Калгасы ў Гарадзенскім раёне выплачваюць заробак мукой і цукрам
25- 5.06.2015, 8:38
- 11,905
Некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Гарадзенскага раёна ажыццяўляюць выплату часткі заробкаў харчовай прадукцыяй, цукровымі і мучнымі вырабамі.
Гаспадаркі знаходзяцца на дзяржаўнай датацыі і маюць вялікія запазычанасці ў банках, што і прымушае іх ісці на непапулярныя крокі, якія са слоў намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча сведчаць аб эканамічных перспектывах такой мадэлі гаспадарання, паведамляе «Радыё Рацыя».
- Гэта вяртанне да змрочных часоў, калі былі страчаныя ўсе гаспадарчыя сувязі і нічога не заставалася, як толькі такім чынам выходзіць з сітуацыі. Зноў будзе прымус. Натуральная гаспадарка не можа быць эфектыўнай. Наўрад ці тут можна разлічваць на пэўны поспех пры прыняцці такіх пастаноў, - сказаў ён.
На тэрыторыі Гарадзенскага раёна гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць семнаццаць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў - былых калгасаў і саўгасаў. Большасць з іх існуе дзякуючы дзяржаўным датацыям, за якія расплачвацца прыходзіцца сельскагаспадарчай прадукцыяй па закупачных коштах, якія дыктуе дзяржава.