У Бабруйску зрабілі зефір для лоўлі пакемонаў
5- 23.07.2016, 17:25
- 11,284
Беларускія кампаніі паволі пачынаюць выкарыстоўваць мегапапулярнасць гульні Pokemon GO у сваіх мэтах.
Не прайшла міма і бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», вядомая перш за ўсё сваім зефірам, піша tut.by.
На сваёй старонцы ў Facebook вытворца ласункаў апублікаваў фатаграфію зефіру (мяркуючы з усяго, сапраўднага), зробленага ў форме пакебола. Подпіс абвяшчае: «Напэўна, вы ўжо чулі, што свет звар’яцеў і ловіць пакемонаў. Мы пакемонаў не ловім, але можам іх зрабіць».
Зрэшты, тут неспрактыкаваныя лаўцы пакемонаў з Бабруйска памыліліся, бо зрабілі не пакемона, а сродак для яго лоўлі і захоўвання (менавіта такое прызначэнне ў пакеболаў).
Нагадаем, гульня Pokemon GO выкарыстоўвае тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і «дамалёўвае» монстраў наўпрост да гарадскіх краявідаў. Сутнасць гульні ў тым, каб сабраць усіх пакемонаў і з іх дапамогай адваяваць як мага больш «трэніравальных залаў».
За тры тыдні пасля выхаду гульня атрымала мноства прыхільнікаў ва ўсім свеце. Праўда, неаднаразова з'яўляліся навіны пра кур'ёзы падчас пошуку пакемонаў: адны гульцы забрыдалі ў павучыныя логавы, а іншыя – станавіліся ахвярамі зламыснікаў.
У Беларусі гульня яшчэ афіцыйна недаступная, аднак ёсць абыходныя спосабы ўсталяваць прыкладанне, якімі многія нашы суайчыннікі ўжо скарысталіся.