4 траўня 2024, Субота, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларускія супрацоўнікі ДАІ ганьбяць службу

39
Як беларускія супрацоўнікі ДАІ ганьбяць службу

Нядаўнія выпадкі, калі дзеянні людзей з жазлом выклікалі грамадскі рэзананс.

Трагічны выпадак, які адбыўся ў суботу, калі п'яны супрацоўнік ДАІ насмерць збіў жанчыну, што пераходзіла дарогу, выклікаў «абурэнне» кіраўніка ДАІ краіны - Дзмітрыя Карзюка. Шэф Дзяржаўтаінспекцыі сказаў, што «гэта ганьба для службы», піша «Салідарнасць».

- У нас вядзецца сталая праца з асабістым складам, выстаўляюцца высокія патрабаванні да абітурыентаў, і мы будзем рабіць усё магчымае, каб такія людзі не працавалі ў ДАІ, - дадалі ў службе.

Ніжэй толькі некалькі прыкладаў, якія прымушаюць, як мінімум, усумніцца ў якасці гэтай «сталай працы з асабістым складам».

Ударыў матацыкліста жазлом па галаве

Інцыдэнт адбыўся ў Барысаве, калі, спрабуючы спыніць матацыкліста, які праязджаў побач, супрацоўнік ДАІ звярнуўся да яго даволі нетрадыцыйным спосабам - ударыў яго жазлом па шлеме.

«Арыгінальнае патрабаванне спыніцца ад інспектара ДАІ», - напісалі адміністратары групы «Тыповы Барысаў», якія апублікавалі відэа інцыдэнту.

Разбіў шыбу кіроўцу за тое, што той бараніў свае правы

Яшчэ далей у сваім імкненні пакараць кіроўцу зайшлі наваградскія супрацоўнікі ДАІ - пасля таго, як кіроўца адмовіўся прайсці ў іх аўтамабіль і паспрабаваў растлумачыць нормы заканадаўства, мясцовы супрацоўнік проста разбіў бакавую шыбу аўтамабіля і выцягнуў «занадта разумнага» кіроўцу сілай.

Сказаў кіроўцу: «Ідзі на...»

У кастрычніку мінулага года ў Берасці мясцовы кіроўца зняў з дапамогай відэарэгістратара сваю спрэчку з супрацоўнікамі ДАІ, якія, паводле ягоных слоў, неправамерна ўжылі да яго сілу, выцягнуўшы яго з аўтамабіля, а таксама непрыстойна лаяліся.

Пасля гэтага мужчына падаў заяву ў міліцыю за непавагу і абразу з боку інспектара ДАІ, аднак праверка парушэнняў не выявіла - экспэрты проста не пачулі лаянкі ў словах берасцейскага інспектара ДАІ.

Сведчыў супраць палітвязняў

У 2011 годзе ў скандале засвяціўся сам Дзмітрый Карзюк - ён актыўна сведчыў у «справах 19 снежня», выступаючы сведкам у абвінавачванні паводле справы каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі, якога абвінавачвалі ў арганізацыі так званых масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года.

У жніўні 2011 года Карзюк цалкам перакрыў рух на праспекце Незалежнасці, каб сарваць акцыю «Стоп-бензін». У той дзень рух у Менску літаральна паралізавала.

А ўжо ў 2016-м скандальны ДАІшнік пайшоў на павышэнне, стаўшы начальнікам управы Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі.

І яшчэ адзін паказальны выпадак

У красавіку мінулага года з суседняй Украіны збег начальнік Дзяржаўтаінспекцыі Кіева Мікалай Макаранка, якога там абвінавачвалі ў карупцыі і махінацыях. Тады меркаваны лідар арганізаванай злачыннай групы, паводле звестак украінскай міліцыі, незаконна пакінуў тэрыторыю краіны «ў кірунку Беларусі».

І сапраўды, куды ж яшчэ ехаць апальнаму супрацоўніку ДАІ, як не ў краіну, дзе нават самых скандальных сілавікоў гатовыя прыкрываць да апошняга і пры ўсякіх абставінах.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках