Уладзімір Рыжкоў: Санкцыі ЗША ўдараць па нафтавай галіне Расеі
6- 31.07.2015, 18:03
- 19,157
Абмежаванні, уведзеныя Вашынгтонам, прывядуць да зніжэння тэхналагічнага ўзроўню нафтавай галіны і, адпаведна, падзення здабычы і зніжэння даходаў.
Пра гэта ў каментары gordonua.com заявіў расейскі апазіцыйны палітык, экс-сустаршыня палітычнай партыі "РПР-ПАРНАС" Уладзімір Рыжкоў.
"Пашырэнне санкцый ЗША прынцыпова нічога не зменіць. Гэта не "хірургічныя" санкцыі, яны проста пашыраюць забарону на пастаўкі тэхналагічнага абсталявання для нафтавых кампаній, прынамсі, даччыных кампаній "Раснафты", - сказаў палітык.
Пры гэтым ён адзначыў, што агулам санкцыі - як павольна дзейны яд. "Непасрэднага удару не будзе, але паступова гэта прывядзе да зніжэння тэхналагічнага ўзроўню нашай нафтавай галіны, адпаведна, падзення здабычы і зніжэння даходаў. Нешта падобнае адбывалася з Іранам, калі ён быў пад санкцыямі. Іранская нафтавая галіна вельмі моцна тэхналагічна адстала", - растлумачыў Рыжкоў.
На думку апазіцыянера, калі санкцыі супраць Расеі будуць доўгімі, з часам яны зробяць вельмі негатыўны эфект, аднак наўрад ці расейскае кіраўніцтва неяк на іх адрэагуе. "Як адрэагуе Расея? Ды ніяк - Крэмль асудзіць санкцыі, скажа, што ён ні ў чым не вінаваты - усё, як звычайна", - падкрэсліў Рыжкоў.
Нагадаем, 30 ліпеня ЗША пашырылі сектаральныя санкцыі супраць Расеі. У новы спіс увайшлі 15 кампаній і 11 фізічных асоб, якія ўдзельнічаюць у схемах абыходу ўведзеных раней сектаральных санкцый.