7 траўня 2024, aўторак, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ТБМ прапанавала перанесці сталіцу ў Полацк

13
ТБМ прапанавала перанесці сталіцу ў Полацк

У 2017 годзе споўніцца 500 гадоў першай у гісторыі ўсходнеславянскіх народаў друкаванай кнізе - беларускага «Псалтыра», выдадзенага Скарынам.

У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў першай у гісторыі ўсходнеславянскіх народаў друкаванай кнізе - беларускага «Псалтыра», што 6 жніўня 1517 года ў Празе выдаў асветнік Францыск Скарына.

«Радыё Свабода» даведалася, якія ініцыятывы рыхтуюць да гэтай даты «Таварыства беларускай мовы» і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. ТБМ носіць імя Францыска Скарыны, каля бібліятэкі стаіць помнік першадрукару.

ТБМ пачне рыхтавацца да 500-годдзя з моманту выхаду першай беларускай друкаванай кнігі ўжо сёлета — 21 лютага пройдзе традыцыйная агульнабеларуская дыктоўка, прысвечаная Францішку Скарыну. А ў наступным годзе — юбілейная, дзесятая, і таксама ў гонар першадрукара. Але асноўнай ініцыятывай з нагоды памятнай даты будзе спроба дамагчыся пераносу сталіцы Беларусі з Менску ў Полацак, на радзіму Францішка Скарыны.

«Любыя юбілеі трэба адзначаць канкрэтнымі справамі. У наступным годзе мы плануем правесці шэраг зальных мерапрыемстваў, звязаных з 500-годдзем беларускай друкаванай кнігі. У Менску быў праспект імя Францішка Скарыны, але пры гэтай уладзе вярнуць яго не ўдасца. Няма сэнсу траціць сілы і псаваць паперу. Ёсць іншая ідэя — ініцыяваць перанос сталіцы Беларусі ў Полацак. Мы будзем пісаць адпаведны зварот да ўладаў з гэтай нагоды», — кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Грамадскі дзеяч перакананы, што перанос сталіцы не толькі ўшануе першадрукара, але і дасць іншы плён — перастане расці Менск.

«Калі перанесці сталіцу, то можна злучыць Полацак і Наваполацак у адзіны горад. Зрабіць новую адміністрацыйную плошчу і назваць яе імем Францішка Скарыны. Трэба вярнуць сталіцу туды, дзе яна была раней. Іначай мы не зможам спыніць рост менскага мегаполісу. Трэба зрабіць тое, што зрабілі казахі і бразільцы, — перанесці сталіцу з вялікага гораду ў малы. Тым больш што нам не трэба будаваць новы горад, у нас ёсць старая сталіца — Полацак. Гэта быў бы самы лепшы падарунак на 500-годдзе беларускага кнігадрукавання» - мяркуе Алег Трусаў

Ён сказаў, што добра ставіцца да імпрэзаў, якія будуць ладзіцца на афіцыйным узроўні ў сувязі з 500-годдзем беларускага кнігадруку. Але адзначыў, што ўсе яны павінны праходзіць толькі па-беларуску.

«Як бы мы ні ставіліся да ўладаў, добра, што такія мерапрыемствы будуць. Адзінае, трэба, каб яны праходзілі па-беларуску, бо ў нас часам могуць і па-расейску нешта такое правесці. Такое, на жаль, бывае. Імпрэзы, прысвечаныя Скарыну, павінны праходзіць на яго мове, а не на якой іншай» - гаворыць Алег Трусаў.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да адзначэння даты рыхтуюцца ўжо пяць гадоў. Дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі кажа, што распрацаваны план святкавання, у якім выданне поўнай спадчыны першадрукара, а таксама міжнародныя зальныя імпрэзы:

«Першы і галоўны праект, які мы рыхтуем да гэтага свята, — факсімільнае ўзнаўленне ўсёй кніжнай спадчыны Францішка Скарыны. Па старонцы збіраем працы Скарыны, якія разышліся па ўсім свеце за 500 гадоў. Мэта — выдаць поўную спадчыну Францішка Скарыны. Усяго будзе 21 том. Ужо цяпер выдадзена 11 тамоў. А да 2017 году выйдзе ўвесь збор. Гэта і будзе галоўным падарункам усім беларусам і ўсяму свету да значнай даты. Таксама будзе міжнародны кангрэс і міжнародная кніжная выстава, прысвечаная падзеі. На выставе, апроч поўнага збору спадчыны Скарыны, якую мы выдаём, будуць прадстаўленыя экземпляры, якія захоўваюцца не ў Беларусі» - гаворыць дырэктар бібліятэкі.

Бібліятэчная грамадскасць распрацавала пералік у 500 мерапрыемстваў, якія неабходна правесці ў Беларусі і за мяжой для папулярызацыі не толькі імя Скарыны, але і дасягненняў беларусаў у кнігадрукаванні і наогул у гуманітарнай сферы.

«Асоба Скарыны надзвычай важная для Беларусі. А тут такая рэдкая дата — 500 гадоў з моманту выхаду першай друкаванай кнігі. Гэта вельмі добрая нагода для таго, каб пашыраць інфармацыю пра беларускага першадрукара», - распавёў Раман Матульскі.

У 2015 годзе ў рамках Кангрэсу беларусістаў свету, які прайшоў у Менску, адбыўся круглы стол, прысвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках