26 красавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The New York Times: Чаго прагнуць расейцы? Cыру

9
The New York Times: Чаго прагнуць расейцы? Cыру

Напаўзабытыя вырабы з савецкай мінуўшчыны зноў з'явіліся на паліцах расейскіх крам.

Проста насупраць выхаду № 21 у тэрмінале 4 аэрапорта Хітроў - выйсця, праз якое часцей за ўсё адпраўляюцца рэйсы Лондан-Масква - стаіць маленькая крама Caviar House & Prunier Seafood Bar. Адна з яго шкляных лядоўняў дэманструе выдатны выбар эксклюзіўных сыроў.

Як піша Маша Гесэн у сваім артыкуле «Чаго прагнуць расейцы: сыр», апублікаваным на сайце газэты The New York Times (пераклад - УНІАН), крама таксама прадае рыбу і, так, ікру, але менавіта лядоўня з сырам некалькі разоў на дзень зазнае набегі накіраваных у Маскву пасажыраў, якія робяць свае хапатлівыя куплі. У Расеі гэтага больш не купіш.

У жніўні будзе год з таго часу, як Расея ўвяла забарону на ўвоз некаторых прадуктаў харчавання з Еўрапейскага Звязу ды іншых краін, што ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расеі пасля яе ўварвання ва Украіну.

І гэтак жа, як пазбаўленыя ўяўлення чараўнікі біблейнага фараона адгукнуліся на плягі, прычыненыя богам габрэяў, паслаўшы тыя ж беды ўласным людзям у Егіпце - ператварыўшы салодкую ваду ў кроў і пакрыўшы зямлю жабамі - так Уладзімір Пуцін адказаў на цяжкасці, якія ідуць ад Захаду, стварэннем яшчэ большых цяжкасцяў.

Некаторым расейцам не стае аўстралійскіх антрэкотаў, іншым - нарвежскага ласося, трэцім - італійскай пасты, але менавіта сыру прагнуць усе. Яго адсутнасць на абедзенным стале - асаблівы сімвал новага часу - часу вайны Расеі з Захадам.

Менавіта сыр так захапляе расейцаў, калі яны выязджаюць за мяжу. «Гэта мой першы раз у Еўропе пасля ўсяго, што здарылася», - у лютым напісала на сваёй старонцы ў Facebook журналістка і рэжысёрка Іна Дзянісава, крытык анэксіі Крыма. «І ён занадта эмацыйны. І, вядома, не гістарычныя цэрквы і музеі ўразілі мяне, а тое, што я ўбачыла сыр у супермаркеце. Мая маленькая гарганзола. Мая маленькая мацарэла. Мой маленькі груер, шэўр і бры. Я трымала іх усе ў сваіх руках - я нават не хацела дзяліцца з кошыкам - і накіравалася да касы». Там, напісала Дзянісава, яна пачала плакаць. Яна скончыла свой запіс чымсьці накшталт «маніфесту еўрапейскасці» і пытаннем: «Je suis Charlie et je suis fromage [Я - Шарль і я - сыр]. Я хачу сваё нармальнае жыццё назад - няўжо яно скончылася назаўжды?»

Урад Пуціна, а таксама некаторыя навінавыя рэпартажы, сцвярджаюць, што контрсанкцыі былі дабром для расейскіх вытворцаў, у тым ліку сыраробаў. Але большасць з таго, што яны зрабілі, стала аб’ектам скаргаў і жартаў. Людзі часта змяшчаюць фатаграфіі падобных да сыру аб'ектаў, якія яны знаходзяць у харчовых крамах, і, прынамсі, адна крама ў Санкт-Пецярбургу ўсталявала кплівую рэкламу айчынных мяккіх сыроў, якія ён прадае: парадуючы верш Уладзіміра Маякоўскага, яна заклікае пакупніка «спыніць скавытанне» і «пачаць жаваць расейскі мяккі сыр».

Напаўзабытыя вырабы з савецкай мінуўшчыны зноў з'явіліся на паліцах крам: не толькі мяккі сыр, але і нешта, што называецца «швайцарскі сыр», яго не варта блытаць са швайцарскім сырам або сырам з Швайцарыі. (Швейцарыя, якая не з'яўляецца чальцом Еўрапейскага Звязу, не падлягае контрсанкцыям, нягледзячы на тое, што ўвяла свае ўласныя санкцыі супраць Расеі. Але швайцарскія прадукты харчавання па-за дасяжнасцю для большасці расейцаў дзеля іх кошту.) Швайцарскі сыр - гэта адзіны савецкі сырны прадукт, які хаця б крыху нагадваў сапраўдны сыр.

Швайцарскі сыр - смак з дзяцінства для расейцаў старэйшых за 35 гадоў, але гэта выклікае ў расейцаў настальгію аб 2012 годзе: тады сыр быў у вольным доступе, было добрае віно, сотні маскоўскіх рэстарацый з памяркоўнымі коштамі яшчэ не былі замкнёныя ў выніку санкцый, контрсанкцый і агульнага эканамічнага спаду, і ўся гэтая добрая ежа і пітво маглі выдатна адцягнуць чалавека ад палітыкі. У гэтым сэнсе з'яўленне сыру савецкіх часоў, з яго неперасяжнай млявасцю і васковай тэкстурай, стала чымсьці значна горшым, чым дрэнным знакам.

Вядома, краіна мільёнаў кемлівых грамадзян, тых, што любяць сыр, і сотні тысяч карумпаваных чыноўнікаў знайшлі спосабы абысці забарону. У контрсанкцыях ёсць вынятак для прадуктаў, якія не змяшчаюць лактозу, і вялікую колькасць кантрабанднага сыру, здаецца, прывезлі ў Расею з налепкай «без лактозы». Іншыя пастаўкі сыру (і крэветак, і ласося) былі пазначаныя паходжаннем з Беларусі, былой савецкай рэспублікі на захад ад Расеі, якая не мае выхаду да мора. Па некаторых звестак, істотная колькасць кантрабанднага сыру безупынна трапляла ў краіну, каб утрымаць на плаве некалькі італійскіх рэстарацый - хоць багата іншых былі вымушаныя зачыніцца.

Цяпер Расея мерыцца заштукаваць, прынамсі, некаторыя шчыліны. 24 чэрвеня Пуцін падпісаў распараджэнне, што падаўжае дзеянне контрсанкцый Расеі супраць тавараў з Еўрапейскага Звязу яшчэ на год. Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі папрасіла ўрад перагледзець пералік забароненых прадуктаў; калі прапанова будзе прынятая, стане значна складаней маркаваць сыр як «безлактозны». Міністэрства таксама папрасіла забараніць імпарт шакаладу і кавы. Такая перспектыва абуджае ўспаміны пра нясмачныя савецкія цукеркі і парашок цыкорыя, які прадавалі ў бляшанках з надпісам «кававы напой». Сама час Caviar House ў Хітроў пачаць запасіць каву і шакалад, для наступнага наезду расейцаў, якія прыбягуць на блізкі контр-контрсанкцыйны шопінг.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках