісіі рэгулявання грамадскіх паслуг аб павышэнні тарыфаў на электраэнэргію. Не змякчыла пазіцыю пратэстуючых нават заява прэс-службы Следчага камітэта Арменіі, у якой гаворыцца, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту, затрыманыя пры разгоне дэманстрацыі раніцай 23 чэрвеня, адпушчаныя на волю.

На думку Рубена Меграбяна, у дэманстрантаў ёсць дзве прычыны, па якіх яны не гатовыя ісці на кампраміс: «Па-першае, праблема ў тым, што прадмета для перамоваў няма. Прынятая пастанова, яна няправільная, несправядлівая і антыграмадская. Таму яна павінна быць скасаваная . Пра што казаць на перамовах? Другая прычына нежадання актывістаў ісці на перамовы ў тым, што гэта спантанны грамадзянскі пратэст. У іх няма механізму дэлегавання паўнамоцтваў. Няма такога чалавека, які ад імя ўсіх гэтыя перамовы будзе весці».

Таму, падкрэсліў палітолаг, далейшае развіццё падзей залежыць ад шэрагу фактараў, якія немагчыма спрагназаваць. «Цяпер мяч знаходзіцца на полі ўлады, такім чынам, адкрытым застаецца пытанне: які будзе яе адказ? Потым трэба спрагназаваць рэакцыю мітынгоўцаў. А пакуль гэта ўсё з разраду гіпотэз . Адзінае, што можна сказаць, дык гэта тое, што выключаць нельга нічога. Усё магчыма», - рэзюмаваў спадар Меграбян.

«Я думаю, што моладзь у нас настроена вельмі рашуча. Яны не будуць здавацца. Я думаю, што будзе прадаўжацца нейкі дыялог паміж пратэстоўцамі і ўладай, але спрагназаваць, да чаго ён прывядзе, немагчыма», - сказаў на заканчэнне Теван Пагасян.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках