26 красавiка 2024, Пятніца, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве псеўдападпалкоўнік міліцыі атрымаў 4,5 гады турмы

11
У Магілёве псеўдападпалкоўнік міліцыі атрымаў 4,5 гады турмы

Мужчына прызнаны вінаватым у «неаднаразовым падбухторванні да дачы хабару».

Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 лютага прызнаў вінаватым былога лейтэнанта міліцыі Віктара Дзюкава, які служыў да 1991 года ў Ленінскім РАУС Магілёва, паводле ўсіх артыкулаў выстаўленых абвінавачванняў і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе БелаПАН.

У канцы 2014 года Дзюкаў быў затрыманы паводле падазрэння ў махлярстве, даванні хабару і прысваенні звання службовай асобы. Згодна з матэрыяламі справы, падсудны падбухторваў да дачы хабару 350 даляраў свайго знаёмага, які не меў магчымасці самастойна здаць экзамен у ДАІ. Сябе ён прапанаваў у якасці пасрэдніка.

Нягледзячы на першапачатковае прызнанне віны падчас следства, у судзе Дзюкаў заявіў аб частковай вінаватасці, угледзеўшы ў сваіх дзеяннях толькі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Мужчына папрасіў вынесці яму апраўдальны прысуд, а калі будзе вынесены абвінаваўчы - то не пазбаўляць яго волі, бо мае на ўтрыманні малалетняе дзіця і з'яўляецца ўдзельнікам ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.

Суд разгледзеў блізу 10 эпізодаў злачыннай дзейнасці, інкрымінаваных Дзюкаву.

У выніку мужчына прызнаны вінаватым у неаднаразовым падбухторванні да дачы хабару, неаднаразовым завалоданні маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам, махлярстве, самавольным прысваенні звання, звязаным з грамадска-небяспечнымі дзеяннямі.

Падсудны абавязаны выплаціць дзяржаве больш за 15 млн 300 тысяч рублёў незаконнага даходу, а аднаму з пацярпелых - кампенсаваць маральную шкоду і выдаткі на адваката. На пытанне, ці будзе падсудны абскарджваць вынесены прысуд, Дзюкаў кіўнуў галавой.

У 2012-2013 гадах, паводле матэрыялаў справы, падсудны актыўна супрацоўнічаў з расейскай грамадскай арганізацыяй ветэранаў аператыўных службаў «Гонар», якую ўзначальвае Аляксей Даркоў. Ад яе ў верасні 2013 года ён атрымаў медаль «95 гадоў крымінальнаму вышуку» і нават удзельнічаў у адкрыцці каля будынку УУС Бабруйскага гарвыканкама памятнага знака родапачынальніку расейскай крыміналістыкі, загадчыку крымінальным вышукам Расеі Аркадзю Кашко і ягонаму брату, генерал-губернатару Пермі Івану Кашко.

У ветэранскай арганізацыі Ленінскага РАУС Магілёва былому калегу ўручалі грашовыя прэміі ды іншыя заахвочванні, пакуль у снежні 2014 года ў СМІ не з'явілася інфармацыя аб затрыманні Дзюкава. На сайце «Гонару», у шэрагі якой Дзюкаў быў прыняты ў верасні 2014 года, ён дагэтуль згадваецца як намеснік начальніка абласнога УУС.

«Легенда ў яго такая была: нашым супрацоўнікам ён казаў, што працаваў у Расеі ў званні падпалкоўніка, а расейцам - што працаваў у Беларусі. Разам ніхто не разбіраўся. Легенда так і засталася», - заявіў журналістам 3 лютага на прэс-канферэнцыі часова выконваючы абавязкі начальніка Магілёўскага УУС Аляксандр Васільеў, паведаміўшы, што з беларускімі аператыўнікамі Дзюкава пазнаёмілі прадстаўнікі расейскай арганізацыі.

«Прызнаем, што на нейкім этапе не змаглі своечасова разабрацца», - сказаў Васільеў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках