29 красавiка 2024, панядзелак, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Слоніме за тры гады да пенсіі звальняюць прафсаюзнага актывіста

6
У Слоніме за тры гады да пенсіі звальняюць прафсаюзнага актывіста
МІХАІЛ СОШКА
ФОТА: «Радыё Свабода»

Дырэктар камвольна-прадзільнага камбіната, звальняючы актывістаў прафзвязу РЭП, упэўнены, што «ведае, што робіць».

Слонімскія апазіцыянеры патрабуюць ад дырэктара камвольна-прадзільнага камбіната не звальняць рабочага, актывіста незалежнага прафзвязу РЭП Міхаіла Сошку<>/b. Але ў адміністрацыі адказваюць, што ведаюць, што робяць.

У лісце актывісты ўспамінаюць, што Сошка адпрацаваў на прадпрыемстве 30 гадоў, ён дасведчаны і сумленны працаўнік, спецыяліст 6 разраду. А звольніць яго наважыліся за тры гады да пенсіі, прычым, на думку актывістаў, за ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Сошка, на думку актывістаў, як прафсаюзны дзеяч неаднаразова заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве. Як сябар прафзвязу РЭП разам з іншымі актывістамі з Беларусі наведваў Швэцыю паводле запрашэння калег з прафзвязу IF Metall. Пасля вяртання ў Слонім хацеў падзяліцца досведам з рабочымі камвольнай фабрыкі, за што атрымаў спагнанне.

Адзін з падпісантаў ліста, чалец БХД Іван Бедка распавёў «Радыё Свабода», што чалавеку ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі страціць працу – значыць, паставіць у вельмі складанае становішча блізкіх, сям'ю. Пра гэта і напісалі дырэктару фабрыкі. І цытуе радкі з ліста:

«Вельмі шкада, што вы асабіста бераце ўдзел у траўлі годнага чалавека, звальняючы яго за тры гады да выхаду на пенсію. Гэта недальнабачная пазіцыя, бо сёння звальняеце вы, а заўтра такім жа чынам звольняць вас, а магчыма, яшчэ і зробяць карупцыянерам. Сваёй пастановай аб звальненні Міхаіла Сошкі вы не дасягне мэты запалохаць грамадскіх актывістаў, вы толькі папоўніце шэрагі беспрацоўных і пакінеце Міхаіла Сошку і ягоную сям'ю без сродкаў да існавання».

Жыхар Слоніма Іван Шэга таксама перакананы, што звальняюць прыстойнага чалавека толькі за тое, што ён асмеліўся мець свой погляд на рэчаіснасць:

- Мы ўсе тут добра ведаем Міхаіла Сошку, горад у нас невялікі. Ведаем, што ён прыстойны чалавек, спецыяліст у сваёй прафесіі, мае шосты разрад. І думае заўсёды не толькі пра сябе, неаднаразова заступаўся за іншых рабочых, калі іх скарачалі з фабрыкі. Нашы актывісты без усялякіх ваганняў склалі ліст да кіраўніка прадпрыемства. Толькі ці хопіць у іх розуму не рабіць гэтага.

Што да самога Міхаіла Сошкі, то ён мае намер судзіцца з кіраўніцтвам фабрыкі, бо, паводле ягоных слоў, у калектыўнай дамове запісана, што з рабочым, якому застаецца да пенсіі тры і менш гадоў, кантракт прадаўжаецца аўтаматычна.

- Мне зразумела, што гэты загад прыйшоў зверху, і таму я проста не маю ніякага выхаду, як толькі судзіцца, бо да пенсіі працы ў Слоніме не змагу знайсці. Не толькі я перакананы ў гэтым, але і ўсе мае сябры добра ведаюць, што гэта ідзе ад нашай мясцовай «вертыкалі». Так што не буду здавацца, пайду ў суд.

Журналісты звярнулася да кіраўніка Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Анатоля Суботкі. Той адзначыў, што не мае намеру даваць нейкія каментары, але тым не менш сваю пазіцыю патлумачыў:

- Мы не парушаем калектыўнай дамовы, паколькі ў нас за два гады да пенсіі кантракт прадаўжаецца аўтаматычна. Па-другое, калектыўная дамова распаўсюджваецца на членаў нашага прафсаюза, а Сошка выйшаў са складу нашага прафсаюза. Больш я не буду даваць вам ніякіх каментароў, бо мяркую, што тое, што дзеецца ўнутры нашага прадпрыемства - гэта наша ўнутраная справа. А калі чалавек з чымсьці не згодны, то для гэтага ёсць суд.

- Гэта ваша ініцыятыва не прадаўжаць кантракт з Сошкам?

- Ну, калі дзяржава даверыла мне кіраваць прадпрыемствам, то, адпаведна, калі я прымаю нейкую пастанову, то і бяру адказнасць на сябе.

Ліст да кіраўніка камвольна-прадзільнай фабрыкі Анатоля Суботкі падпісалі слонімцы: Савасьцян Павел (Партыя БНФ), Іван Шэга (ІКУ «Шэгамедкансульт»), Іван Бедка (Беларуская хрысціянская дэмакратыя), Сяргей Бузун (партыя «Справядлівы свет»), Аляксандр Масюк (ПАГА «Рух «За Свабоду»), Віктар Марчык (Беларускі незалежны прафзвяз).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках