2 траўня 2024, Чацвер, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імперыя Чыжа «здзімаецца»: у гіпермаркеце ProStore дэфіцыт тавараў

37
Імперыя Чыжа «здзімаецца»: у гіпермаркеце ProStore дэфіцыт тавараў
Фота: onliner.by

Пасля затрымання Юрыя Чыжа ў гандлёвай сетцы імкліва зменшыўся асартымент.

Навіны, якія тычацца бізнэсу Юрыя Чыжа, апошнім часам нядобрыя. Некаторыя з іх звязаныя з затрыманнем, некаторыя не. Пра тое, што ў імперыі «Трайпл» не ўсё добра, было вядома яшчэ да сакавіка. Учора журналісты onliner.by наведалі гіпермаркет ProStore - першую і адну з самых наведвальных крамаў сеткі. Улетку гэтага года гіпермаркет на пр. Дзяржынскага адзначыць 10-годдзе. Пакуль што падстаў для свята мала: шматлікія паліцы ў краме нагадваюць пра часы дэфіцыту. Але тут гаворка ідзе хутчэй пра дэфіцыт грошай, а не тавару.

Асноўнай прычынай спынення паставак у гандлёвую сетку з'яўляюцца дэфіцыт тавару, праблемы ў пастаўшчыка ці праблемы з аплатай тавару з боку крамы. Мяркуючы з таго, што ў астатніх крамах горада праблем з асартыментам няма, можна меркаваць, што ў ProStore не ўсё гладка з аплатай. Выпадковым метадам мы патэлефанавалі тром пастаўшчыкам. Двое з траіх пацвердзілі гэтыя здагадкі. Адзін нават заявіў пра гатоўнасць судзіцца. Як відаць з адкрытых крыніц, да суда дайшлі яшчэ некалькі кампаній.

- Што адбываецца з ProStore - незразумела. Не думаю, што цяперашнія праблемы нейкім чынам звязаныя з затрыманнем Юрыя Чыжа. Там першапачаткова былі нейкія дзіўныя крокі. Хто дадумаўся вырабляць печыва пад уласнай гандлёвай маркай ў Польшчы? Можа, логіка дзесьці схаваная, але пры наяўнасці вялікай колькасці беларускіх вытворцаў такі крок выглядае дзіўным, - мяркуе кіраўнік бакалейнай кампаніі.

- Так, прыпынілі пастаўкі, - распавёў яшчэ адзін дырэктар, які займаецца пастаўкамі гарбаты і кавы. – Пра суд пакуль не думаем, бо незразумела, наколькі глыбокі крызіс у кампаніі. Яны традыцыйна закрытыя: мы маем дачыненні ў аднабаковым рэжыме, шлем лісты, SMS. У адказ амаль нічога.

Трэці пастаўшчык заявіў, што ўсё спакойна і кампаніі працуюць у штатным рэжыме.

У кіраўніцтве самой сеткі спакойныя:

- Думаю, праз пару тыдняў усё наладзіцца. Нам няма чаго каментаваць, бо пустых паліц няма. У прэсе і так цяпер досыць інфармацыі.

- Кажуць, што вы не вельмі задаволеныя працай апошняга гіпермаркета ў Каменнай Горцы.

- Былі б незадаволеныя - ён бы не працаваў. Усё, мы нічога не каментуем пакуль.

Ніжэй - фота з гіпермаркета, зробленыя ўчора ўвечары. Замест асартыменту на многіх паліцах шырокая выкладка аднолькавых прадуктаў. Многія з іх - уласныя гандлёвыя маркі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках