26 красавiка 2024, Пятніца, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы самі развязваюць свае праблемы без парад Лукашэнку

23

Набыць ежу, выбіць заробак, з'ехаць за мяжу... Некалькі жыццёвых прыкладаў.

Размаўляючы 1 траўня з жыхарамі Шклова, Лукашэнка не стаў абнадзейваць іх пустымі абяцаннямі аб падтрымцы дзяржавы і параіў разлічваць толькі на сябе.

- Калі мы пачынаем адзін на аднаго ківаць, што гэта нехта павінен зрабіць, не я, гэта ўлада дрэнная, якая павінна зрабіць - гэта дрэнна, гэта няправільна. Трэба, перш за ўсё, глядзець на сябе - а што я зрабіў? - патлумачыў сваю думку Аляксандр Лукашэнка.

Напраўду шмат хто з беларусаў, жывучы ў «сацыяльна-арыентаванай дзяржаве», ужо даўно прыйшоў да такой высновы і, здаецца, пачаў дзейнічаць. «Салідарнасць» узгадвае свежыя прыклады.

Выбіваюць запазычанасць за заробак

Першай на думку ўзбягае скандальная гісторыя з 25-гадовым віцебскім будаўніком Змітром Сталяровым, які зладзіў акцыю пратэсту на вежавым кране, каб атрымаць належную яму заплату.

Ці здолее працоўны дамагчыся свайго, пакуль невядома, але тое, што ён паспрабаваў дапамагчы сабе сам - хай і вельмі арыгінальным спосабам - не выклікае сумненняў.

Шукаюць, дзе ашчадзіць

Чарга і цісканіна, якая ўтварылася ў нядзелю каля новага пункту фаст-фуда ў Менску, магчыма, кагосьці і здзівіла, але толькі не людзей, якія ведаюць, што ў дзень адкрыцця там можна было атрымаць абанемент на 52 дармовыя полудні на працягу года!

- Цесна сядзець, ды добра глядзець, - падумалі беларусы і самастойна забяспечылі сябе дармовай ежай амаль на паўтары месяцы.

Знаходзяць працу за мяжой

У той час, як заробкі лекараў абы-якія, шмат хто з медыкаў і выпускнікоў медыцынскіх ВНУ масава запісваюцца на курсы нямецкай мовы ды імігруюць у Нямеччыну.

- Беларусам там даецца дармовае жытло і харчаванне. Заплата невялікая, бо спачатку выпрабавальны тэрмін і праца памочнікам лекара. Вельмі паважлівае стаўленне да нашых спецыялістаў, - распавядаюць тыя лекары, якія ўжо паклапаціліся пра сябе такім чынам.

Дапамагаюць не памерці з голаду

Цуды самаарганізацыі праявілі ў сацсетках беларусы, якія арганізавалі супольнасць для абмену ежай. Арганізатары прапануюць замест таго, каб «адпраўляць на сметнік» непатрэбныя прадукты харчавання, проста раздаць іх людзям.

- Занадта шмат згатавалі і не змаглі з'есці? Вы не паверыце, але ёсць людзі, якія з задавальненнем забяруць вашыя паўпачка круп або салаты, якія вы балеямі гатавалі на свята, - пішуць заснавальнікі суполкі.

Не трацяць пачуцця гумару

Каб дапамагчы беларусам перажыць цяжкія часы, жыхар Магілёва зняў сэрыю відэа пра тое, як пражыць за тры мільёны рублёў на месяц.

- Гэта не тое што маленькая, кепская заплата. Гэта сярэднестатыстычны заробак беларуса, на які выжывае больш як палова насельніцтва, - кажа Віктар Усціновіч і на працягу 30 дзён на асабістым прыкладзе высвятляе, як гэта, пражыць на гэтыя грошы.

Як выявілася, не надта проста - затое цяпер беларусы змогуць самастойна падрыхтавацца да магчымага далейшага зніжэння заробкаў і, галоўнае, не адцягваць чыноўнікаў ад працы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках