4 траўня 2024, Субота, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каложскую царкву ў Горадні можа паваліць любы ўраган

9

Драўляная сцяна ўнікальнай царквы XII стагоддзя - у катастрафічным стане.

Другая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ў пошуку шляхоў захавання Каложскай царквы адбылася ў Горадні 30 верасня. Удзельнікамі канферэнцыі сталі навукоўцы з Польшчы, Украіны, Расеі і Беларусі. Яны паспрабавалі даць адказы на пытанні аб захаванні ўнікальнага храма-помніка, піша партал «Твой стыль».

Удзельнікі прааналізавалі вынікі экспэртыз драўляных канструкцый і перакрыццяў храма, геарадарных і геадэзічных даследаванняў грунту, падпорнай сцяны і ўмацаванняў берагавой лініі, а таксама былі прааналізаваныя звесткі археалагічных раскопак за ўсе гады.

Усе прыйшлі да ўжо даўно выказанай думку, што храм трэба ратаваць, але спяшацца нельга. Да пытанняў рэстаўрацыі трэба падыходзіць вельмі старанна.

На канферэнцыі адзначылі, што знос каменнай сцяны храма складае блізу 12%. А вось драўляная сцяна ў значна горшым стане - яе можа знішчыць любы ўраган.

«Працягваецца пошук правільнага развязання захавання помніка. Драўляная частка храма ў катастрафічным стане і яе трэба мяняць. Мэта канферэнцыі - выпрацаваць правільную стратэгію захавання храма. Зараз мы дзейнічаем даслоўна паводле медыцынскіх правілаў - не нашкодзіць», - адзначыў настаяцель Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў.

Барысаглебская (Каложская) царква - архітэктурнае збудаванне XII стагоддзя, якое захавалася да нашых дзён. Храм размешчаны на высокім беразе Нёмана. Разам з комплексам помнікаў Замкавай гары Каложа аб'яўлена гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Уваходзіць у лік аб'ектаў, прапанаваных урадам Беларусі ў якасці кандыдатаў на ўнясенне ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках