10 траўня 2024, Пятніца, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыль - 30 гадоў хлусні Крамля і Лукашэнкі»

39
«Чарнобыль - 30 гадоў хлусні Крамля і Лукашэнкі»
ФОТА: Віктар Драчоў/ТАСС

Акцыя «Чарнобыльскі шлях» пройдзе ў Менску ў 30-годдзе аварыі на ЧАЭС.

Самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа адбылася 26 красавіка 1986 года.

Нягледзячы на тое, што станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела на тэрыторыі Беларусі.

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела блізу 2 млн. жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства.

Паводле звестак Белстата, на 1 студзеня 2016 года ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзіўся 2 371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, што пражывала ў гэтай забруджанай зоне, складала 1 млн 141,8 тысяч чалавек (12% колькасці насельніцтва краіны).

Беларускія ўлады маюць намер адрадзіць пацярпелыя зямлі, зрабіць іх прыдатнымі для пражывання і вырошчвання прадуктаў харчавання - пра гэта заявіў даслоўна ўчора міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы ў Менску на міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай беларускім урадам і Праграмай развіцця ААН.

Супраць гаспадарчага асваення і засялення забруджаных тэрыторый выступаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі і эколагі. Яны таксама патрабуюць ад уладаў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС, раскрыць праўдзівую інфармацыю аб наступствах аварыі на ЧАЭС у Беларусі, забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыелагічны кантроль.

Усе гэтыя патрабаванні будуць вылучаны падчас традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі шлях», які пройдзе сёння вечарам у Менску.

Збор удзельнікаў шэсця 26 красавіка прызначаны на 18.00 каля кінатэатра «Кастрычнік».

Асноўныя лозунгі акцыі: «Чарнобыль не завяршыўся - катастрофа працягваецца», «Не - Астравецкай АЭС» і «Чарнобыль - 30 гадоў хлусні Крамля і ўлады Аляксандра Лукашэнкі».

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай з нагоды 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У тэксце канстатуецца, што «Беларусь больш за ўсіх краін пацярпела ад Чарнобыля, і наступствы гэтай катастрофы будуць адчувацца ў Беларусі многія стагоддзі. Трэць тэрыторыі Беларусі была забруджаная радыяцыяй, вялізныя прасторы сталі непрыдатнымі да жыцця чалавека. Рэзка выраслі паказчыкі захворванняў беларусаў на хваробы, выкліканыя наступствамі Чарнобыльскай аварыі - у першую чаргу, анкалагічныя». Рада БНР звяртае ўвагу, што «Беларусь не атрымала ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай ніякіх кампенсацый ні ад цэнтральных савецкіх уладаў, ні ад юрыдычнага пераемніка СССР - Расейскай Федэрацыі».

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках