1 траўня 2024, Серада, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Калі ўсе міліцыянты пройдуць паліграф, то ў МУС не будзе каму працаваць

17
Алег Воўчак: Калі ўсе міліцыянты пройдуць паліграф, то ў МУС не будзе каму працаваць
Алег Воўчак
ФОТА: CHARTER97.ORG

У міліцыі і без дэтэктара хлусні вялікая праблема з кадрамі.

Праваабаронца, былы следчы пракуратуры Менску Алег Воўчак распавёў «Радыё Рацыі» пра тое, чаму ўсе сілавікі павінны прайсці тэставанне на дэтэктары хлусні.

Пасля рэзананснай трагедыі, калі п'яны выконваючы абавязкі начальніка Баранавіцкай ДАІ насмерць збіў жанчыну, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што траціна тых супрацоўнікаў ДАІ, якія праходзілі праверку на дэтэктары хлусні, гэтую працэдуру не прайшлі, і з імі не будзе падоўжаны кантракт.

Са словаў Шуневіча, кожны супрацоўнік, у якога будзе сканчацца кантракт, пройдзе гэтую працэдуру.

- Правяраць работнікаў МУС на дэтэктары хлусні трэба не падчас падаўжэння кантрактаў, а перад прыняццем чалавека на службу. Хоць, калі ўжо наважылі цяпер праверыць супрацоўнікаў ДАІ, то вынікі тэставання не з’яўляюцца наўпроставым довадам, што чалавек, напрыклад, бярэ хабар ці злоўжывае спіртнымі напоямі. Гэта ўскосныя факты, таму нават звальняць тут, фактычна, не маюць права. Дэтэктар - гэта адзін з кампанентаў праверкі псіхалагічнага стану супрацоўніка. Але хай правяраюць, можа быць такім чынам яны наважылі праводзіць рэформу ў сістэме МУС. Хоць такое тэставанне не паўплывае на саму сістэму, якая пабудаваная сілавікамі.

- Чаму правяраюць толькі супрацоўнікаў ДАІ?

- Я таксама гэтага не разумею. Калі ўжо ўзяліся, што называецца, за гуж, то трэба правяраць усіх супрацоўнікаў міліцыі. І ў першую чаргу - начальства, бо, як кажуць, рыба гніе з галавы. І загады шараговым працаўнікам ідуць у асноўным зверху.

- Міністр унутраных спраў паскардзіўся на часам прадузятае стаўленне да міліцыі з боку незалежных СМІ, грамадства...

- А такія скаргі стала чуваць, калі самі міліцыянты пачынаюць фігураваць у скандальных ці нейкіх карупцыйных справах. Натуральна, усё гэта з'яўляецца ў Інтэрнэце, і гэта не чыясьці выдумка, а рэальныя факты. Таму навошта крыўдзіцца на люстэрка? Калі сілавікі самі сябе не будуць кампраметаваць, то спецыяльна ніхто гэтага рабіць не збіраецца. Але, мабыць, міліцэйскія чыноўнікі мяркуюць, што найлепшая абарона - гэта напад. А наогул, калі ўсе супрацоўнікі міліцыі пройдуць праверку на дэтэктары хлусні, то не будзе каму працаваць. Хоць у міліцыі, наколькі мне вядома, і так вялікая праблема з кадрамі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках