6 траўня 2024, панядзелак, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні будуюць клон лініі Сталіна - «лінію Карбышава-Молатава»

21

Нічога агульнага з рэальнай лініяй абароны 68-га ўмацаванага раёна часоў вайны гэтая «рэканструкцыя» не мае.

У Гародні на праспекце Касманаўтаў, што вядзе да хімічнага камбінату «Азот», ствараецца «лінія Карбышава».

За гарадзенскім Курганам славы ўжо стаіць бронетэхніка часоў апошняй вайны і больш сучасная. Далей - муляжы з дрэва процітанкавых «яжоў», за імі жаўнеры ўмацоўваюць неглыбокую траншэю свежым драўляным брусам. За траншэяй прыкопваюць лёгкі дэсантны танк, які да вайны не мае ніякага дачынення. Справа ад яго - дзве гарматы, у адной на шчытку надпіс «Гарадзенскай ЖКГ», паведамляе «Радыё Свабода».

ФОТА: SVABODA.ORG

Будучая «лінія» выглядае сціпла. Але ў дзень адкрыцця абяцаюць паказаць рэканструкцыю бою з немцамі, таму чакаецца, што мерапрыемства зацікавіць гараджан.

Усё большае ўвекавечанне гісторыі апошняй вайны - гэта тупіковы шлях, мяркуе грамадскі дзеяч Ігар Кузьмініч, які раней выкладаў у Гарадзенскім універсітэце:

«Вайна скончылася, трэба пра яе памятаць. Але стала і настойліва пра яе нагадваць - у гэтым бачныя праявы мілітарызму. Гэта - першае, што прыходзіць у галаву з нагоды новых помнікаў, звязаных з вайной, такіх як лінія Сталіна ці Карбышава».

ФОТА: SVABODA.ORG

У Ігара Кузьмініча два сыны, якія ездзілі на Курган славы паглядзець танкі:

«Сынам спадабалася вайсковая тэхніка - яны ж хлопцы. Цікавасць да яе ў некаторых выпадках спалучаецца з імкненнем атрымаць вайсковую прафесію, і гэта нармальна. Але мы жывем у XXI стагоддзі, і падмацоўваць такія рэчы ідэалагічна сёння не варта. Навошта такая псеўдалінія? Магчыма, для турыстаў. Але некаторыя з ўмацаванняў, якія будаваў генерал Карбышаў, захаваліся напраўду, ці не лепш было б выкарыстоўваць менавіта іх, гэта значыць - сапраўдныя аб'екты?»

Гісторык Андрэй Вашкевіч - адзін з тых, хто вывучае абарончыя ўмацаванні блізу Гародні, якія будаваліся пад кіраўніцтвам генерала Карбышава.

Ён мяркуе, што «лінія Карбышава», якая будуецца хутчэй як адукацыйны праект, дадатак да Кургана славы:

ФОТА: SVABODA.ORG

«Напэўна, каб школьнікі там маглі бавіць час. Але хацелася б, каб з цягам часу была звернутая ўвага на тую рэальную лінію абароны, 68-га ўмацаванага раёна ў раёне Аўгустоўскага канала, і хоць бы адзін з дотаў быў рэканструяваны. Тым больш, што такія праекты існуюць, напрыклад, у Заслаўі. І гэта цалкам рэальна - падрыхтаваць як турыстычны аб'ект сапраўдную лінію Карбышава або, як яшчэ называюць умацаванне, «лінію Молатава», - адзначае гісторык. - Тым больш, што захаваліся больш за сто аб'ектаў з беларускага і польскага боку, пабудаваных для 68-га ўмацаванага раёна. Некаторыя ў даволі добрым стане. У адрозненне ад так званай «лініі Сталіна», гэтыя доты ў першыя дні вайны па-сапраўднаму абараняліся, у іх загінула нямала жаўнераў».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках