4 траўня 2024, Субота, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку чакае лёс Кадафі і Януковіча

90
Лукашэнку чакае лёс Кадафі і Януковіча

Падтрымка дыктатараў з боку еўрачыноўнікаў немінуча прыводзіць да рэвалюцый.

Такім чынам у інтэрв'ю charter97.org пракаментаваў імавернасць скасавання санкцый ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Пытанне скасавання санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў з’яўляецца практычна развязаным. Пра гэта ўжо заяўляюць высокапастаўленыя прадстаўнікі краін ЕЗ. Як вы пракаментуеце такі крок з боку Захаду?

- Такая пастанова, калі яна адбудзецца, безумоўна, стане здрадай у дачыненні да беларускага народа і дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, прадстаўнікі якой выступалі за захаванне санкцый супраць Лукашэнкі і ягоных паслугачоў, вінаватых у фальсіфікацыі выбараў 2010 года, рэпрэсіях супраць грамадзянскіх актывістаў, у катаваннях над кандыдатамі ў прэзідэнты і чальцамі іх выбарчых штабоў.

Ніякіх зменаў да лепшага ў Беларусі не адбылося. Выбары 2015 года былі сфальсіфікаваныя яшчэ больш нахабным чынам. Былыя палітвязні не рэабілітаваныя і застаюцца абмежаванымі ў сваіх правах, супраць аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты 2010 году Алеся Міхалевіча працягваецца крымінальны пераслед, ніхто з сілавікоў, вінаватых у катаваннях і збіваннях дэмакратычных лідараў і журналістаў, не быў пакараны.

З іншага боку, чыноўнікі Еўразвяза ў дачыненні да беларускага дыктатара выкарыстоўваюць тыя ж прыёмы і метады, якія яны выкарыстоўвалі ў дачыненні да Кадафі, Бэн Алі, Януковіча. Еўрачыноўнікі да апошняга, дзеля міфічнай стабільнасці, спрабуюць падтрымліваць дыктатараў, сустракаючыся з імі, цалуючы ім рукі і выдаючы фінансавыя крэдыты, большая частка якіх раскрадаецца дыктатарамі і асядае потым у заходніх банках.

Але народы прыгнечаных краін у рэшце рэшт паўстаюць, скідаюць тыранаў, а «стабільнасць» ператвараецца ў рэвалюцыйны пажар.

- Еўрачыноўнікі не ў першы раз здымаюць санкцыі з Лукашэнкі. Гэта заўсёды прыводзіла да ўзмацнення рэпрэсій супраць апазіцыі ўнутры краіны. Ці чакаецца цяпер такі сцэнар?

- Зноў жа паводзіны Лукашэнкі падобныя да паводзін іншых дыктатараў. Гэтыя людзі маюць псіхалогію серыйных забойцаў і садыстаў і, калі не ставіць ім жорсткія заслоны, то яны рэалізуюць свае псіхапатычныя інстынкты ў рэпрэсіях супраць свайго народа, што ва ўмовах эканамічнага крызісу прыводзіць да немінучага сацыяльнага выбуху.

Так было ў Лівіі, Тунісе, Украіне. Так будзе і ў Беларусі.

- Што трэба ў гэтай сітуацыі рабіць дэмакратычным сілам?

- Неабходна разумець, што ў еўрапейскіх палітыкаў адсутнічае стратэгія ў дачыненні да Беларусі і адсутнічаюць лідары ўзроўню Рэйгана і Тэтчэр. Але еўрапейцы розныя. У беларусаў шмат сяброў у Еўропе сярод журналістаў, праваабаронцаў, дзеячаў культуры. Неабходна праз іх уплываць на грамадскае меркаванне ў еўрапейскіх краінах, даносіць праўду пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, да прыкладу, што цяпер Лукашэнка пазбавіў працы сотні тысяч дробных прадпрымальнікаў і спрабуе ліквідаваць прыватных гандляроў як клас.

Нам трэба быць салідарнымі і браць прыклад з украінскіх валанцёраў, якія, нягледзячы на пасіўнасць Захаду і карупцыйных уласнага ўрада, змаглі спыніць расейскую агрэсію і адстаяць свабоду і незалежнасць сваёй краіны.

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках