2 траўня 2024, Чацвер, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турэцкія ўлады затрымалі «правую руку» прапаведніка Гюлена

2
Турэцкія ўлады затрымалі «правую руку» прапаведніка Гюлена
Фота: AFP

Падазраваны ў арганізацыі перавароту Халіс Ханджы прыехаў у Турцыю за два дні да путчу.

Улады Турцыі абвесцілі пра затрыманне «правай рукі» ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена, якога афіцыйная Анкара называе арганізатарам нядаўняй няўдалай спробы вайсковага перавароту.

Паведамляецца, што Халіс Ханджы прыехаў у Турцыю за два дні да путчу, кажа расейская служба ВВС.

Раней у суботу дзяржаўнае інфармагенцтва Анадолу абвесціла пра арышт пляменніка апазіцыйнага лідара, Мухамеда Саіта Гюлена. Ён быў затрыманы ў Эрзеруме паводле падазрэння ў дачыненні да паўстання і дастаўлены ў Анкару.

Улады Турцыі мяркуюць, што Фетхулах Гюлен, які жыве ў ЗША, турэцкі рэлігійны дзеяч і палітычны апанент прэзідэнта Эрдагана, – натхняльнік спробы вайсковага перавароту, якая адбылася ў ноч на 16 ліпеня.

75-гадовы Гюлен неаднаразова заяўляў, што не мае дачынення да путчу, і асуджаў яго ўдзельнікаў. Ён таксама адзначыў, што гатовы да экстрадыцыі на радзіму.

У ноч на 16 ліпеня група вайскоўцаў абвесціла, што бярэ кіраванне краінай у свае рукі, каб забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Да раніцы турэцкі ўрад здолеў цалкам аднавіць кантроль над сітуацыяй у краіне.

Паводле апошніх звестак, загінулі 246 чалавек, не лічачы змоўнікаў, 2185 чалавек атрымалі раненні.

Пасля гэтага дзясяткі тысячаў вайскоўцаў, паліцыянтаў, чыноўнікаў, суддзяў і выкладчыкаў былі арыштаваныя або звольненыя, у краіне ўведзенае надзвычайнае становішча.

Улады Турцыі запатрабавалі ад ЗША экстрадыцыі Гюлена, але Вашынгтон заявіў, што для выдачы будуць неабходныя доказы ягонага непасрэднага дачынення да спробы перавароту.

Масавы пераслед

У суботу стала вядома, што ўлады Турцыі зачынілі каля тысячы навучальных установаў і 1200 грамадскіх арганізацый, на іхнюю думку, звязаных з Гюленам.

Раней віцэ-прэм'ер Турцыі Нурецін Джаніклі заявіў, што арышты і звальненні каля 60 тысячаў чалавек пасля бунту – толькі «верхавіна айсберга», і паабяцаў, што рэпрэсіяў будзе яшчэ больш.

Сярод звольненых і затрыманых больш за 9 тысячаў паліцыянтаў, 3 тысячы суддзяў і 6 тысячаў вайскоўцаў, а таксама выкладчыкі і дэканы ўніверсітэтаў.

Пракурор Анкары Харун Кадалак у суботу паведаміў СМІ пра вызваленне прыкладна 1200 шарагоўцаў, арыштаваных за ўдзел у спробе перавароту. Разам з тым больш за 100 генералаў і адміралаў застаюцца пад вартай.

Тады ж стала вядома пра роспуск прэзідэнцкай гвардыі пасля затрымання 283 з дзвюх з паловай тысячаў яе байцоў і камандзіраў. Прэм'ер-міністр Біналі Ілдырым заявіў у тэлевізійным выступе, што ў далейшым існаванні элітнай брыгады няма неабходнасці.

Рэжым надзвычайнага становішча дазваляе Эрдагану прымаць указы у абыход парламента, а паліцыі – затрымліваць грамадзянаў на тэрмін да 30 сутак без прад'яўлення абвінавачванняў.

Арганізацыя Amnesty International назвала дзеянні турэцкіх уладаў, што рушылі за путчам, незбалансаванымі, яны далёка выходзяць за рамкі неабходнасці.

Эрдаган у суботнім інтэрв'ю тэлеканалу France 24 адмёў крытыку на свой адрас і абвінаваціў Еўропу ў падвойных стандартах і спапярэдлівасці што да Турцыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках